«Тады бралі ўсіх. Людзі ня ведалі, ці выйдуць раніцою на працу»

Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра сваё жыцьцё.

Яўгенія Арлоўская (зьлева) зь сяброўкай. У цэнтры фота — Жора Кандрашоў. Рамантычныя адносіны зь ім прывялі Яўгенію ў гулагаўскія лягеры

Яўгенія Мікалаеўна Арлоўская нарадзілася 10 траўня 1917 году ў вёсцы Палавінны Лог, што пад Магілёвам. Яе лёс увабраў у сябе перажытае мільёнамі беларусаў у часы сталінскага тэрору.

Яўгенія Мікалаеўна ўжо не выходзіць са сваёй кватэры ў Магілёве і нічога ня бачыць. Яна перажыла расстрэл бацькі і двух ягоных братоў. Па даносе яе асудзілі за шпіянаж. У зонах Краснаярскага краю яна прабыла больш за пятнаццаць гадоў.

Цяпер Яўгенія Мікалаеўна марыць: Бог ёй расплюшчыць вочы, каб пабачыла сонца і неба. І баіцца, што вернецца ўлада, якая забівае.

Зь сям’і каталікоў. У арганізаваны бальшавікамі калгас Арлоўскія пайшлі адразу. З маленства суразмоўніца памятае працу.

— Тата і мама сумленна і многа працавалі, — апавядае яна. — Нам зайздросьцілі, бо больш за ўсіх мелі працадзён. Па 350-400 выходзіла. Мама даіла кароў. Я ёй дапамагала.

Яўгенія Арлоўская (у цэнтры) зь сябрамі

Яўгенія Мікалаеўна мае чатыры клясы школьнай адукацыі. «Тры клясы адвучылася ў Палавінным Лагу, а чацьвёрты ў польскай школе, што была ў Магілёве. А потым пайшла ў калгас. Каня мне далі. Я зь ім „ваявала“», — кажа яна.

Яе родная вёска Палавінны Лог менш як за пяць кілямэтраў ад Магілёва. Але на мясцовых кладах магілы бацькі Мікалая няма. 4 лістапада 1937 году, ва ўзросьце 57 гадоў, яго расстралялі. Пра гэта напісана ў пасьведчаньні аб сьмерці, выпісаным у 1989 годзе. Расстралялі і двух ягоных братоў. У чым была іхная віна, Яўгенія Мікалаеўна ня ведае. Па сьмерці Сталіна іх рэабілітавалі і выплацілі кожнаму сямейніку па 40 рублёў.

— Тату забралі няведама за што. Калі я пайшла даведацца пра яго, дык мне сказалі: «Хочаш, мы і цябе забяром». 14 лютага яго арыштавалі, а ў лістападзе яго ўжо не было, хоць пасылкі яму прымалі, — згадвае Яўгенія Мікалаеўна.

Пасьведчаньне аб сьмерці бацькі Яўгеніі Арлоўскай

— Тады ж пабралі многіх, — дадае. — Людзі клаліся спаць і ня ведалі, ці выйдуць заўтра на працу.

Яўгенія Мікалаеўна і яе малодшая сястра Браніслава думаюць, што бацьку і двух ягоных братоў расстралялі ва ўрочышчы непадалёк ад іхнага цяперашняга дому. Там цяпер кар’ер. На яго ўскрайку ў 1989 годзе актывісты «Мартыралёгу Беларусі» паставілі крыж. Раней сёстры разам прыходзілі туды памінаць родных на Дзяды. Але ў Яўгеніі ўжо кепска з нагамі, Браніслава ходзіць да крыжа безь яе.

Крыж памяці на праспэкце Дзімітрова. У кар’еры, мяркуюць сёстры Арлоўскія, расстралялі іхнага бацьку

«За тваё прызнаньне я атрымаю пяць тысяч рублёў...»

Самую Яўгенію Мікалаеўну забралі ў лютым 1938 году па даносе двух салдатаў. Вайскоўцы напісалі, што дзяўчына зьвязаная з замежжам і падлічвае самалёты. Жанчына мяркуе, што зрабілі так, бо на вечарынках яна сустракалася ня зь імі, а з іхным камандзірам.

— Як было сьледзтва, мяне дужа білі, — Яўгенія Мікалаеўна заліваецца сьлязьмі. — За што білі, ня ведаю. Кроў з носу бегла, а сьледчы браў са сьметніцы паперу і казаў: «Бяры, нос выцірай. За тваё прызнаньне я атрымаю пяць тысяч рублёў, таму кажы ўсё...».

— А што я скажу? — распавядае яна далей. — Тады ён па галаве мяне. Я не чытала, што гэты сьледчы пісаў у дакумэнтах. Як сьледзтва скончылася, праз акенца ў дзьвярах камэры сказалі, што мяне асудзілі на дзесяць гадоў. Мне стала кепска. Я дужа плакала. Прасілася дамоў, да мамы. Сказалі, што асудзілі за шпіянаж, а я такога слова ня ведала нават. А на суд мяне не выклікалі.

