Общество
Аліна Таранік

«Трэба, пэўна, быць нейкім экстрымалам, каб пісаць па-беларуску» (фота)

Камітэт літэратурнай прэміі імя польскага палітыка і публіцыста Ежы Гедройца агучыў імёны шасці пісьменнікаў-фіналістаў. Лонг-ліст лепшых кніг беларускамоўнай прозы, выдадзеных у 2011 годзе, скараціўся роўна напалову.

Агульная колькасць кніг, якія былі прадстаўлены да ўвагі камітэта прэміі Гедройца – 21.

На прэс-канферэнцыі ў беларускім ПЭН-центры 7 лютага назвалі шэсць найбольш цікавых, на думку журы, кніг. Пяць з іх не выклікалі спрэчак у сябраў журы, вызначыць яшчэ аднаго фіналіста было значна складаней, але ў выніку атрымаўся наступны спіс:

– Уладзіслаў Ахроменка «Тэорыя змовы» (Выдавецтва «Логвінаў»)

– Альгерд Бахарэвіч «Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча» (Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»)

– Павал Касцюкевіч «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (Выдавецтва «Логвінаў»)

Барыс Пятровіч, Лешак Шарэпка, Андрэй Хадановіч, сакратарка прэміі Марыя Мартысевіч (злева направа)

– Артур Клінаў «Шалом: ваенны раман» (Выдавецтва «Логвінаў», серыя «Кнігарня «Нашай Нівы»)

– Аляксандр Лукашук «След матылька. Освальд у Мінску» (Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, серыя «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе»)

– Андрэй Федарэнка «Мяжа» (Выдавецтва «Літаратура і Мастацтва», серыя «Лімаўскі фальварак»)

Пераможцаў – а будзе іх як найменш тры чалавекі – узнагародзяць на цырымоніі ў Міжнародны дзень пісьменніка, які адзначаецца 3 сакавіка. Большасць аўтараў кніг, што ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі, атрымаюць магчымасць апублікаваць свой твор у Польшчы. Гэта выдатная магчымасць павялічыць кола сваіх чытачоў, і можа стаць стартам да выхаду на рынкі іншых еўрапейскіх краінаў. Болей таго, сярод узнагародаў – літаратурныя стыпендыі, запрашэнні ў еўрапейскія дамы мастацтва. Пераможца атрымае дастаткова вялікую суму грошай ад аднаго са спонсараў прэміі.

– Беларускамоўны рынак для пісьменніка вельмі малы. Калі перад чалавекам паўстае выбар пісаць па-беларуску ці па-руску, ён, зыходзячы з камерцыйных інтарэсаў, выбірае рускую мову, таму што рускамоўны рынак складае 160-180 мільёнаў людзей, а значыць на грошы з продажу кнігі можна будзе пражыць. А калі рынак – некалькі мільёнаў, і нават не ўсе чытаюць, то трэба, пэўна, быць нейкім экстрымалам, каб пісаць па-беларуску. Асабліва, калі няма дапамогі, актыўнага ўдзелу дзяржавы ў гэтым працэсе, – адзначыў старшыня журы надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Увогуле ацэньваюць кнігі, прадстаўленыя на літаратурную прэмію, старшыні беларускага і польскага ПЭН-цэнтраў Андрэй Хадановіч і Адам Паморскі, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, літаратурныя крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч, філосаф Валянцін Акудовіч, паэт і пісьменнік Уладзімір Арлоў, прадстаўнік спонсара ЗАТ «Сомбелбанк» Яраслаў Сліўка.

Ежы Гедройц – Jerzy Gedroyc – польскі палітык, публіцыст, які жыў у ХХ-ым стагоддзі. Гедройц нарадзіўся ў Мінску і заўсёды выступаў у падтрымку добрых адносінаў паміж Беларуссю, Польшчай, Украінай і Літвой, таму, па словах арганізатараў, прэмія была названая ў яго гонар.

Варта заўважыць, што да ўдзелу прымаліся творы празаікаў з абодвух саюзаў пісьменнікаў, а таксама тых, што не належаць ні да аднаго з іх. Тое ж з выдавецтвамі – нават у скарочаным лісце прысутнічае кніга, выдадзеная ў дзяржаўным выдавецтве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)