У мінскім офісе Радыё Рацыя адбыўся ператрус (фота)

З рэдакцыі канфіскавана тэхніка - два кампутары. Журналіст Радыё Рацыя Генадзь Барбарыч адпушчаны без складання пратакола. Міліцыя пакінула офіс у 23.05.

Вось што распавеў адносна гэтага выпадка Генадзь Барбарыч:

– Яны прыйшлі недзе каля 19.30. Мне здаецца, што быў звычайны абыход перад парадам 9 мая. Тут і зараз адбываецца вайсковая рэпетыцыя. Я адчыніў дзверы. Адразу не сказаў, што мы журналісты. Яны спачатку сыйшлі. А затым праз некалькі хвілінаў вярнуліся і сказалі, што хочуць агледзець памяшканне. Сказалі, што нібыта з боку суседзяў есць нейкія прэтэнзіі. Хаця гэта і няпраўда, бо ў нас тут заўжды ціха і спакойна. Яны пачалі глядзець газеты, кнігі, якія есць на офісе. Іх увагу зачапілі кнігі, якія выдала “Вясна” пра Плошчу-2010. І тады яны пачалі ўсе пільна аглядаць. І патэлефанавалі свайму кіраўніцтву з Цэнтральнага РАУС, якое неўзабаве прыехала на чале з намеснікам начальніка Анатолем Шахлаем. Іх тут было чалавек восемь-дзевяць. Вынеслі кампутары нашы – нэтбук і сістэмны блок стацыянарнага кампутара. Тады я ім сказаў, што я журналіст.

Яны неяк змянілі свае стаўленне да мяне. Таму што спачатку ставіліся досыць агрэсіўна. Пратакол на ізыманне тэхнікі складаўся. Я яго падпісаў. Сказалі, што бяруць на праверку. Тут адбыўся сапраўдны ператрус, хаця і без санкцыі пракурора. Супрацоўнік міліцыі на маю заўвагу сказаў, што, маўляў, яго цікавіць, што тут есць у нас, і гэта, маўяляў, не ператрус. Пераглядзелі ўсе паперы, нататнікі, праўда, мае асабістыя рэчы не кранулі. Частка міліцыянтаў была ў форме, пару чалавек былі ў цывільным. Я не выключаю, што былі і супрацоўнікі КДБ. На мяне асабіста ніякага пратакола не складалася. Толькі апыталі, што я рабіў у гэтым памяшканні. Яны сказалі, што гэта была выпадковасць, быў звычайны абыход.

Ператрус у мінскім офісе – гэта непрыемны падарунак да сусветнага дня свабоды прэсы – зазначыў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

– Супадзенне такое, дастакова красамоўнае. І такі вось падарунак атрымаў калектыў Радые Рацыя. Ды наогул незалежныя журналісты ў Беларусі. У мяне ўражанне, што ўсе ж такі сам агляд памяшкання быў выпадковы. Але наступныя дзеянні міліцыі, яны былі дастаткова традыцыйнымі. Я не бачу падстаў для таго, каб выносіць тэхніку, якую яны знеслі з кватэры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)