Общество
Тамара Савіч, «Еврорадио»

У 7-мі з 20-ці прадаўцоў «Камароўкі» ягады -- без экспертызы

Пасля таго як карэспандэнт Еўрарадыё папытаў на «Камароўцы» экспертызу ягад, прадаўцы тут жа пабеглі яе рабіць.

Раніца на "Камароўцы". Прадаўцы даўно расклаліся і гандлююць. Ягады і грыбы на любы густ і колер: чарніцы, маліны, парэчкі, лісічкі ўсіх памераў. Усё гэтае багацце павінна мець адпаведныя паперы аб якасці, якія прадаўцы мусяць прад'яўляць па першым патрабаванні пакупніка, то бок мяне.

Аднак у першага ж прадаўца, у якога я цікаўлюся экспертызай, патрэбнай паперы няма. Той кідае: “Экспертызу пайшлі рабіць, яшчэ ж рана!”.

"Ужо пайшлі рабіць экспертызу", "я дома правярала — усё чыста" — самыя папулярныя адказы ў прадаўцоў, у якіх паперы не аказваецца. Такіх атрымалася каля сямі чалавек на два дзесяткі прадаўцоў.

Дарэчы, тыя, у каго ўсё ў парадку, паказваюць паперку з гатоўнасцю і нават адразу ставяць у вядзерца з ягадамі ці грыбамі. Нагледзеўшы сімпатычнага мужчыну, што гандляваў лісічкамі, пытаюся экспертызу ў яго і чую знаёмы адказ: "Ужо пайшлі рабіць". Праз паўгадзіны вяртаюся да яго зноў.

"Не хвалюйцеся, яны чыстыя!" — спявае сваю песню прадавец, відавочна, "не заўважаючы" маё паўторнае пытанне: "Ці ёсць у вас ужо экспертыза?".

Паўлітра грыбоў каштуе чырвонец, іду купляць чарніцы. Ізноў прашу ў прадаўца экспертызу. Яе не аказваецца! Жанчына сцвярджае, што прыехала з Ляхавіцкага раёна, чарніцы чыстыя. І прапаноўвае паглядзець экспертызу... суседкі — яны прыехалі разам, і ягады, маўляў, аднолькавыя. Але тая наадрэз адмаўляецца дэманстраваць паперку. Яе аргумент: "А калі яна, гэта значыць я, пойдзе праверыць?"

Ківаю галавой:

"Я і праўда іду правяраць", — і забіраю набытак.

Жанчына ўжо і сама не рада, што прадала мне чарніцы, але нічога зрабіць не можа.

Я падхопліваю ўжо набытыя лісічкі і чарніцы і іду ў лабараторыю.

А там дзівяцца:

— Гэта ж платна! Экспертыза каштуе 8500!

Я шчыра прызнаюся, што чарніцы і лісічкі купіла ў прадаўцоў, якія мне не далі экспертызу, за што і атрымала салідны наганяй ад лабарантак:

— Навошта вы ў іх куплялі?!

Праз хвілін дзесяць у лабараторыі з'яўляецца і прадавец, у якога я купіла чарніцы, з вядром ягад. Жанчына напалохана так, што мне нават сорамна!

На праверку ўзровень забруджанасці ягад у межах нормы — не больш за 20 бекерэляў на кілаграм пры норме ўзроўню цэзія-137 у лясных ягадах не больш за 185 бекерэляў на кілаграм. Здаю ў экспертызу лісічкі і сцішваю сумленне — і ў мяне ўсё нармальна, і ў жанчыны.

Але не прайшло і чвэрці гадзіны, як у абсалютна пустую лабараторыю пачынаюць прыходзіць прадаўцы — на праверку неслі чарніцы, вішні, грыбы, агуркі, памідоры і нават салодкі перац! Мабыць, чуткі аб тым, што нехта зладзіў кантрольную закупку, імгненнем абляцелі рынак.

Паводле слоў загадчыцы лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы Камароўскага рынку Кацярыны Дубікоўскай, на паліцах сустракаюцца "брудныя" ягады і грыбы.

"З пачатку ліпеня было зарэгістравана 8 выпадкаў. Такую прадукцыю мы ўтылізуем. Некаторыя з разуменнем ставяцца, а некаторыя не зусім — гэта ж іх праца! І нельга верыць прадаўцам, якія кажуць, што пайшлі рабіць экспертызу — у нас, вы самі бачылі, няма чэргаў", — кажа Кацярына Дубікоўская.

Пасля праверкі аказваецца, што мае лісічкі чыстыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)