І гэта ўжо парушае баланс структуры насельніцтва ўнутры краіны, дзе засталося больш пенсіянераў і крышку большы адсотак дзяцей.
Тышкевіч: «І хочацца выцесніць з Беларусі, і колецца, таму што калі ўсе выедуць, то есці не будзе чаго»
Аналітык знайшоў сувязь паміж шэрагам дакументаў беларускіх уладаў, прынятых апошнім часам.
— Не сакрэт, што людзі зараз сапраўды спрабуюць актыўна «валіць» з Беларусі, — каментуе аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч новыя правілы дазволу на выезд на пастаяннае пражыванне за мяжой на сваім канале. — Сумарна з'ехала вельмі вялікая колькасць.
І ў масе сваёй гэта людзі працаздольнага веку, людзі, якія генеруюць дададзеную вартасць.
З аднаго боку, матывацыя Лукашэнкі і яго атачэння вядомая: зʼехалі тыя, хто свядома пасля 2020 года не падтрымлівае стыль яго кіравання.
Гарадскому сярэдняму класу мала захоздіць казка пра «Савецкую Беларусію», у якой усё было добра і каўбаса каштавала 2.20. І вайна, мякка кажучы, не ўсім падабаецца.
Таму людзі зʼязджаюць і аслабляецца электаральны ціск на ўладу. Але з іншага боку, зʼехала і значная частка людзей, якія сваёй працай прыносілі грошы, на падаткі з якіх існуюць тыя, хто кажа пра «беглых» і «любовь к родине».
Тым не менш, аналітык не пагаджаецца з меркаваннем, што на прыняцце дадзенай пастановы ўплывае палітычная міграцыя.
— Калі звярнуць увагу на структуру насельніцтва за 2021 год (за наступны афіцыйныя органы дадзеныя ўжо даваць пабаяліся), то можна ўбачыць, што зусім не шмат засталося прадстаўнікоў пакалення ўзросту 20 і менш. Гэта праблема, якая прымусіла Лукашэнку заняцца вышэйшай школай.
Калі мала дзяцей і абітурыентаў, гэта выклік для сістэмы вышэйшай адукацыі. Яна дэградуе. А калі яна дэградуе на працягу некалькіх пакаленняў студэнтаў, дэградуе цалкам універсітэт.
Змяншаецца інтэнсіўнасць навуковай працы ва ўніверсітэтах, пасля ідзе дэградацыя навукі. Затым натуральная дэградацыя эканомікі. Плюс праблема з маладымі спецыялістамі.
А тут яшчэ «Рассупрацоўніцтва», карыстаючыся слабасцю беларускай улады, пачынае адсеў таленавітай беларускай моладзі ў выглядзе тэматычных конкурсаў яшчэ са старэйшых класаў.
І ў апошнія гады з моладдзю атрымліваецца такая рэч: кагосьці Расія высмоктвае, шмат хто абірае больш адкрытую еўрапейскую адукацыю.
Застаюцца тыя, хто не можа па фінансавых магчымасцях выехаць, альбо тыя, каго не ўзялі. Але агульная колькасць змяншаецца.
І вось мы маем ужо цэлую серыю праўладных рашэнняў, куды можна аднесці і тую ж адпрацоўку для платнікаў, і гісторыю з абменам пашпартоў за мяжой, і гэтак далей. Увесь гэты комплекс, які стварае максімальна некамфортныя ўмовы для тых, хто думае зʼехаць.
І падштурхоўвае тых, хто выехаў, маўляў, хлопцы-дзяўчаты, трэба вяртацца. І гэта не пра палітычны пераслед. Той, хто займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, у любым выпадку купляе білет у адзін канец.
А калі чалавек едзе з эканамічных меркаванняў, то для яго прыняцце такіх пастановаў можа быць праблемай.
Паўтару, з аднаго боку, уладзе хочацца выцесніць з Беларусі ўсе патэнцыйна небяспечныя для сябе сацыяльныя групы, а з другога боку, «колецца», таму што калі ўсе гэтыя групы выедуць, то есці не будзе чаго.
Але змагацца з сітуацыяй Лукашэнка спрабуе па стандартных саўковых механізмах — забараняць ды абмяжоўваць. Пры гэтым уводзіць рэальную забарону пакуль рука не падымаецца.
І ўсё ж яго не можа не палохаць перспектыва. Калі рана ці позна скончыцца вайна ва Украіне, гэта зможа больш шырока адчыніць «заходнія дзверы». Таму на падстрахоўку прымаюць такія дакументы, — робіць выснову аналітык.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное