Политика

У БНФ зноў скандал

У Партыі БНФ наспявае чарговы канфлікт. Гэтым разам праблема ўзнікла паміж кіраўніцтвам БНФ і Мінскай арганізацыяй партыі.

Як паведамляе прэс-група Мінскай Рады БНФ, 4 лютага ў сядзібе БНФ меў адбыцца сход мінскіх сяброў партыі і ГА БНФ. Аднак на паведамленне старшыні МГА БНФ Віктара Івашкевіча пра сход управа сойму партыі адказала адмоваю з прычыны тэрмінова абвешчанай “перарэгістрацыі” менскага БНФ, чыя праца нібыта “фактычна спынілася”. Івашкевічу ж было паведамлена пра нейкае мерапрыемства, запланаванае ў сядзібе на час сходу.

Калі а 18.00 некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку Юры Хадыка, Аляксей Марачкін, Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка, Ружа Ганчарова, Валянціна Сьвяцкая, Андрусь Крэчка і шэраг іншых вядомых фронтаўцаў, усё ж сабраліся ля сядзібы, іх спаткалі зачыненыя дзверы з паперкай “4.02.2011 управа працуе да 15.00”.

У выніку сход быў праведзены пад адкрытым небам. Сябры абмеркавалі мэтазгоднасць фармальнага сяброўства ў партыі, “кіраўніцтва якой не толькі не выконвае праграмных мэтаў, але гвалціць Статут партыі ды ігнаруе найбуйнейшую ў краіне рэгіянальную арганізацыю БНФ”.

— Калі экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў гаворыць аб важнай ролі Фронту ў кансалідацыі дэмакратычных сілаў, а пасля гэтага зачыняе дзверы перад гэтымі ж сіламі, то ўзнікае пытанне, чым новае кіраўніцтва БНФ адрозніваецца ад дыктатара, афіцыйнай улады, — выказаў меркаванне адзін з заснавальнікаў БНФ, мастак Аляксей Марачкін —Дыктатар спрабуе ўтварыць кіруемую апазіцыю. Але ўчора мы заявілі пра іншы шлях, каб не паддацца планам афіцыйнай улады. Мы абмеркавалі, як захаваць тое, што было на пачатку, што яднала нас пры арганізацыі БНФ “Адраджэньне”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)