«Турэмныя сітуацыі вырабляюць толькі рэвалюцыянераў»

У Менску прэзэнтавалі кнігу, якая дапаможа вязьням выжыць у турме. На думку пісьменьніцы Святланы Алексіевіч, сёньня турэмная літаратура працуе на ідэю вызваленьня, і ўлада робіць для гэтага больш, чым апазыцыя.

Кніга прафесара Юрыя Бандажэўскага прэзентавалася 25 красавіка на Ўправе БНФ.

Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.

У інтэрвію “Радыё Свабода”, прысвечанага турэмнай літаратуры, пісьменьніца Святлана Алексіевіч адзначыла:

«Улада шкодзіць сама сабе, таму што калі б яна была больш разумнай, яна б не стварала ні турэмную літаратуру, ні турэмную сытуацыю, паколькі турэмныя сытуацыі ствараюць толькі рэвалюцыйныя сытуацыі, вырабляюць толькі рэвалюцыянэраў. Я ня ведаю нікога з маладых людзей, хто б ня выйшаў у Беларусі з турмы без рэвалюцыйных ідэй, без рэвалюцыйных настрояў, нават калі яны пасядзелі ў Акрэсьціна 15 сутак».

Былы зьняволены Сяргей Скрабец лічыць, што кнігу Бандажэўскага можна параіць шмат якім нашым чыноўнікам, бо ім жа кожны тыдзень кажуць, што яны за краты сядуць: «У нашай краіне — гэта адназначна будзе бэстсэлер».

Праца над кнігай пачалася яшчэ ў турме. Прафэсар Бандажэўскі расказвае, як сам змагаўся з набытымі ў няволі хваробамі, пра найбольш распаўсюджаныя захворваньні вязьняў і пра самалячэньне, пра турэмную «народную мэдыцыну» і фізычную загартоўку за кратамі, пра ролю, якую ў падтрымцы энэргетычнага мэтабалізму адыгрываюць прыход да веры, штодзённая актыўная разумовая дзейнасьць і маральная дапамога вязьню звонку. Як навуковец-радыёляг аўтар спыняецца на ўплыве чарнобыльскага фактару на здароўе зьняволеных.

Аўтар кнігі Юры Бандажэўскі ўзяў удзел у прэзентацыі праз скайп.

— Калі чалавек трапляе ў зону пазбаўленьня волі, пакутуе ня толькі ён, але і ягоныя блізкія. Шмат у якіх прысутных тут жонак і мацярок іхныя сваякі маюць вялікія тэрміны зьняволеньня. Яны кожны дзень спрабуюць захаваць здароўе. Я ня маю вялікіх ілюзій наконт таго, што мая кніга можа вырашыць усе праблемы. Але яна будзе карысная як прыклад супраціву сытуацыі, у якой знаходзіцца чалавек. Я яе зьбіраў па кавалках якраз у тых турэмных умовах, калі ўжо пачаў „развальвацца“. Некаторыя спосабы, якія нават далёкія ад традыцыйнай мэдыцыны, дазволілі мне выжыць. Я хачу, каб гэтая кніга была маральнай апорай тым, хто пакутуе ў месцах пазбаўленьня волі. Я хачу, каб яны паверылі, што яны абавязкова выйдуць, што ўсё ў жыцьці яшчэ будзе. Я хачу менавіта гэтага. З гэтай мэтай кніга і была напісаная — як досьвед зьняволенага, мэдыка і проста чалавека, які не пагадзіўся з сытуацыяй, у якую ён трапіў.

Валер Каліноўскі распавёў, як у 2004 годзе стаў першым журналістам, які ўзяў інтэрвію ў Юрыя Бандажэўскага ў калёніі-пасяленьні ў вёсцы Гезгалы. «Бачу, ідзе чалавек з выгляду як майстар ці брыгадзір. Ня скажаш, што гэта вязень. Прыйшоў нейкі начальнік у «сьпяцоўцы». А гэта быў Бандажэўскі. Мяне ўразіла ягоная добрая фізычная форма. Ён пахваліўся, што ягоныя біцэпсы — 46 сантыметраў. І расказаў падрабязнасьці — колькі разоў у яго былі апэрацыі, як няправільна турэмныя лекары ставілі дыягназы, што стан быў такі складаны, што даводзілася трымацца за сьценку. А потым ён узяўся сам за сваё здароўе».

На прэзэнтацыі кіраўнік ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч абвясціў, што беларускі ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода засноўваюць прэмію імя Францішка Аляхновіча — за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Вынікі будуць абвешчаны 10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Твор-пераможца прагучыць на Радыё Свабода. Творы можна дасылаць да 1 сьнежня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)