У Гомелі прадпрымальнікам павышаюць падаткі «па іх просьбе»

У Гомельскім аблвыканкаме разгледжаны новыя стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў на 2011 год. Зроблена гэта на паседжаньні рады садзеяньня разьвіцьцю малога бізнэсу й абласной камісіі разгляду ставак адзінага падатку з удзелам намесьніка старшыні аблвыканкаму Баляслава Пірштука.

Адзін з удзельнікаў паседжаньня апавёў, што яго вельмі зьдзівілі дзьве істотныя акалічнасьці. Найперш — значнае падвышэньне падатку для прадпрымальнікаў, якія жывуць у малых гарадах і сельскай мясцовасьці, дзе й без таго пануе беспрацоўе. І яшчэ — падвышэньня падаткаў нібыта патрабуюць самі прадпрымальнікі. Пра гэта, у прыватнасьці, заяўляла прадстаўніца абласной падатковай інспэкцыі Тацяна Пырх. Але хто менавіта патрабаваў, ня згадвалася. Выглядала так, як было са савецкім часам: па просьбе працоўных.

Падтрымаў прапановы падатковай інспэкцыі павялічыць фіксаваныя стаўкі адзінага падатку й рэгіянальны прафсаюз працаўнікоў кааператываў, малых прадпрыемстваў ды іншых формаў прадпрымальніцтва «Садружнасьць».

У прыватнасьці, сэсіі аблсавету будзе прапанавана падняць у наступным годзе ў Гомелі з 195 да 235 тысяч беларускіх рублёў месячны адзіны падатак на некаторыя харчовыя тавары. Вырастуць таксама на 10 тысяч рублёў стаўкі адзінага падатку на нехарчовыя тавары і шынамантажныя паслугі, на 5 тысяч — на будаўнічыя матэрыялы.

Дасьведчаныя прадпрымальнікі кажуць, што ўсе гэтыя падвышэньні можна адразу памнажаць на чатыры. Бо калі прадпрымальнік гандлюе, напрыклад, таварам, прывезеным з Расеі, ён мусіць плаціць дзьве стаўкі адзінага падатку, а таксама двайны падатак на дадатковую вартасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)