Лица

«Тузін. Перазагрузка»: прэзентацыя пачынаецца

Прэзэнтацыя сумеснага праекту інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадзкай кампаніі “Будзьма беларусамі” адбудзецца на радыё і ў інтэрнэце ў апошнія жнівеньскія дні. Усе 12 песень пабачаць сьвет і на CD-складанцы. Арганізатары праекту заяўляюць, што яго вынікі пераўзыйшлі ўсе чаканьні, а шэраг выканаўцаў маюць намер і надалей працягнуць моўны экспэрымэнт.

«Тузін. Перазагрузка»: прэзентацыя пачынаецца

Чатыры месяцы дванаццаць самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў працавалі разам зь беларускімі літаратарамі над новым гучаньнем сваіх вядомых песень. У выніку выйшла 12 абсалютна новых гітоў, перазапісаных на беларускай мове.

Для большасьці ўдзельнікаў праекту — гэта быў першы падобны досьвед працы, які натхніў іх на далейшую беларускамоўную творчасьць. Так, гурт Da Vinci адразу пасьля запісу сваёй песьні “Каханьне ня ўзьнікла” працягнуў супрацоўніцтва з паэтам Алесем Камоцкім і працуе ўжо над другім беларускамоўным трэкам. Праўда, ня ўсе выканаўцы “перазагрузіліся” з такой лёгкасьцю. Гурт “Сердце дурака” не прыняў пераклад сваёй песьні “Пропасть”, але затое напісаў першую ўласную кампазыцыю па-беларуску якраз на тэму дзьвюхмоўя ў Беларусі. А Юры Дземідовіч пры запісе сваёй песьні не наважыўся засьпяваць пра “чароўнага трусіка”, пакінуўшы ў прыпеве слова “кролік”. “Зусім не ляжыць у мяне душа да гэтага “трусіка”, не звыкся я да гэтага слова”, — патлумачыў 13-гадовы сьпявак.  

Арганізатары праекту засталіся цалкам задаволенымі яго вынікамі. “Праект нават пераўзыйшоў нашы чаканьні, — кажа рэдактар парталу “Тузін Гітоў” Сяргей Будкін. — Выканаўцы настолькі па-творчаму падыйшлі да справы, што стварылі ня проста беларускія вэрсіі сваіх старых песень, а абсалютна новыя непаўторныя ды арыгінальныя творы”.

— Адбылося галоўнае — расейскамоўныя творцы пагрузіліся ў беларускі сьвет, а гэта сьведчыць пра безумоўную пэрспектыўнасьць нашай культуры, — зазначыла каардынатар кампаніі “Будзьма” Алена Макоўская.

Прэзэнтацыя праекту “Тузін. Перазагрузка” адбудзецца на радыё Рацыя (98,1 FM у Беластоку і Заходняй Беларусі, он-лайн www.racyja.com) у цыкле праграмаў ад 24 жніўня ў 10.45 і 18.45.

Песьні з праекту прагучаць і на радыё Unistar (99,5 FM у Менску, 102,3 FM у Берасьце) у межах праграмы “Новая зямля” (шточацьвер а 23-ай гадзіне).

Прэм’ера песень у сеціве — ад 31 жніўня штодня на старонках парталаў //music.fromby.net і //www.budzma.org/

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)