Общество
Настасся Роўда, Наша Ніва

«У беларусаў няма нацыянальнай дзяржавы, а ёсць нашчадак БССР»

Наша Ніва пагутарыла з удзельнікамі сёмага З'езду беларусаў свету з Амерыкі і Расіі.

«У краіне пануе тая ж самая наменклатура, што не збіраецца прасіць прабачэння за рэпрэсіі»

Алег Краўцоў на з’ездзе прадстаўляе Маскву. Нарадзіўся ён у Мазыры, аднак пазней сям’я пераехала ў Расію.

Цяпер сям’я Алега жыве ў Беларусі, а ён — фактычна на два гарады, бо ў Расіі засталася праца.

Гэты з’езд — трэці, у якім Алег бярэ ўдзел.

Алег Краўцоў

— На сёння ў беларусаў няма нацыянальнай дзяржавы, а ёсць нашчадак БССР, дзе пануе тая ж самая наменклатура, што не збіраецца прасіць прабачэння за рэпрэсіі і ўсё, што было. Якая не збіраецца адмаўляцца ад сваёй сімволікі. Якая дазваляе сабе апранаць форму НКВД на святы. У гэтым праблема.

Асноўныя пытанні, якія ставяцца на з’ездзе — захаванне суверэнітэту і слабая ідэнтычнасць. А за які суверэнітэт нам, беларусам, трэба змагацца? За той, што мае постсавецкая адміністрацыя, якая душыць нацыянальнае жыццё, не дае развівацца грамадзянскай супольнасці? Гэтую дзяржаву мы мусім бараніць? Калі так, то дзяржава сама па сабе не з’яўляецца каштоўнасцю.

Яна будзе каштоўнасцю, калі будзе адпавядаць нашым поглядам на жыццё. Сёння мы, беларусы, па сутнасці, нацыянальнай дзяржавы не маем, — кажа Алег.

А што да пытання ідэнтычнасці, то, на яго думку, прычына праблемы ў тым, што еўрапейскія нацыі фармаваліся на грунце пазітыўнай этнічнасці, а мы — негатыўнай. То бок у нармальнай сітуацыі ўсё, што звязана з культурай, мовай, гісторыяй мусіць выклікаць пазітыўныя эмоцыі і гонар. Мэта ж беларускага нацыянальнага праекта, складзенага ў Савецкім Саюзе, была ў тым, каб паступова адысці ад этнічнасцяў дзеля пабудовы камунізму, даводзіць Краўцоў. Ён мяркуе, што гэты праект дагэтуль працягвае працаваць у Беларусі.

— Маладое пакаленне беларусаў знайшло выйсце — гэта новая ідэнтычнасць, якая нараджаецца на старой беларускай. Яна грунтуецца на бел-чырвона-белым сцягу, «Пагоні», вышыванцы, моладзь ганарыцца перамогай пад Оршай і пад Грунвальдам, святкуе Купалу. Гэта зусім іншы цывілізацыйны выбар і зусім іншы цывілізацыйны код, за якім, на мой погляд, будучыня нашай тутэйшай ідэнтычнасці, — мяркуе Алег.

«Каб Беларусь была лепшай, трэба мяняць законы»

Беларуска Кацярына Фаронда жыве ў Амерыцы апошнія 14 гадоў. З’ехала, бо хацелася рызыкнуць, паспрабаваць штосьці новае, праверыць свае сілы. Тады ёй быў 21 год, усё здавалася рэальным.

Кацярына Фаронда

— Я скончыла школу з залатым медалём, ўніверсітэт — з чырвоным дыпломам. Спачатку была старастай класа, потым — старастай групы. Увесь час удзельнічала ў нейкіх грамадскіх ініцыятывах, — прыгадвае жанчына. — У ЗША ехала працаваць. Калі выходзіла замуж, у мяне ўжо была свая кампанія.

Кацярына спецыялізуецца на міжнародным гандлі і бізнэсе, але мае і некамерцыйную беларуска-амерыканскую арганізацыю. Амаль увесь час, што яна ў эміграцыі, робіць камерцыйныя і некамерцыйныя праекты з Беларуссю, дапамагае беларускім дзіцячым дамам.

На радзіме бывае калі тры, калі чатыры разы на год. Дзеці штогод прыязджаюць сюды на лета да бабуль і дзядуль. Кацярына кажа, што яны чакаюць гэтых паездак і вельмі любяць беларускую калыханку.

— У замежжы для Беларусі шмат можна зрабіць. Але калі гэта робіцца аднабакова, то нічога не атрымаецца. Гэта мой другі з’езд, чатыры гады таму я тут таксама была і пазнаёмілася з рознымі людзьмі, з якімі мы потым рабілі хоць і невялікія праекты, але тым не менш, — распавядае бізнэсоўка.

Думак вярнуцца ў Беларусь у яе няма, бо там муж, дзеці, праца. Ды і Нью-Ёрк ужо цяжка памяняць на штосьці іншае.

— Каб Беларусь была лепшай, мабыць, трэба мяняць законы, змяншаць гэтыя бюракратычныя правалокі. Цяпер усё настолькі хутка развіваецца, і калі ўскладняць гэтыя працэсы той бюракратыяй, якая ёсць у Беларусі, можна застацца ў канцы цягніка.

Хаця насамрэч у Беларусі вельмі шмат разумных таленавітых людзей. Таму калі заканадаўчыя органы будуць прымаць нармальныя законы, не будуць ціснуць, а рэальна спрыяць таму, каб людзі праяўлялі сябе, гэта дапаможа. Тады і з’язджаць беларусы не будуць, і будуць вяртацца пасля атрымання замежнай адукацыі, — мяркуе Кацярына.

«Ідуць першыя спробы дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)