В мире
Алена Літвінава, Радыё Свабода

У Кіеве затрымалі беларусаў за беспарадкі ў судзе

Два беларускія актывісты — Алег Аўчыньнікаў і добраахвотнік Васіль Парфянкоў — затрыманыя сёньня паліцыяй за беспарадкі, учыненыя ўначы ў Сьвятошынскім раённым судзе Кіева, дзе абіралі меру стрыманьня для кіраўніка добраахвотніцкага руху «Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў» Міколы Каханіўскага.

Васіль Парфянкоў, архіўнае фота

— Напярэдадні суд мусіў ухваліць рашэньне аб затрыманьні лідэра АУН Міколы Каханіўскага. Але суд абвясьціў перапынак да сёньняшняга ранку, і каля 40 актывістаў вырашылі падтрымаць Каханіўскага, застаўшыся ў залі суду. Там прысутнічалі народныя дэпутаты Ігар Масяйчук і Ігар Луцэнка. Усё было спачатку спакойна, пакуль уначы не пачаўся штурм спэцназаўцамі з выкарыстаньнем газу і дымавых шашак, і актывісты, каб уратаваць сваё жыцьцё, разьбілі шкло і выйшлі ўва ўнутраны дворык судовага будынка, — паведаміла Свабодзе прадстаўніца Беларускага цэнтру «Сябры» Галіна Сарочык.

Паводле яе, раніцай судовае пасяджэньне мелася адбыцца ў іншай залі, але праваахоўныя органы зноў штурмавалі актывістаў.

— У выніку актывісты былі брутальна затрыманыя, у тым ліку два беларусы і трое журналістаў. Цяпер усе яны знаходзяцца ў Шаўчэнкаўскім раённым аддзяленьні паліцыі. Да іх нікога не дапускаюць, нават мэдыкаў, — дадала яна.

Паводле паліцыі група падтрымкі Каханоўскага ў судзе будавала барыкады, біла шыбы.

Мікола Каханіўскі быў затрыманы ў Кіеве 21 кастрычніка. Паводле праваахоўных органаў, ён выкарыстаў траўматычную зброю падчас канфлікту зь іншым грамадзянінам.

Супраць Васіля Парфянкова, які ёсьць сябрам добраахвотніцкага руху АУН, ва Ўкраіне вядзецца дзьве крымінальныя справы — за пагромы прадстаўніцтваў расейскіх банкаў у Кіеве, а таксама за падзеі 9 траўня, калі актывісты спрабавалі перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк». Абедзьве справы разглядаюцца цяпер у судах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)