Филин

Кацярына Батлейка

Тышкевіч: «Ёсць кейс Пачобута, таму ў польскай партыі ёсць магчымасць адрэагаваць эканамічным ударам і заадно задаволіць патрабаванні свайго выбаршчыка»

Аналітык Ігар Тышкевіч растлумачыў Филину новыя абмежаванні Польшчы ў дачыненні да Беларусі.

Польшча пашырыла санкцыі супраць Беларусі за фінансавыя сувязі з Расіяй і парушэнне правоў чалавека. У санкцыйны спіс трапіла 365 чалавек — гэта чыноўнікі, сілавікі, супрацоўнікі дзяржаўных медыяў, адказных за палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і іншыя асобы.

Апроч гэтага, з 1 чэрвеня Польшча закрывае мяжу для руху фур з Беларусі і Расіі.

Ці адчувальныя санкцыі Польшчы для беларускіх уладаў і асобных персаналій, і як доўга можа працягнуцца забарона на ўезд у Польшчу беларускіх фур, спыталi ў аналітыка Ігара Тышкевіча.

 — Самі па сабе персанальныя санкцыі ў прынцыпе адчувальныя, пры ўмове, што чалавек мае нейкія сувязі з краінай, якая гэтыя санкцыі накладвае. І залежыць ад таго, чаго гэта тычыцца, — кажа эксперт Филину. — Гэта можа быць проста забарона на ўезд, блакаванне актываў, калі чалавек там мае рахункі, забарона на транзіт, аперацыі з нерухомасцю.

У дадзеным выпадку трэба глядзець, якія дакладна абмежаванні былі ўведзены, забарона наведвання Польшчы — гэта адназначна, пытанне, ці будзе Польшча прынамсі гэтыя імёны спрабаваць падаваць ў бан на атрыманне шэнгенскіх віз.

Калі людзі (якія патрапілі ў санкцыйны спіс — Ф.) былі так ці інакш звязаныя з Польшчай: або праз бізнес, або праз культуру ці яшчэ нейкім чынам, то гэта можа быць адчувальна.

Ігар Тышкевіч

Што тычыцца забароны на ўезд фур з Беларусі, якая ўведзена польскім бокам «да асаблівага распараджэння», Тышкевіч лічыць, што гэтае пытанне будзе вырашацца пасля парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца ў Польшчы восенню гэтага года:

— Схема вельмі простая: з аднаго боку партыя «Права і справядлівасць» мусіць нейкім чынам, апроч санкцый датычных чыноўнікаў, яшчэ больш жорстка адрэагаваць на тое, што прысуд Анджэю Пачобуту застаўся без змен. Таму што гэта партыя правага толку, у іх сярод аднаго з асноўных падмуркаў палітыкі ёсць клопат і сувязь з дыяспарай. Таму яны не могуць сабе дазволіць адмовіцца ад такога трэка, асабліва перад выбарамі.

Другая частка іх выбаршчыкаў — людзі па-за буйнымі гарадамі. І гэта частка, сярод іншых, прадпрымальнікаў. Калі мы згадаем сітуацыю, якая адбывалася пару тыдняў таму, калі ў Польшчы аўтамабільныя перавозчыкі нават перакрывалі дарогу, таму што пасля таго, як ім забаранілі ездзіць праз Беларусь, умоўна кажучы, у Казахстан і па тэрыторыі ЕС, і яны былі вымушаны перагружацца, была дыспрапорцыя, бо беларусы маглі трапляць на тэрыторыю Еўрапейскага саюза з пэўнымі катэгорыямі грузаў.

Адпаведна, частка нашых перавозчыкаў пачала выцясняць палякаў з перавозак з Польшчы далей на Захад, я ўжо не кажу пра перавозкі на Усход. Для польскіх перавозчыкаў гэта вельмі непрымальна, польскія перавозчыкі — гэта не толькі прамысловасць, але і ў тым ліку сельскагаспадарчая прадукцыя. Урад мусіў рэагаваць на гэта нейкім чынам.

Ёсць кейс Пачобута, і таму ёсць магчымасць адрэагаваць эканамічным ударам і заадно задаволіць патрабаванні свайго выбаршчыка, дадае эксперт. Такім чынам партыя PiS атрымлівае падвоены бонус: з аднаго боку, у каштоўнасна-палітычным вымярэнні, бо яны не адступіліся ад сваёй праграмы па падтрымцы дыяспары, з другога, атрымалі канкрэтную колькасць выбаршчыкаў, якія, верагодна, хутчэй за ўсё прагаласуюць за іх, таму што ім гэтае рашэнне, натуральна, спадабалася.

— Сыходзячы з гэтага, адмяняць сваё рашэнне і запускаць беларускія фуры да моманту, пакуль у Польшчы не пройдуць парламенцкіх выбары, для PiS небяспечна. Гэта азначае, што да восені гэта забарона будзе дзейнічаць, — заключае Тышкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(20)