В мире

У Кіеве адбудзецца першая НЕ-канфэрэнцыя па блёгах і новых медыях

13-14 кастрычніка ў Кіеве адбудзецца блёгерскі кэмп, прысьвечаны новым медыя. Больш за 300 блёгераў з абшараў былога СССР будуць абмяркоўваць пэрспэктывы разьвіцьця блёгасфэры ў іх краінах, уплыў яе на жыцьцё грамадзтва, стасункі блёгаў і традыцыйных медыяў ды іншыя праблемы.

 

Гэта першая канфэрэнцыя ў нашым рэгіёне, якая адбудзецца ў фармаце БлёгКэмп, вынайдзеным напрыканцы 90-х гадоў у Каліфорніі. Яна ня будзе мець вызначаную групу арганізатараў, ці ўстаноўчую раду, якая будзе прапускаць ці не прапускаць прэзэнтацыі. Яна, як уласна й блёгі, пабудавана на прынцыпах Web 2.0 — поўнае інтэрактыўнасьці.

Гэта значыць, што кожны, хто жадае, зможа далучыцца й дапамагаць з арганізацыяй. Кожны парадзіць прыехаць і зрабіць прэзэнтацыю. Кожны можа замовіць прэзэнтацыю на тую тэму, якая яму цікавая.

Для гэтага патэнцыйныя ўдзельнікі мусяць зайсьці на вэб-бачыну канфэрэнцыі ды зарэгістравацца ў разьдзеле “ўдзельнікі”, а таксама падпісацца на паштовы ліст дасылкі, па якім будзе прыходзіць інфармацыя пра неабходнасьць нешта зрабіць ці пра тое, што было зроблена.

На блёг-кэмп запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца або будзе цікавіцца блёгамі. У якой заўгодна гіпостасі — журналіст, чалавек, які піша для сяброў ці той, які зарабляе грошы з рэклямы на блёгах.

На Захадзе блёгі ўжо занялі сваё месца пастаўшчыка першаснае інфармацыі для асноўных медыя. Дзякуючы пошукавым сыстэмам па блёгах, якія прапануюць такія сыстэмы як Technorati.com або Google, няма патрэбы ведаць назоў блёгу або ўсім людзям будаваць блёгі на аднае пляцоўцы, напрыклад, на ЖЖ.

Цяпер на Захадзе, асабліва ў краінах, якія толькі зараз выходзяць на блёгінг, асабістую папулярнасьць набіраюць блёгі на асобных дамэнах, пабудаваныя як уласныя сайты. Але пры вымозе, што матэрыял на такіх рэсурсах будзе прамаркаваны належным чынам (гэта значыць, кожнаму допісу будзе прысвойтаны цэтлік, які парай слоў скажа пашукавіку, аб чым ён уласна распавядае), кожны чалавек парадзіць знайсьці яго ў Гуглу або ў Тэхнараці.

Натуральна, большасьці блёгераў бракуе й бракавала мастацтва слова. Але на тое яны й аматары — каб прафэсыйныя карэспандэнты пабралі ад іх інфармацыю й распрацавалі яе ў артыкул, напісаны ад першых рук, не марнуючыся зборам плоймы інфармацыі. У 90-х гадах на тое, каб назьбіраць фактаў пра фільм пра сістэму аховы здароўя ў ЗША, Муру спатрэбіліся б гады. Зараз ён можа сабраць базавую частку інфармацыі сам за пару месяцаў, а выпадкі ад людзей пабраць празь Сеціва. Не патрабуецца нават відэа — стае магчымасьці проста пакідаць камэнтары.

Некалькі год таму Буша-малодшага абвінавацілі ў тым, што ён звальняе судзьдзяў паводле партыйнае прыналежнасьці. Пасьля таго, як суд змусіў Белы Дом выдаць сьвету дакумэнты, што датычылі тае справы, Бушу параілі надрукаваць гэта ўсё па абедзе ў пятніцу, калі справавая актыўнасьць спадае. Разьлік быў на тое, што наўрад ці каму заманецца сядзець разьбіраць паперы на выходных (а то было 5000 старонак), а да панядзелку накал схлыне.

Але The New York Times, што сачыла за гэтае гісторыяй ад самага пачатку й чыймі намаганьнямі справа дайшла да федэральнага суду, разьмеркавала 5000 старонак сярод 200 блёгераў у сваёй суполцы, і тыя за пару гадзін прагледзелі інфармацыю, занатоўваючы ўсе падазроныя пункты. Газэта праз 3 гадзіны атрымоўвае сьціслае рэзюмэ, і ў наступным нумары выходзіць з поўным матэрыялам. Ня надта прынадным для прэзыдэнта.

Тое, што ў Беларусі дарагое Сеціва ці яго багата дзе проста няма — не падстава пераймацца. Менавіта тое, якім чынам блёгіць у такіх умовах, і будзе адной з тэмаў канфэрэнцыі.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)