У матэрыялах Wikileaks Беларусь згадваецца як «фактычна мафійная дзяржава»

Партал Wikileaks, які на мінулых выходных пачаў выкладаць у агульны доступ на інтэрнэце дэпэшы амэрыканскіх дыпляматаў, на гэты момант выставіў ужо больш за 600 матэрыялаў, з кожнай гадзінай гэтая лічба расьце.

Паведамленьняў з амбасады ЗША ў Менску, якіх, паводле апісаньня зьместу базы дадзеных, налічваецца больш за тысячу, на партале пакуль яшчэ няма. Аднак Беларусь згадваецца ў дзясятках паведамленьняў зь іншых месцаў.

Сярод іншага пра Беларусь гаварыў пракурор Нацыянальнага суду Гішпаніі Хасэ Грында Гансалес, выступаючы 14 студзеня 2010 году са справаздачай аб захадамі Гішпаніі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

Гаворачы пра расейскую мафію, Грында зазначае, што было б недакладна называць яе «расейскай», бо ў ёй бяруць удзел і ўкраінцы, грузіны, беларусы і чачэнцы.

«Грында заявіў, што лічыць Беларусь, Чачню і Расею фактычна «мафійнымі дзяржавамі» і неўзабаве такой стане і Ўкраіна. У кожнай з гэтых краінаў, як ён сьцьвярджае, немагчыма пабачыць розьніцу паміж дзейнасьцю ўрадаў і групаў арганізаванай злачыннасьці», гаворыцца ў дэпэшы, пасланай амбасадай ЗША ў Мадрыдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)