Спецпроект:
15.07.2017
Яўген Фёдараў
«Ідуць першыя спробы дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам»

 Цікавыя моманты мерапрыемства, якое праходзіць раз у чатыры гады.

Адкрыццё з’езда беларусаў свету, арганізаванага ЗБС «Бацькаўшчына», выклікала цікавасць з боку грамадскасці – на мерапрыемства сабралася поўная зала мінскага адукацыйнага цэнтра імя Йоханаса Рау.

Сярод гасцей прысутнічалі вядомыя палітыкі – Станіслаў Шушкевіч, Алесь Лагвінец, Павел Севярынец ды іншыя, а таксама шэраг дзеячоў культуры – напрыклад, пісьменнікі Віктар Марціновіч і Уладзімір Арлоў.

«Салідарнасць» звяртае увагу на некалькі важных момантаў, якія адбыліся на адкрыцці з’езда.

Прысутнасць міністра – упершыню з пачатку 90-х

Звычайна прадстаўнікі беларускай улады не з’яўляліся ахвотнымі гасцямі традыцыйных з’ездаў беларусаў свету. Аднак на гэты раз прывітаць удзельнікаў форума прыехаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Як пасля заўважылі дэлегаты з’езду, гэта быў першы візіт міністра на мерапрыемства аж ад пачатку 90-х гадоў.

Прадстаўнікі ўлады на з’ездзе. Фота budzma.org

Макей у сваім выступленні на добрай беларускай мове запэўніў, што «не збіраецца пець панегірыкі і хваліць уладу», а прыйшоў, каб запрасіць беларусаў «аб’яднацца дзеля рашэння ўнутраных і знешніх выклікаў».

Прысутныя некалькі разоў нават перапынялі выступоўцу апладысментамі.

Пра жыццё беларусаў у свеце

Як заўважыла ў сваім выступе старшыня рады ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская, з дня правядзення першага з’езда беларусаў свету прайшло 24 гады. Яна нагадала, што ўпершыню беларусы з Еўропы, ЗША і Аўстраліі сустрэліся ў 1993 годзе, што стала сваеасаблівым сімвалам.

– Мы вельмі розныя: у нас розныя палітычныя погляды, розныя канфесіі, але задача ў нас адна – стварыць моцную Беларусь, – адзначыла яна.

Таксама падчас з’езду з кароткімі прамовамі выступілі прадстаўнікі розных дыяспар.

Напрыклад, сябры аб’яднання беларусаў, што жывуць у Расіі, звярнулі увагу на тое, што расійскія ўлады маюць звычку «не заўважаць» прысутнаці беларусаў. І распавялі пра інцыдэнт, які адбыўся падчас перапісу насельніцтва – калі мясцовыя ўлады не ўлічылі больш за 200 беларусаў, якія згуртавана жывуць у расійскай вёсцы Тургенеўка, назваўшы іх рускімі.

Прадстаўнікi брытанскай дыяспары, у сваю чаргу, распавялі пра цікавы досвед развіцця беларускага асяродку ў Лондане – пра спецыялізаваны траст, які стварылі на сродкі мясцовых беларусаў, каб фінансаваць нацыянальныя ініцыятывы.

З дапамогай яго, дарэчы, была пабудаваная першая беларуская драўляная царква ў Брытаніі, якую мясцовыя эксперты назвалі лепшым лонданскім будынкам 2016 года.

Макей заклікаў адмовіцца ад канфрантацыі

Цікава, што пад канец першай часткі мерапрыемства слова зноў узяў Уладзімір Макей, які яшчэ раз паабяцаў свою падтрымку нацыяныльным ініцыятывам беларусаў замежжа. А таксама пракаментаваў пачутае падчас мерапрыемства.

– Мы былі пад санкцыямі Еўрапейскага звязу, але што мы атрымалі ў плане дэмакратызацыі жыцця краіны? А сёння у нас ідуць першыя спробы дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам. Хоць можа яны не такія значныя, але яны ёсць. Шмат зроблена ў галіне эканамічнага заканадаўства, на шляху да рынкавай эканомікі. Мы павінны сёння разам думаць аб развіцці самабытнасці наша дзяржавы, яе незалежнасці. Я пачуў тут шмат цікавых ідэй, але зрабіць гэта мы здолеем толькі разам. Не палітыкай канфрантацыі, а палітыкай дыялогу, – адзначыў ён.

Таксама міністр пракаментаваў затрыманне на мяжы святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслава Логіна і паабяцаў «разабрацца». Адзначым, што інтэрв’ю дзяржаўным тэлеканалам пасля мерапрыемства чыноўнік таксама даў па-беларуску.

Нагадаем, что чарговы з’езд беларусаў свету праходзіць 15-16 ліпеня у Мінску.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.3 (оценок:13)