Скандалы
Уладзімер Цярэнцьеў, «Радыё Свабода»

У Гомелі судзяць фэрмэра за 5 кіляграмаў сваёй рыбы

Калі быць дакладным, то фэрмэр Уладзімер Цярэнцьеў зь вёскі Баравікі Сьветлагорскага раёну злавіў з сынам 5,6 кіляграма рыбы: 11 шчупачкоў, 19 акунькоў і 11 плотачак. Злавіў не ў якім дзяржаўным рыбгасе або ў рацэ Бярэзіне, а ва ўласнай сажалцы. Было гэта яшчэ 29 лістапада.

Сьветлагорская міжраённая інспэкцыя аховы жывёльнага й расьліннага сьвету «застукала» фэрмэра на тэрыторыі ягонай жа фэрмэрскай гаспадаркі акурат за «здабычай рыбы». Інспэктары склалі акт, у якім адзначылі факт нанясеньня шкоды навакольнаму асяродзьдзю. Фэрмэр, маўляў, лавіў рыбу брадніком і сеткай, якіх няма на ўліку ў міжраённай інспэкцыі. І выраблены яны нібыта з самаробных нітак.

Апрача таго, сын фэрмэра не зьяўляецца працаўніком бацькавай фэрмэрскай гаспадаркі — значыць, браканьер.

Інспэктары падлічылі, што фэрмэр нанёс шкоды на 619 тысяч рублёў. У гэты падрахунак увайшоў і кошт рыбы — 24.340 рублёў.

Акт на спагнаньне шкоды інспэкцыя накіравала ў Гомельскі гаспадарчы суд. 10 лютага на паседжаньні суду фэрмэр Цярэнцьеў заявіў хадайніцтва на юрыдычную дапамогу адваката, і судзьдзя Вікторыя Лапута перанесла разгляд справы на 19 лютага.

«Я ня думаў, — кажа Ўладзімер Цярэнцьеў, — што справа прыме такі абарот, што мая рыба так ахоўваецца дзяржавай. Бо мяне ж хочуць пакараць яшчэ і за лоўлю рыбы безь ліцэнзіі. А гэта штраф ад 500 да 1000 базавых велічыняў. Калі маё жытло два гады таму падпаліў нейкі зламысьнік, ахоўнікі знайсьці яго ня могуць. А калі я злавіў ва ўласнай сажалцы 5 кілё рыбы, тут ужо ўсё на дыбы паставілі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)