Топ-10 найкруцейшых школаў Беларусі (фота)
Якія беларускія школы можна называць элітнымі? «Наша Ніва» склала топ-10 прэстыжных навучальных установаў краіны.
Фактычна адмовіўшыся ад профільнага навучання, улады паспрабавалі ўніфікаваць беларускія школы. З адменай вясковых ільготаў выпускнікі сельскіх школаў і сталічных гімназій канчаткова будуць стаяць перад цэнтралізаваным тэставаннем у роўных умовах.
Але багатыя бацькі ўсё адно шукаюць для сваіх дзяцей найлепшае месца навучання, хоць крытэры ў кожнага свае.
Для кагосьці патрэбная добрая статыстыка паступленняў у ВНУ школьных выпускнікоў, камусьці важныя добрыя водгукі калегаў, а хтосьці з дапамогай дзяцей шукае для сябе новыя карысныя знаёмствы.
Якія беларускія школы можна называць элітнымі? «Наша Ніва» склала топ-10 прэстыжных навучальных установаў краіны.
1. Ліцэй БДУ
Выпускнікі гэтай навучальнай установы, якая знаходзіцца ў цэнтры Мінска, маюць найлепшы працэнт паступлення ў ВНУ сярод беларускіх школ і гімназій. Больш за 95% ліцэістаў паспяхова здаюць экзамены ў беларускія і замежныя ўніверсітэты.
У ліцэі вучацца толькі 10- і 11-класнікі, падчас паступлення яны праходзяць складаны адбор. Напрыклад, апошнія два гады конкурс складаў 6,4-7 чалавек на месца.
Каля 500 ліцэістаў вучацца на фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, філалагічным і грамадазнаўчым профілях. У навучальную ўстанову прымаюць як мінчукоў, так і жыхароў іншых гарадоў. Такіх каля чвэрці дзяцей, для іх выдзеленыя месцы ў інтэрнаце.
Сярод «зорных» бацькоў ліцэістаў можна назваць памочніцу Лукашэнкі Наталлю Пяткевіч. Яе сын паступіў у ліцэй сёлета.
2. Коласаўскі ліцэй
Былы Коласаўскі ліцэй, фота labadzenka.by
Легендарная ўстанова працягвае дзейнасць. Дзеці вучацца па беларускіх і польскіх праграмах адначасова і атрымліваюць польскія атэстаты як беларускамоўны ліцэй у горадзе Гданьску. Навучанне вядзецца цалкам па-беларуску. Сярод педагогаў — многія легендарныя асобы. А само навучанне мае флёр выкліку існаму ладу. Падбор дзяцей — выдатны.
3-4. Гімназіі №4 і №23 Мінска
Гімназія №23 у Мінску
Гэта дзве самыя прэстыжныя беларускамоўныя гімназіі. Іх найбольш вылучае склад навучэнцаў. Як і ва ўсіх гімназіях, тут вучацца і дзеці з мясцовага квартала, і дзеці з іншых раёнаў.
Вось толькі ў беларускамоўныя гімназіі дзяцей абыхто не аддае. Тут знойдзеш і дзяцей дырэктара буйнога акцыянернага таварыства, і сына вядомага хірурга, і дзяцей з радзін работніка пракуратуры, і вядомых інтэлектуалаў ад Лявона Вольскага да Валера Булгакава. Але ўсе гэтыя сем’і лучыць наяўнасць пэўнага прынцыпу — хутчэй жыццёвага, чым палітычнага. Адпаведна, і дзеці тут хоць і звычайна-розныя, усё ж зазвычай несярэднія і больш зычлівыя за сярэднемінскіх. Адпаведна, і паспяховасць тут высокая, і статыстыка паступленняў. Дый настаўнікі ў гэтых гімназіях гуртуюцца трохі іншыя, чым звычайна. А гэта істотна ў наш час, калі якасць педагагічнага персаналу стала галоўнай праблемай.
Гімназія №4 месціцца на захадзе, а №23 — у цэнтры сталіцы.
У першай штогод набіраюць 5 класаў, а ўхіл — фізіка-матэматычны, ёсць магчымасць займацца ў школе тэнісам. Другая гімназія — амаль камерная, там набіраюць усяго два класы, адзін з англійскай, другі — з кітайскай мовай як замежнай.
5. Школа ў Астрашыцкім гарадку
«Школа для Колі» — народная назва навучальнай установы ў аграгарадку пад Мінскам.
Школа ў Астрашыцкім гарадку перажыла дзве рэканструкцыі за два гады і ў выніку летась выйграла «конкурс» на права залічыць у першы клас Мікалая Лукашэнку.
Падчас навучальнага года ўсе падыходы да трохпавярховай навучальнай установы кантралююцца міліцэйскімі патрулямі, затое ўлетку можна разглядзець інфраструктуру вясковай школы — басейн, гумаванае футбольнае поле з трыбунамі… Зрэшты, унутры ўсё таксама абстаўлена па апошнім слове тэхнікі.
У школе вучацца і звычайныя дзеці з Астрашыцкага гарадка. Для іх выпадковае суседства з Колем — добры шанец атрымаць веды ў настаўнікаў вышэйшай катэгорыі.
6. Школа ў Тамашоўцы
Яшчэ адна «рэгіянальная» навучальная ўстанова знаходзіцца ў паўднёва-заходнім куце Беларусі. Ад Брэста да Тамашоўкі, вотчыны прэзідэнцкага дарадцы Пятра Пракаповіча, каля 70 кіламетраў. Славуты выпускнік школы ўзяў пад патранаж Нацбанка Беларусі ўвесь аграгарадок.
Маштабная рэканструкцыя ў сярэдзіне 2000-х зрабіла школу адной з найлепшых у вобласці. Асноўны ўхіл тут спартовы.
Тэнісныя корты, футбольнае поле, хакейная пляцоўка, сектар для кіданняў і нават лыжаролерная траса — няпоўны спіс школьнай інфраструктуры.
Тагачасны старшыня Нацбанка Пракаповіч і губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар адкрываюць футбольнае поле ў Тамашоўцы. Школа на заднім плане.
7. Гімназія №16 у Вяснянцы
Гімназія займае два будынкі на вуліцы Лесі Украінкі, якія знаходзяцца на адлегласці 300 метраў адзін ад аднаго. Найлепшымі ўмовамі навучання славіцца пачатковая школа. У першую чаргу ў яе прымаюцца жыхары бліжэйшых вуліц. На пытанні прыёму «па-за чаргой» у 2006 пагарэў дырэктар гімназіі Алег Бадалаў. За атрыманне хабару ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці.
Дзеці багатых бацькоў тут вучыліся здаўна. Менавіта ў Вяснянцы прагучаў першы званок для ўнучак Аляксандра Лукашэнкі.
Ёсць у гімназіі і дзеці іншых уплывовых бацькоў — вучыўся сын кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова, нібыта бачылі на занятках дачку экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева.
Гімназія мае эстэтычны ўхіл і спецыялізуецца на навучанні замежным мовам. Асаблівы гонар кіраўніцтва — спартыўны корпус з тэнісным кортам і басейнам на пяць дарожак, адкрыты летась.
8. Школа №42 у Каменнай горцы
Звычайная сярэдняя школа ў спальным раёне Мінска пакуль не мае запамінальнай гісторыі і прэстыжных выпускнікоў.
Аднак яе варта адзначыць як самую новую школу сталіцы — на яе партах не надрапана яшчэ ніводнага непрыстойнага слова і не разбіта ніводнага акна. Па ўзроўні тэхнічнага абсталявання яна дасць фору многім ліцэям і гімназіям краіны.
Бібліятэка з кабінкамі для індывідуальнага чытання, вітамінны бар у сталовай, чатыры спартыўныя залы, пляцоўкі з антытраўматычным пакрыццём — на ўсім гэтым было вырашана не эканоміць.
Ужо 1 верасня ў школу №42 прыйдзе 1200 школьнікаў са спальнага раёна, кватэры ў якім перадусім атрымлівалі шматдзетныя сем’і і супрацоўнікі сілавых структур.
Школа №42 у Каменнай горцы. Фота Realt.onliner.by
9. Прыватная школа «Апельсін»
Элітныя закрытыя школы, папулярныя на Захадзе, не здабылі шырокага распаўсюду ў Беларусі. Дзяржаўная бясплатная адукацыя дае які-ніякі ўзровень ведаў, каб выбіцца ў людзі і без дадатковай платы за вучобу. Зрэшты, некалькі прыватных школ існуе.
Навучанне ў іх каштуе $350—400 у месяц і карыстаецца попытам у бацькоў, якія хочуць індывідуальнага навучання сваіх дзяцей.
Сярод канкурэнтаў можна выдзеліць прыватную школу «Апельсін». Папершае, яна самая дарагая — $500 у месяц, гэта больш чым сярэдні заробак у краіне. Па-другое, знаходзіцца ў катэджы ў прыгарадзе Мінска, у Сенніцы, — фактычна, на свежым паветры. Патрэцяе, «Апельсін» абмяжоўваецца нязвыклым для беларускай адукацыі ўзроставым дыяпазонам дзіцячага садка і пачатковай школы.
10. Прыватная школа «Трайпла»
Напрыканцы — самы амбітны праект, праўда, пакуль далёкі да завяршэння.
Да канца наступнага года кампанія «Трайпл» меркавала пабудаваць прыватную школу на 400 вучняў каля вадасховішча Дразды непадалёку ад «МінскАрэны».
Яркі вясёлкавы будынак будзе нагадваць вінт з трыма лопасцямі — пачатковая школа і сталовая, сярэдняя школа, а таксама спартыўная зона. У цэнтры ж апынуцца актавая зала, бібліятэка і зімовыя сады.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное