Общество

Ігар Мельнікаў, Новы час

Турма «Амерыканка» вачыма польскага шпіёна

Падчас працы ў польскіх архівах я знайшоў шэраг дакументаў, звязаных з затрыманнем у 1920–1930-я гады на мяжы з БССР польскіх вайскоўцаў, памежнікаў і выведнікаў. Гэтых людзей звычайна чакаў цяжкі лёс і перспектыва знікнуць у Курапатах ці ГУЛАГу. Аднак бывалі і гісторыі, якія заканчваліся не так трагічна.

Людвіг Шміт

У траўні 1929 года на стыку стражніц польскага Корпуса аховы памежжа (КАП) «Дзісна» і «Чарапы» да савецкіх памежнікаў трапіў старшы сяржант 5-га батальёна КАП Людвіг Шміт (нарадзіўся ў 1898 годзе ў Кракаве). Яго паланілі падчас спробы перакідання польскага агента на савецкі бок.

Бачачы, што сітуацыя «пахне газай» Людвіг Шміт... пагадзіўся на супрацу з савецкай выведкай! «Я пагадзіўся на савецкую прапанову таму, што спадзяваўся, што мяне хутчэй «абмяняюць» і вернуць у Польшчу», — прызнаваўся на допыце польскім контрвыведнікам памежнік ужо пасля таго, як вярнуўся ў Польшчу ў 1932 годзе.

У сталіцы БССР падафіцэра КАП размясцілі ў камеры №5 унутранай турмы ДПУ «Амерыканка».

«Падчас майго знаходжання ў Мінску я заўважыў, што вязні, якіх арыштавалі па шпіёнскіх і контррэвалюцыйных справах, у асноўным, сядзяць у адзіночных камерах. У агульных камерах на першым паверсе сядзелі «кулакі», польскія дэзерціры і так званыя «нэпманы».

З «адзіночак» не выводзілі на шпацыр. Гуляць ходзяць толькі вязні з агульных камер. Шпацыр працягваецца 30 хвілін на дзень.

Крымінальныя злачынцы ў «Амерыканцы» не сядзяць. Наглядчыкі не размаўляюць з вязнямі. Амаль кожны другі дзень у камеры робяць ператрус. Грошы, паперу і алоўкі трымаць у камерах забаронена.

Гэтыя рэчы можна мець толькі тады, калі ёсць дазвол следчага. Металёвыя гузікі, гаплікі ад штаноў і падвязкі адбіраюць, каштоўныя рэчы захоўваць не дазваляюць. Кожны вечар адбываецца «паверка», у прыбіральню пускаюць два разы на дзень. Ежу наглядчыкі падаюць праз акенца ў дзвярах. Допыты адбываюцца ў асноўным уначы.

У «Амерыканцы» сядзяць тыя, каму пагражае смяротнае пакаранне. Напрыклад, у лютым 1930 года ў адну ноч на расстрэл павезлі 45 кулакоў. На расстрэл забіраюць ноччу. Тым, каго выводзяць на расстрэл, звязваюць рукі.

 Бяруць звычайна па 6 чалавек. Часта робяць так: забіраюць на расстрэл таго, хто маўчыць на допытах, і прымушаюць глядзець на расстрэл, а потым пачынаюць яго дапытваць.

Акрамя гэтага, для тых, хто маўчыць на допытах у «Амерыканцы», ёсць два карцары: адзін унізе, у прыбіральні. Я бачыў аднаго чалавека, які сядзеў там некалькі тыдняў, у кале па калена. Ён страціў зрок. Гэты чалавек раней некалькі разоў перакідваўся ў Польшчу і вяртаўся назад.

Працяг артыкула чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(8)