Тры месяцы з каранавірусам. 10 фактаў пра COVID-19 у Беларусі
Першы выпадак каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 быў зафіксаваны ў Беларусі тры месяцы таму: 28 лютага стала вядома, што хваробу выявілі ў студэнта БНТУ з Ірану. Ён ужо паправіўся і нават ажаніўся. Але вірус працягвае пашырацца і ў Беларусі, і ў астатнім сьвеце, піша Радыё Свабода.
Ілюстрацыйнае фота
Вакцынаў і лекаў няма
Гэты каранавірус SARS-CoV-2 называюць новым, бо чалавецтва зь ім яшчэ не сутыкалася і таму людзі ня маюць імунітэту. На момант публікацыі навукоўцы не змаглі стварыць вакцыны, хоць на яе пошукі выдаткоўваюцца немалыя грошы.
Лекаў з пацьверджанай эфэктыўнасьцю таксама яшчэ няма. Ёсьць толькі тэставыя лекі. Некаторыя ўжываюць і ў Беларусі. Але калі адны тэставыя лекі, як лічыцца папярэдне, дэманструюць эфэктыўнасьць, іншыя могуць толькі пагоршыць стан хворых.
Пакуль засьцерагчыся ад каранавірусу можна толькі з дапамогай гігіенічных захадаў і сацыяльнага дыстанцыяваньня: варта абмежаваць кантакты зь людзьмі, трымацца далей ад тых, хто кашляе, насіць маскі ў грамадзкіх месцах, мыць рукі з мылам і гэтак далей.
Некаторыя краіны ўжо перамаглі або амаль перамаглі каранавірус. Але не Беларусь
Ад пачатку эпідэміі ў сьвеце выявілі амаль 5,8 мільёна выпадкаў COVID-19. Зь іх амаль 357 тысяч скончыліся сьмерцю пацыентаў, выпісалі здаровымі 2,5 мільёна чалавек, яшчэ амаль тры мільёны застаюцца хворымі.
Асобныя краіны змаглі з дапамогай жорсткіх абмежавальных захадаў, аж да татальнага карантыну, зьменшыць колькасьць хворых амаль да нуля. Кітай, зь якога пачалася эпідэмія, цяпер паведамляе пра менш як сотню «актыўных выпадкаў»; новых інфікаваных таксама амаль не выяўляюць у Паўднёвай Карэі або Швайцарыі, не засталося хворых у Чарнагорыі, толькі тры чалавекі яшчэ хварэюць у Ісьляндыі. Краіны, якія перамаглі каранавірус, паступова здымаюць карантынныя абмежаваньні, але ня ўсе адразу.
У Беларусі ж, нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі аб «выхадзе на плято», колькасьць хворых працягвае няспынна расьці.
Беларусь ня ўводзіла амаль ніякіх карантынных захадаў
Ад пачатку эпідэміі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка называў вірус «псыхозам» і «інфадэміяй». У адрозьненьне ад большасьці краінаў сьвету, у Беларусі не было цэнтралізаванай адмены заняткаў ва ўнівэрсытэтах, не закрываліся школы (толькі вакацыі падоўжылі на два тыдні), не забаранялі масавых сходаў, не закрывалі неістотных вытворчасьцяў.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі сьцьвярджае, што спадзяецца на тэставаньне і выяўленьне тых, хто кантактаваў з хворымі. У Беларусі, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, праводзяць больш тэстаў на душу насельніцтва, чым у ЗША ці Нямеччыне, але ў гэтым Беларусь усё адно толькі на 33-м месцы ў сьвеце.
Статыстыка каранавірусу ў Беларусі мае шмат анамаліяў
Ужо цэлы месяц Міністэрства аховы здароўя кожны дзень паведамляе прыблізна адну і тую ж статыстыку: за дзень выявілі дзевяць сотняў новых выпадкаў COVID-19, памерлі яшчэ 4–5 чалавек. Роскід значэньняў у гэтай статыстыцы самы малы ў сьвеце. Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Статыстыку пашырэньня вірусу ў абласьцях не публікавалі больш за месяц, пра асобныя раёны Беларусі не публікавалі ні разу.
Таксама ў Беларусі даволі нізкая колькасьць прызнаных сьмерцяў ад COVID-19 — нягледзячы на адсутнасьць жорсткага карантыну. На душу насельніцтва — амаль столькі ж, колькі ў Літве, і менш, чым у Польшчы, Чэхіі, Ізраілі, Нарвэгіі, Нямеччыне, Эстоніі і яшчэ шасьці дзясятках краінаў, шмат зь якіх маюць высокаразьвітую сыстэму аховы здароўя і жорсткія карантыны. Пры тым сьмяротнасьць сярод мэдыкаў у Беларусі надзвычай высокая.
Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы сьцьвярджаецца, што ўсе памерлыя былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй, але шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так. Аднойчы на вэбінары мэдыкаў паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ад COVID-19 у Менску памерла больш, чым прызналі па ўсёй краіне, але міністэрства стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі». На пытаньні незалежных СМІ міністэрства не адказвае больш за месяц.
Эпідэміялягічны прагноз уладаў Беларусі не пацьвярджаецца
31 сакавіка, калі ў Беларусі зафіксавалі 152 інфікаваных і прызналі толькі адну сьмерць хворага на COVID-19, Лукашэнка заявіў, што «мы цяпер на піку». З таго часу афіцыйная колькасьць інфікаваных вырасла ў 260 разоў. 9 красавіка міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік казаў, што на пік захворваньня на каранавірус Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці на пачатку траўня, але ўвесь травень колькасьць хворых пастаянна расла. Пасьля пік эпідэміі прагназавалі на сярэдзіну траўня.
Затым Лукашэнка прадказаў «канец эпідэміі» ў пачатку чэрвеня, урэшце «перанёс» перамогу над каранавірусам на другую дэкаду чэрвеня. На падставе чаго рабіліся такія прагнозы, ён не казаў.
Трактары і козачкі — «лекі Лукашэнкі ад каранавірусу»
Лукашэнка ня раз даваў сумнеўныя рэкамэндацыі наконт COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым. Ён таксама неаднаразова разважаў, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».
Пра ягоныя рэкамэндацыі ўжо сьпявалі. Але, каб ён сам быў відэаблогерам, на Youtube яго б заблякавалі. Лукашэнка не карыстаецца маскамі і рэсьпіратарамі па публіцы, не здае тэсты на каранавірус (як сьцьвярджае ягоная прэс-служба), а таксама працягвае паездкі ў розныя рэгіёны краіны і цісьне рукі шматлікім людзям.
Што Беларусі рэкамэндуе Сусьветная арганізацыя здароўя
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) на запрашэньне Лукашэнкі ладзіла адмысловую місію ў Беларусь 8–11 красавіка. Па выніках беларускім уладам далі рэкамэндацыі, якіх яны дагэтуль не прытрымліваюцца.
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей.
Парад падчас пандэміі правялі насуперак закліку Сусьветнай арганізацыі здароўя
Лукашэнка не скасаваў вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. За скасаваньне параду беларусы сабралі звыш 7 тысяч подпісаў.
Яшчэ сто гадоў таму, падчас эпідэміі «гішпанкі» ў ЗША, стала зразумела, што на парадах вірусы актыўна распаўсюджваюцца. Ды пасьля менскага параду ў Беларусі (прынамсі ў афіцыйнай статыстыцы) не назіралася піку захворваньняў і сьмерцяў — лічбы такая, нібы параду не было.
Прэзыдэнцкія выбары пачаліся ва ўмовах пандэміі
Нягледзячы на эпідэмію, у Беларусі прэзыдэнцкія выбары ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі. Цяпер адбываецца этап збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў, ёсьць 14 прэтэндэнтаў на рэгістрацыю. З антывірусных захадаў — хіба абавязак зьбіральнікаў подпісаў насіць маскі і пальчаткі.
Пры тым у шэрагу краінаў выбары пераносяць на пазьнейшыя тэрміны або ладзяць з дапамогай пошты. Так, у суседняй Польшчы выбары перанесьлі за чатыры дні да галасаваньня і зрабілі іх завочнымі, праз пошту, зьбіраюцца прызначыць іх на 28 чэрвеня ці пазьнейшую дату.
Беларускія мэдыкі не задаволены надбаўкамі і ўмовамі працы
Беларускія лекары ня раз заяўлялі, што ім бракуе сродкаў засьцярогі. На маскі і рэсьпіратары, халаты, антысэптыкі і нават харчаваньне мэдыкаў зьбіраюць грошы дабрачынныя ініцыятывы, напрыклад часопіс «Имена» і кампанія ByCovid19.
Сетка рэстарацыяў «МакДональдс» прапаноўвала беларускім мэдыкам бясплатныя абеды, але начальства забараніла брыгадам хуткай дапамогі заяжджаць у рэстарацыі ў працоўны час пад пагрозай суду за карупцыю — тады «МакДональдс» узяўся дастаўляць ежу проста на працу лекарам.
Мэдыкі ў Бабруйску і Горадні пісалі звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта аб тым, што ім не выплочваюць абяцаных надбавак. У Бабруйску мэдыкі не далі БТ зьняць «прыгожы» сюжэт пра даплаты. Лукашэнка прыгразіў аўтарам Telegram-каналаў, якія «чапляюць уладу за што папала» і «разьдзімаюць там скандал зь нявыплатай».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное