«Тое, што сёння вы пазбаўленыя волі — абуральная несправядлівасць»
Еўрапейскія дыпламаты напісалі ліст беларускім палітзняволеным журналістам.
2 лістапада, у Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў, 14 паслоў і часовых павераных, акрэдытаваных у Мінску, напісалі ліст да беларускіх палітзняволеных прадстаўнікоў медыя.
Як паведамілі прадстаўнікі пасольства Германіі ў Беларусі, тэкст ліста таксама апублікаваны ў Facebook, бо з-за абавязковых праверак карэспандэнцыі ў месцах зняволення ён у любым выпадку не застанецца канфідэнцыйным.
Дыпламаты нагадваюць: на сёння ў Беларусі 33 журналісты і супрацоўнікі медыя несправядліва знаходзяцца ў зняволенні, і «ў публічнай сферы востра адчуваецца недахоп іх галасоў».
— Шматлікія рэпрэсіі супраць журналістаў і работнікаў СМІ ў Беларусі з’яўляюцца парушэннем міжнародных абавязкаў, прыхільнасць да якіх Беларусь, як член Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, прызнае сама, — падкрэсліваецца ў паведамленні пасольства Германіі. — Кожнаму і кожнай з 33 работнікаў СМІ, якія несправядліва знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, сёння быў накіраваны ліст. Ніводны з гэтых адважных галасоў не забыты. І ніводны з іх забыты не будзе.
«У якасці супрацоўніка СМІ Вы з вялікай мужнасцю выступалі за свабоду слова ў Беларусі. Тое, што за гэта сёння Вы пазбаўленыя волі — абуральная несправядлівасць. Гэтая несправядлівасць выклікае боль. Нашы ўрады адзіныя з патрабаванні аб тым, што палітзняволеныя Беларусі павінныя, нарэшце, выйсці на волю», — гаворыцца ў лісце. Таксама дыпламаты пажадалі кожнаму і кожнай са зняволеных журналістаў «здароўя, сіл і як мага болей светлых момантаў». «Мы думаем пра вас сёння і ўважліва сочым за вашым лёсам у сітуацыі, якая склалася, кожны дзень», — адзначаюць дыпламаты.
Аўтары звароту да журналістаў падкрэслілі, што без свабоды слова «немагчымыя распаўсюд інфармацыі, празрыстасць і кантроль, якія робяць магчымай рэалізацыю ўсіх астатніх правоў чалавека» — і нагадалі, што ў Прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года менавіта свабода слова згаданая першай з чатырох асноўных свабод.
Ліст падпісалі прадстаўнікі Германіі, Аўстрыі, Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Швецыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное