У беларускім грамадзтве няма ніякага «расколу» ў стаўленьні да Лукашэнкі

Кажуць, што генэралы заўсёды рыхтуюцца да прамінулай вайны. Некаторыя беларускія палітолягі і сацыёлягі займаюцца тым самым, аналізуючы ранейшую Беларусь, не заўважаючы, што краіна зьмянілася, піша Віталь Цыганкоў на Радыё Свабода.

Шмат шуму ў сацыяльных сетках нарабіла інтэрвію прафэсара Манаева. Калі коратка, то асноўныя, самыя «гучныя» і «скандальныя» тэзісы сацыёляга гучаць прыблізна так: лукашэнкаўская Беларусь нікуды не падзелася, за Лукашэнку — пенсіянэры, бюджэтнікі, жыхары вёсак і малых гарадоў.

Бюджэтнікі — гэта чыноўнікі, настаўнікі, мэдыкі, працаўнікі музэяў, акторы тэатраў, работнікі ўстановаў культуры, навукоўцы. Прафэсар Манаеў чамусьці вырашыў, што яны — электарат Лукашэнкі. Чаму?

Ніякіх сьвежых сацыялягічных дадзеных у доказ свайго тэзісу ён не прыводзіць (спасылаючыся выключна ў цэлым на ранейшыя шматгадовыя дасьледаваньні НІСЭПД) — відаць, гэта выходзіць «па ашчушчэніях».

Я ня буду гаварыць, напрыклад, за актораў беларускіх тэатраў — магчыма, яны самі раскажуць прафэсару Манаеву, ці шмат сярод іх прыхільнікаў Лукашэнкі. Але адну групу бюджэтнікаў я з асабістых прычын ведаю даволі добра — гэта мэдычныя работнікі.

Тыя самыя дактары, якія выходзілі на акцыі супраць гвалту, давалі інтэрвію, пісалі звароты, сядзелі на сутках. Пры гэтым, паводле Манаева, будучы электаратам Лукашэнкі. Такія заявы сапраўды лепш рабіць аднекуль здалёк, з Амэрыкі, бо калі б шаноўны прафэсар прыйшоў у нейкі шпіталь і паспрабаваў там пашукаць большасьць прыхільнікаў Лукашэнкі — то мог бы пачуць у свой адрас шмат непаліткарэктных выказваньняў.

Дадам ад сябе, што гэтыя радыкальныя зьмены стаўленьня да Лукашэнкі адбыліся менавіта за апошні год. Я назіраў рост гэтай палітызацыі пачынаючы ад зімы-вясны.

Назіраў, як некаторыя сяброўкі, доктаркі, усё жыцьцё дастаткова апалітычныя, цяпер штонядзелі ходзяць на маршы, як мэдсёстры сталі зь вясны чытаць тэлеграм-каналы і апазыцыйныя сайты, як санітаркі сталі шукаць у інтэрнэце інфармацыю пра зьніклых палітыкаў і палітычныя рэпрэсіі.

Усё гэта не трапляе ў «шматгадовыя дасьледаваньні» НІСЭПД, на якія спасылаецца Манаеў. Бо новых дасьледаваньняў даўно не праводзіцца, і ўсе тэзісы Манаева апісваюцца фармулёўкай «так было раней, значыць, так і застаецца цяпер», а ўсе аргументы абаронцаў такога погляду зводзяцца да тэзісу — «а чым дакажаце, што рэйтынг Лукашэнкі нізкі?»

Бліжэйшым часам павінны быць апублікаваныя вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага Chatham House, паводле якога на выбарах 9 жніўня Сьвятлана Ціханоўская набрала 52,2%, Аляксандар Лукашэнка — 20,6%. Думаю, ня будзе памылкай заявіць, што пасьля выбараў, тых зьверстваў і забойстваў, якія ўчыніла ўлада, рэйтынг Лукашэнкі толькі зьменшыўся.

Пры адсутнасьці іншых дадзеных не пабаюся ў якасьці доказу прывесьці вулічнае апытаньне, якое на пачатку верасьня зрабіў адзін малады блогер. Ён зьняў яго адным кадрам, ходзячы па вуліцах Менску і пытаючыся ў людзей: «Ці падтрымліваеце вы Лукашэнку?».

Паколькі моладзь адказвала толькі «не», то аўтар вырашыў моладзь больш не пытаць, а падыходзіць пераважна да людзей старэйшага пакаленьня. І, пачаўшы здымаць у цэнтры, на плошчы Якуба Коласа, потым пайшоў апытваць людзей у раён Трактарнага. Але вынік аказаўся прыблізна аднолькавы ва ўсіх раёнах. Усяго было апытана 127 чалавек, 13 за Лукашэнку (гэта 10 працэнтаў), 104 — супраць, 11 — ня вызначыліся.

І хто мне скажа, што гэты ролік, зьняты адным кадрам, без урэзак і спыненьняў, менш варты даверу, чым любое сацыялягічнае дасьледаваньне?

І калі я яшчэ ў чэрвені браў інтэрвію ў прафэсара Манаева, дзе ён гаварыў прыблізна тыя самыя рэчы, што і ў сваім цяперашнім інтэрвію, — то тады гэта ўспрымалася як дыскусійныя тэзісы, зь якімі можна спрачацца.

Але цяпер яны адназначна выглядаюць як цалкам адарваныя ад новай беларускай рэчаіснасьці заявы ці як спроба (зь нейкай незразумелай прычыны) сканструяваць нейкую паралельную рэальнасьць.

Па краіне 15–20 (у самым лепшым для Лукашэнкі выпадку) працэнтаў супраць 80–85 — гэта не «раскол грамадзтва». Гэта такая еднасьць, якая даволі рэдка сустракаецца ў гісторыі. Калі Рональд Рэйган выйграў свой другі тэрмін у 1984 годзе ва ўсіх штатах, акрамя аднаго, то ён набраў рэкордныя 59 працэнтаў. Калі на выбарах у Эўропе «ўпэўнена» перамагае нейкая партыя, то яна звычайна набірае 30–40 працэнтаў, рэдка больш.

Раскол грамадзтва можа быць па шмат якіх пытаньнях, умоўна — ад статусу беларускай мовы да дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемстваў ці інтэграцыі з Расеяй. Але ў сёньняшнім беларускім грамадзтве няма ніякага расколу па пытаньні стаўленьня да Лукашэнкі. Калі нейкага палітыка не ўспрымаюць 80–85 працэнтаў насельніцтва — гэта не раскол, гэта гістарычна рэкордная еднасьць.

І тыя палітолягі, як прафэсар Бабровіч, якія гадамі казалі пра «халодную грамадзянскую вайну» ў беларускім грамадзтве, проста не жадаюць прызнаць, што ў гэтым канкрэтным пытаньні (стаўленьні да Лукашэнкі) халодная ідэалягічная вайна даўно скончылася з прычыны поўнай колькаснай і маральнай перавагі аднаго з бакоў.

У Беларусі ў 2020 годзе адбылося тое, што адбывалася ў СССР у 1991 годзе. У сакавіку 1991 году (возьмем Украіну, бо ў нас свайго рэфэрэндуму за незалежнасьць не было) на рэфэрэндуме за захаваньне СССР прагаласавала 70 працэнтаў украінцаў. А ў кастрычніку таго ж году (пасьля правалу путчу і правалу спробаў падпісаць «саюзную дамову») 90 працэнтаў украінцаў прагаласавала на ўкраінскім рэфэрэндуме за незалежнасьць Украіны.

Дарэчы, прыклад радыкальных электаральных зьменаў мы маем і ў гісторыі Беларусі. Пасьля прызначэньня выбараў у 1994 годзе яшчэ ў красавіку кандыдат Лукашэнка ня быў лідэрам прэзыдэнцкай гонкі. Пералом адбыўся ў траўні-чэрвені, пасьля правалу спробаў Вячаслава Кебіча падпісаць пагадненьне аб адзінай валюце з Расеяй.

Беларусь за вясну-лета 2020-га памянялася ня менш радыкальна, але нехта гэтага ўпарта не заўважае. Нехта ўпарта трымаецца сваіх «схемаў», якія здаюцца ім унівэрсальнымі, але даўно ўжо не адпавядаюць рэаліям сёньняшняй Беларусі. Як тыя генэралы, што рыхтуюцца да мінулых войнаў.

Елисеев поспорил с Манаевым: «Нет никакой «глубинной» пролукашенковской Беларуси»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)