У дэпутаты ідуць Красата і Халява

«МЫ» вывучылі спіс кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога савета. Па якой акрузе самы вялікі конкурс? Хто балатуецца з вядомых асобаў?

Безальтэрнатыўных акругаў у сталіцы няма. І на ўсяго некалькіх балатуюцца па два чалавекі. Па астатніх - выбар большы.

Самыя вялікі конкурс - на Сухараўскай акрузе №30. Тут зарэгістравана 7 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх - Алесь Лагвінец, палітолаг, дарадца лідэра руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча.

Сярод вядомых апазіцыянераў у дэпутаты ідуць таксама Уладзімір Навасяд, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Уладзімір Нісцюк, Артур Фінькевіч, Валерый Ухналёў.

З вядомых у горадзе і краіне людзей дэпутатамі Мінгарсавета могуць стаць, напрыклад, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, дырэктар ААТ "МАПІД" Іван Янчарскі, кіраўнік тэатра сатыры і гумару "Хрыстафор" Яўген Крыжаноўскі.

Балатуюцца адміністратар боўлінг-цэнтра, памочнікі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, рэдактар інтэрнет-сайта, вельмі шмат кіраўнікоў рознага ўзроўню з дзяржустаноў, некалькі пенсіянераў. Адзін з іх дастаткова вядомы - граф Аляксандр Прушынскі, які ў 1994 годзе намагаўся стаць прэзідэнтам Беларусі.

Цікавая Машэраўская выбарчая акруга №47, дзе балатуюцца сярод іншых муж і жонка Таццяна и Аляксандр Куўшынавы - яна беспартыйная, ён сябра АГП. Ёсць кандыдаты з прозвішчамі Красата і Халява, Салодкі і Чысты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)