У настаўніцы менскай школы пацьвердзілі каранавірус

Пра гэта стала вядома ад бацькоў вучняў. Ва ўпраўленьні адукацыі Свабодзе пацьвердзілі гэтую інфармацыю.

Гаворка ідзе пра сярэднюю школу № 61, што на вуліцы Кірылы Тураўскага, недалёка ад станцыі мэтро «Ўсход».

Каранавірус пацьвердзілі ў настаўніцы пачатковых клясаў. Цяпер яна чуецца добра.

Кантакты першага ўзроўню выяўленыя, цяпер яны на самаізаляцыі. Пра гэта Свабодзе сказала Людміла Барысенка, начальніца ўпраўленьня адукацыі Першамайскага раёну.

— У нас таксама ёсьць інфармацыя пра выпадак захворваньня ў 61-й школе, — сказала Людміла Барысенка. — У школе праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы, як у любой сытуацыі з эпідэміялягічнай нядобранадзейнасьцю.

Начальніца ўпраўленьня адукацыі таксама паведаміла, што вучні пачатковых клясаў у 61-й школе займаюцца ў асобным блёку.

Цяпер школьнікі на вакацыях. Ці адновяцца заняткі ў 61-й школе з 13 красавіка, вырашыць Міністэрства адукацыі. У кожным разе, бацькі маюць права напісаць заяву, каб іх дзіця не наведвала школу. Людміла Барысенка адзначыла, што прапрацоўваюцца варыянты, каб увесьці аддаленае навучаньне з элемэнтамі інфармацыйных тэхналёгій.

Паводле начальніцы ўпраўленьня адукацыі, у іншых школах Першамайскага раёну Менску выпадкаў COVID-19 не было зафіксавана.

У клірыка праваслаўнай царквы ў Мінску знайшлі каранавірус, святары на самаізаляцыі