Филин

Юлія Кот

Тышкевіч: «Ад самага пачатку вываду ПВК «Вагнер» з Расеі было зразумела, што лагер у Беларусі часовы»

Аналітык — пра ўяўную пагрозу. I куды знікаюць вагнераўцы з Беларусі.

У лагеры пад Асіповічамі, дзе размяшчаліся найміты ПВК Вагнера, станам на 18 верасня прыбралі ўсе намёты, паведамілі некаторыя СМІ са спасылкай на свежыя спадарожнікавыя здымкі. Аднак «Беларускі Гаюн» зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. А ва ўкраінскім Цэнтры нацыянальнага супраціву мяркуюць, што агулам у Беларусі засталося менш як тысяча вагнераўцаў.

Каля 200 чалавек, паведамляе Цэнтр, засталіся інструктарамі ў спецыяльных падраздзяленнях МУС і Мінабароны РБ, астатнія — гэта тыя, каго не хоча браць да сябе ні Мінабароны РФ, ні новаствораная расейская ПВК альбо беларуская «ГардСэрвіс».

Можна лічыць, што пагроза дыверсій і правакацый ля мяжы, пра якую казалі суседнія краіны, знікла — ці расслабляцца рана, і тыя ж найміты застануцца ў Беларусі пад шыльдай новай ПВК?

— Пагроза для каго? — задае сустрэчнае пытанне аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. — Для суседніх краін? Яе не было. То бок, не можа знікнуць тое, чаго не было.

Тое, што суседнія краіны выкарысталі фактар прысутнасці ПВК Вагнера ў Беларусі ў сваёй унутрыпалітычнай барацьбе, не азначае, што для іх насамрэч існавала небяспека, падкрэслівае аналітык у каментары Филину.

— Зрабіць правакацыі праз маштабаванне канфлікту сіламі ПВК у Еўропе — на гэта не рызыкнулі б пайсці ні Лукашэнка, ні Пуцін.

З пункту гледжання самой наяўнасці гэткай прыватнай арміі, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі і не была падкантрольная фактычна нікому — так, гэта сітуацыя не непасрэднай, але патэнцыйнай пагрозы.

Іншая справа, што ад самага пачатку вываду наймітаў гэтай ПВК з Расеі было зразумела, што лагер у Беларусі будзе часовы, перавалачны. Каб гэта зразумець, дастаткова задаць сабе пытанне: ці камфортна жыць узімку, у беларускай зіме альбо ўвосень у намёце.

Калі вы заўважылі, побач з намётавым лагерам былі казармы, закінутыя жытловыя будынкі — і варта было ўсяго толькі прыгледзецца, ці ідзе рэканструкцыя там.

Бо лагічна жыць настала у нечым больш-менш капітальным — і абсалютна нелагічна, калі ёсць казарма з падведзенымі камунікацыямі, разбіць побач намёты і сядзець у іх некалькі месяцаў, год, паўтара.

Таму вагнераўцы ў Беларусі, падкрэслівае Ігар Тышкевіч — гэта, хутчэй, была паказальная акцыя, інфармацыйная спецаперацыя, але не рэальная пагроза.

А пасля смерці Прыгожына перад беларускімі ўладамі, натуральна, паўстала пытанне: што рабіць з асабовым складам «Вагнера».

— Частка, безумоўна, будзе наймацца ў тыя структуры, якія застаюцца ў складзе былой групы Прыгожына — умоўна, у «старой ПВК», — зазначае аналітык. — Але трэба памятаць, каго Прыгожын прывозіў у Беларусь. Калі браць усіх байцоў, то гаворка пра тры асноўныя катэгорыі.

Першая — ядро ПВК, якія незалежна ад наяўнасці місій атрымлівалі пэўныя грошы, былі на заробку. Іх не так шмат, і большасць з іх нават у вайне ва Украіне не ўдзельнічалі, а былі ў Афрыцы, якая з пункту гледжання бізнесу была і застаецца ключавым рынкам для імперыі Прыгожына.

Другая — «ветэраны», дасведчаныя байцы, хто ўдзельнічаў у некалькіх місіях ПВК Вагнера, але не меў сталага кантракту і не патрапіў у ядро. Гэтыя былі на вайне ва Украіне на камандных пасадах: камандзір роты, батальёну і вышэй.

І трэцяя — так званае «мяса», тыя, каго набіралі менавіта для вайны ва Украіне.

Калі браць «марш Прыгожына на Маскву», у ім прымала ўдзел ад 5 да 7 тысяч чалавек, і гэта азначае, што такой колькасці байцоў магло, тэарэтычна, нешта пагражаць у Расеі. Таму ад пачатку размовы пра 10 ці 15 тысяч — гэта была фантастыка альбо вынік разгуляўшайся хворай уявы.

Рэальна ж з тых, хто прыбыў у Беларусь, для Прыгожына было крытычна выцягнуць толькі «ядро» і частку ветэранаў, гаворыць аналітык — найбольш дасведчаны чалавечаны капітал для ягонай імперыі — не толькі ПВК, але і іншых бізнесаў. А вось тое «мяса», што прыбыло разам з імі, збольшага ўжо вярнулася назад у РФ.

Ацэньваючы цяперашні расклад і чаканую пасля заяваў пра смерць Прыгожына рэарганізацыю ПВК Вагнера, Ігар Тышкевіч мяркуе, што для беларускага правіцеля каштоўным рэсурсам можа быць частка «ядра» альбо «ветэранаў» — тыя вопытныя байцы, каму няма куды вяртацца ў Расею.

— Ім, хутчэй за ўсё, дадуць беларускае грамадзянства і акуратна, па некалькі чалавек, інтэгруюць у розныя беларускія сілавыя структуры. Такое ўжо было — хачу нагадаць пра ўкраінскіх «беркутаўцаў», шмат хто з іх прыехаў у Беларусь і служыць у беларускім МУС. Але казаць пра канкрэтную колькасць — 200, 300 чалавек — я пакуль што не стаў бы.

Нейкае падабенства лагера для далейшага перакідвання наймітаў, транзітнай інфраструктуры застанецца ў Беларусі, лічыць аналітык. І цалкам верагодна, што частка былых вагнераўцаў будзе і далей прыязджаць у Беларусь вахтавым метадам, каб далей ехаць у Афрыку па расейскіх кантрактах.

— Не выключаю, што частку байцоў Беларусь паспрабуе таксама наняць — для сілавога прыкрыцця, але ўжо беларускіх кантрактаў, у Афрыцы. Тым больш, што за пошнія пару месяцаў беларускі бок актывізаваўся на гэтым кантыненце, прапануючы і сваю тэхніку, імаверна наўзамен на ўваходжанне ў рудны бізнес, разведку карысных выкапняў.

Ну, а трэцюю частку — «мяса» — будуць выціскаць з Беларусі, бо яна нікому не патрэбная. І зробяць гэта па вельмі простай схеме: калі няма працы, перасталі падвозіць сухі паёк ці карміць бясплатна — ты вымушаны з’ехаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(12)