Общество
Анастасія Зелянкова,
фота ”Радыё Свабода”

Тралейбус імя Янкі Купалы

Шостага лiпеня жыхары Магілёва мелі магчымасць пракаціцца па цэнтры горада на святочным тралейбусе імя Янкі Купалы. У гэтым транспарце зусім не бралі грошы за праезд, а з дынамікаў увесь час гучалі вершы славутага класіка.

Такую акцыю з нагоды 125-годдзя вялікага паэта зладзіла магілёўская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Арэндаваўшы на паўтары гадзіны звычайны тралейбус, арганізатры каталі на ім ўсіх жадаючых па маршруце плошча Арджанікідзе — Чыгуначны вакзал. Сам тралейбус быў упрыгожаны вялізным каляровым плакатам з выявай класіка і надпісам “Да 125-годдзя Янкі Купалы”. Салон аздобілі паветранымі шарыкамі.

На ўваходзе ўсім пасажырам раздавалі брашуры, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта. У салоне ж увесь час гучалі яго вершы.

— Мы чыталі вершы праз мікрафон, а таксама прапаноўвалі зрабіць гэта самім пасажырам, — расказаў “Салідарнасці” кіраўнік магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў. — Людзі ахвотна згаджаліся. Увогуле, на гэтую ідэю нашу народ рэагаваў вельмі пазітыўна, дзякаваў за ўсё.

Не абыйшлося і без кур’ёзаў. Усім, хто ўваходзіў у тралейбус задавалася адно і тое ж пытанне: “Які твор Купалы пра Магілёў вам вядомы?”

— Дзіўна, але ніхто з пасажыраў не змог адказаць на гэтае пытанне, — распавядае Алег Дзьячкоў. — Толькі адна дзяўчына адразу ж упэўена заявіла: “Паэма “Магіла Льва”. Гэта ж ўсе ведаюць!”

Як аказалася, не ўсе.

Дарэчы, арэнда тралейбуса на паўтары гадзіны абышлася магілёўскай філіі ТБМ прыкладна ў 50 тысяч рублёў — не такія ўжо і вялізныя грошы ў параўнанні з той мэтай, якая ставілася.

Па прызнанні арганізатараў, падобныя акцыі, яны плануюць праводзіць рэгулярна. Наступныя святочныя маршруты будуць ладзіцца да ўгодкаў Якуба Коласа і Алеся Гаруна.

Дарэчы, падобная ідэя ўшанавання беларускіх класікаў ў магілёўскага ТБМ не адзіная. У іх ёсць таксама супольны праект з мясцовым тэлеканалам “Магілёў-2”, дзе кожны жадаючы можа ў эфіры прачытаць вершы Купалы і Коласа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)