У Магілёве трагічна загінуў тэлеаператар

Загінуў магілёўскі аператар "Белсату" Вадзім Аршынскі. Трагедыя здарылася ў чацвер 18 лютага прыблізна а 12-й гадзіне дня, калі Вадзім Аршынскі вяртаўся дамоў з чарговых здымак.

Пра гэта паведаміў магілёўскі журналіст Генадзь Суднік. Дом, у якім жыве сям’я Аршынскага, рамантуецца, таму над уваходамі ў пад’езды зробленыя адмысловыя драўляныя навесы. Акурат у той момант, калі В. Аршынскі крочыў пад навес, з даху на яго абрынулася сумесь будаўнічага друзу і зляжалага снегу.

Навес ад удару не вытрымаў і абрушыўся на журналіста. Па словах сп. Судніка, будаўнікі выклікалі "хуткую", але ўжо было позна. З бальніцы жонцы Вадзіма патэлефанавалі з яго тэлефона і паведамілі пра ягоную смерць.

Вадзіму Аршынскаму было 50 гадоў. Прафесійны аператар. Супрацоўнічаў з незалежнымі СМІ, у тым ліку з тэлеканалам "Белсат". У яго засталося двое сыноў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)