У цэнтры Мінска знішчаць унікальныя фрэскі? (фота)

Іх аўтарства прыпісваюць славутаму мастаку пачатку ХІХ стагоддзя Яну Дамелю

У 1795 годзе гэтую сядзібу збудаваў пан Станкевіч. Наступны ўладальнік адкрыў у ёй першы ў Мінску музей. За савецкім часам тут быў ваенкамат. А зусім нядаўна сядзібу пачалі рыхтаваць да рэканструкцыі, каб адчыніць тут галерэю мастака Савіцкага.

Плошча Свабоды, 15

Гаворыць архітэктар-рэстаўратар Зміцер, які праводзіць даследаванні будынку.

Зміцер: "Збудаваў гэтую сядзібу ў канцы XVIII стагоддзя мінскі шляхціч Станкевіч. А ў пачатку ХІХ стагоддзя будынак займеў новага ўладальніка, не памятаю дакладна ягонага прозвішча, які займаўся зборам розных мастацкіх калекцыяў. І ў яго тут быў такі прыватны музей — напэўна, першы музей у Мінску…"

Цяперашні адрас помніка архітэктуры — Плошча Свабоды, 15. Калі было вырашана аднаўляць яго, першы этап — доследы архітэктараў-рэстаўратараў, каб выявіць схаваныя асаблівасці будынка. Вось тут і здарылася сенсацыя. Чатыры месяцы на аб’екце пільна працаваў вядомы беларускі мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі, які, напрыклад, займаўся самымі ўнікальнымі беларускімі фрэскамі — роспісамі Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ў Полацку, якім больш за 800 гадоў!

Спадар Ракіцкі выявіў, што значная частка сценаў будынку пакрытая жывапісам, які можна аднесці да канца ХVIII — пачатку XIX стагоддзя. Пры даследаваннях у архівах высветлілася, што жывапіс, верагодна, належыць пэндзлю славутага мастака Яна Дамеля, які жыў у 1780-1840 гадах. Уладар сядзібы вырашыў арганізаваць у ёй музей, бо меў багатыя калекцыі твораў мастацтва. І запрасіў Дамеля зрабіць адпаведныя роспісы інтэр’ераў.

Ян Дамель

Гаворыць архітэктар-рэстаўратар Зміцер.

Зміцер: "Гэта малюнкі, верагодна, пачатку ХІХ стагоддзя. І яны, магчыма, адносяцца да твораў Яна Дамеля. Гэта беларуска-польска-літоўскі мастак пачатку ХІХ стагоддзя. І ён нейкі час працаваў у Мінску, пры двары аднаго з уладальнікаў гэтага будынку"

На сённяшні дзень Дамель лічыцца класікам, адным з самых славутых мастакоў таго часу. Ягоныя карціны займаюць пачэснае месца ў музеях Літвы і Польшчы, маюцца працы і ў Беларусі. Аднак афіцыйна сценавых роспісаў Дамеля ў нас не захавалася.

Зміцер: "У нас у Беларусі ўвогуле не захавалася афіцыйна ягоных такіх твораў. Хаця ён шмат што намаляваў, шмат што аздабляў. Творы, напэўна, ёсць ва ўсім свеце, толькі не ў нас. І калі тут мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі знайшоў малюнкі, гэта, напэўна, сенсацыя ў свеце рэстаўрацыі і ў свеце мастацтва ў Беларусі!.. Такія рэчы, яны вельмі рэдка трапляюцца. Нават у Нясвіжскім замку наўрад ці было нешта падобнае".

Праблема, зрэшты, у тым, што цяпер роспісы апынуліся пад пагрозай знішчэння. Будынак будзе рэстаўраваць прадпрыемства “Мінская спадчына”, якое якраз цяпер апынулася ўцягнутай у скандал з экскаватарным руйнаваннем іншага старога будынка ў Мінску — па вуліцы Рэвалюцыйная, 24а.

У выпадку з Плошчай Свабоды, 15 ніякіх дазволаў на працы пакуль няма, але на аб’екце ўжо працуюць будаўнікі. Паводле іх слоў, “Мінская спадчына” аддала загад рыхтаваць дах да зняцця — сапраўды, будаўнікі ўжо выграблі ўсю зямлю між бэлькамі на гарышчы. А ў адным з пакояў, дзе выявілі фрэскі, столь ужо разабраная. Туды пачаў патрапляць холад — і гэта пагражае фрэскам знішчэннем. Што зараз робяць на аб’екце будаўнікі?

Зміцер: "На жаль, я не ведаю… Перад намі пастаўлена задача правесці даследаванне будынка. А тое, што робяць будаўнікі — яны нам нічога не кажуць… Такое адчуванне, што рыхтуюцца працы па зняцці даха. Але мы не ведаем, ці ёсць у іх дазвол на гэта. У нас свая праца, у іх свая. Але ў нас ёсць канкрэтнае прадпісанне праводзіць працы. А ў іх, напэўна, няма".

Ян Дамель — надзвычай цікавая асоба. Безумоўна таленавіты мастак, ён правёў колькі гадоў у Сібіры за… фальшываманецтва! Некаторы, праўда, казалі, што яго прыплялі да “справы Гезіка” выключна “за палітыку”, як актыўнага масонскага дзеяча. Тым часам, ягоныя карціны і роспісы былі ў найбагацейшых дамах таго часу.

Ныпрыклад, карціна “Святая Канстанцыя” аздабляла спачатку касцёл, а затым дамавую капліцу Нясвіжскага замка ў славутых Радзівілаў. Цяпер гэтая праца знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Карціна Дамеля “Адступленне французаў праз Вільню” — адзін з найбольшых гонараў Віленскага музею.

Пахаваны Дамель, між іншым, у крыпце Кальварыйскага касцёлу ў Мінску. Там жа некалі знаходзіліся і ягоныя карціны. Паводле некаторых звестак, пад тынкам касцёла і сёння схаваныя фрэскі Дамеля…

Ці паставіцца з належнай увагай да ўнікальнага адкрыцця Беларусь? Ці зразумеюць чыноўнікі, што на фрэсках Дамеля можна зрабіць безумоўную турыстычную “фішку” ў цэнтры Мінску?.. Тым больш, што іншых старадаўніх фрэсак у сталіцы пакуль не захавана.

Раскрытыя Уладзімірам Ракіцкім часткі фрэсак

Рэстаўратары ахайна затулілі роспісы кляёнкай і шчытамі

Так яшчэ нядаўна выглядаў адзін з пакояў, дзе знайшлі фрэскі

Цяпер будаўнікі ўжо разабралі тут столь. На заднім плане — прыкрытыя драўлянымі шчытамі фрэскі

На гарышчы захаваўся ўнікальны комін канца ХVIII стагоддзя. Калі здымуць дах, яму пагражае знішчэнне

У пана Станкевіча быў сімпатычны від з вакна

Радзівілаўская капліца ў Нясвіжскім замку. Справа — карціна Яна Дамеля

"Святая Канстанцыя", 1725 год — цяпер знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі

Ян Дамель. "Адступленне французаў праз Вільню" — адна з самых вядомых прац мастака. Знаходзіцца ў Віленскім музеі

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)