Общество

У Менску прэзэнтавалі кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Выйшла з друку кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды” пад назвай “Хто ўзарваў менскае мэтро?”, яе аўтар — карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч.

У 2011 годзе пасьля выбуху ў менскім мэтро ён шмат працаваў над асьвятленьнем тэракту і ягоных наступстваў, даваў слова пацярпелым, увосень 2011 года некалькі месяцаў як на працу хадзіў у Дом правасудзьдзя дзе Вярхоўны суд Беларусі вёў беларускі „працэс стагодзьдзя“ — паводле абвінавачваньня Дзьмітрыя Канавала і Ўладзіслава Кавалёва ва ўчыненьні тэракту.

– У загалоўку назвы кнігі стаіць пытальнік: „Хто ўзарваў менскае мэтро?“ Ці дае кніга адназначны адказ, ці сее больш сумневаў?» — спытаў на прэзэнтацыі кнігі Валер Каліноўскі, калега аўтара выданнья.

– Так, я даю гэты адказ, — адказаў Грузьдзіловіч, паведамляе Радыё Свабода. — Мой адказ: Канавалаў — вінаваты, Кавалёў — не вінаваты ў тэракце, але ён мог ведаць, але не данёс… Але таямніц засталося вельмі шмат.

Праваабаронца Алег Воўчак адзначыў: «У нас з Алегам меркаваньне разыйдзецца. У гэтым няма нічога страшнага… Я не пабачыў аб’ектыўнага расьследаваньня. Калі коратка — сьледзтва не даказала віну ані Канавалава, ані Кавалёва. Але трэба думаць пра жывых. Яны ўсе атрымалі сындром, як і мы, удзельнікі вайны ў Аўганістане. Ім патрэбная праўда».

У заклюным слове Алег Грузьдзіловіч сказаў:

– Я хацеў бы спыніцца на матыве. У матэрыялах справы ёсьць такое: для дэстабілізацыі абстаноўкі. Гэта фігуруе ў паказаньнях абодвух хлапцоў. Некалькі разоў прабіваліся праз „заслону“ і іншыя словы: на просьбу адваката судьдзя пачаў зачытваць допыт, калі Канавалаў казаў, навошта ён зрабіў. І раптам судьдзя зрабіў маленькую паўзу. А адзін з пацярпелых Саакян проста крычыць на судзе: чаму вы не зачытваеце да канца? Там жа сказана, што яны хацелі зьвергнуць уладу! Судьзя замяўся, і так да гэтага не вярнуліся. Але судьдзя нічога не зрабіў Саакяну. Бо было некалькі разоў, што некалькі людзей, які нібыта парушылі парадак, ён выдаляў. Я зрабіў выснову, што судьдзя баіцца гэтага. У яго загад можа ёсьць не раскрываць таго, што гэтыя людзі могуць быць не задаволеныя ўладай

Была таксама інфармацыя, што Канавалаў галасаваў за Мілінкевіча. І гэта замялі. Хаця гэта можна было б выкарыстаць супраць апазыцыі! Замялі таксама тое, што ў іх у падвале былі карыкатуры на Лукашэнку. Для мяне відавочны палітычны матыў гэтага тэракту.

Іншая справа, што гэтыя людзі зь нейкай іншай цывілізацыі. Магчыма, яна нарадзілася сярод нас і мы яе не заўважаем. Таму я хачу сказаць, што ва ўсёй гэтай гісторыі матыў стаўленьня да ўладаў застаецца галоўным. І будзе заставацца галоўным. Пакуль застаюцца пытаньні з уладай, такое можа паўтарыцца.

Кнігу “Хто ўзарваў менскае мэтро?” можна атрымаць, замовіўшы асобнік праз электронны ліст на Радыё Свабода.

Чытаць кнігу ў pdf-фармаце..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)