Пасьля магілёўскай турмы 21-гадовую дзяўчыну адправілі ў Краснаярскі край. Там яна наладоўвала вагоны камянямі.

— Там высачэзныя скалы, горы камянёў. Іх падрывалі, а такія, як я, насілкамі іх пераносілі да цягніка, — суняць сьлёзы Яўгенія Мікалаеўна ўжо ня можа. — Працавала сумленна. Не было ад начальства заўвагаў. Дужа там хацелася есьці. Зрэдку нам давалі хлеб. Бывала, глядзім на пякарню, і калі там дым з коміна, дык ведалі, што хлеба дадуць. Узімку давалі капусту і рыбу камбалу. Мы ўсе былі ня людзі, а худыя, як тыя кнаты.

Перамогу над нацыстамі суразмоўніца сустрэла ў тым жа Краснаярскім краі.

— Далі нам абед добры. Дагэтуль памятую тую кашу грэцкую. Нам яе век не давалі, — выціраючы сьлёзы, распавядае спадарыня. — А потым усё стала як раней. Дзесяць гадоў я працавала «на камянях». Як вызвалілі, прыехала дамоў.

«Ранкам падымаесься, а ўжо той памёр, той памёр...»

У сямейным архіве Арлоўскіх захоўваецца невялікая пажаўцелая паперка, у якой напісана, што Яўгенію Мікалаеўну арыштавалі 10 лютага 1938 году, а вызвалілі — 10 лютага 1948-га. Гэтая ж паперка сьведчыць, што, пабыўшы на свабодзе крыху болей за год, жанчына 29 лютага 1949 году зноў трапляе пад арышт. У няволю яе адпраўляюць больш чым на пяць гадоў у той жа Краснаярскі край. 18 кастрычніка 1955 году вызваляюць з рэабілітацыяй. Пастанову вынес трыбунал Беларускай вайсковай акругі.

— З дваццаці гадоў гаравала. Усю маладосьць правяла ў Краснаярскім краі. І холад і голад перажыла. Нас там многа было, — гаварыла жанчына. — Не паверыце, барак быў з кілямэтар. Праз пятнаццаць-дваццаць мэтраў стаялі печкі жалезныя. Але хіба яны маглі нагрэць такі барак. Прыйдзеш з працы з акалелымі нагамі, а анучы пасушыць няма дзе. Так мы і спалі. Надта шмат памірала людзей. На палатках спалі радком. Ранкам падымаесься, а ўжо той памёр, той памёр. Праз увесь барак целы цягнулі. Гару наладуюць і вывозяць няведама куды. Ні дамавінаў для нябожчыкаў, нічога. Я вельмі дамоў хацела ў Палавінны Лог, каб маме пажаліцца, за што я сядзела і столькі гаравала.

Яўгенія Мікалаеўна кажа, што ў ссылцы пазнаёмілася з мужчынам — такім жа, як і яна, ссыльным. Ён быў масквічом і па нацыянальнасьці румынам. Да зьняволеньня працаваў у Міністэрстве мяса-малочнай прамысловасьці.

— Разам зь ім мы і жылі. Дамок у нас быў невялікі, — згадвае суразмоўніца. — Двое дзяцей нарадзіліся — дачка ды сын.

У 1953 годзе, калі памёр Сталін, зьняволеныя надта плакалі па ім, — згадвае Яўгенія Мікалаеўна.

— Проста галасілі, бо ня ведалі, што пасьля яго будзе. Я тады, здаецца, радавалася, бо разумела, што гэта ён ува ўсім вінаваты. А троху пазьней, як сказалі, што ўсіх дамоў адпусьцяць, дык радасьці было болей, чым калі ён памёр.

Гараваў па Сталіну і муж Яўгеніі Мікалаеўны. Казаў, што безь яго ў Краснаярскім краі застанемся ў няволі да скону.

— Мой муж Мікалай Міланавіч да зьняволеньня быў парцейцам і верыў партыі, — кажа яна. — Дык на ягонае бедаваньне я казала: «Твая партыя цябе не ўратавала ад арышту, як і твой Сталін».

Многія казалі пра мяне: «Жэня — вораг народу»

У 1955 годзе Яўгенія Мікалаеўна з усёй сям’ёй вярнулася ў Беларусь. Неўзабаве ўладкавалася ў Магілёве на завод імя Кірава.

— Ужо тады Хрушчоў кіраваў, — успамінае яна. — Як жылося за ім, ня памятаю. Як паляцеў у 1961 годзе Гагарын у космас, дужа радаваліся. Потым, як жанчына паляцела ў космас, таксама радаваліся. Але я ня ўспомню імя той касманаўткі (Валянціна Церашкова. — РС).

Даведка пра рэабілітацыю Яўгеніі Арлоўскай

Пакуль Яўгенія Мікалаеўна не атрымала пацьверджаньня аб рэабілітацыі, людзі ў Магілёве стараніліся яе.

— Як прыйшла ўладкоўвацца, дык адна жанчына сказала мне, што я «вораг народу». Я стала плакаць, бо які ж я вораг народу. Начальнік цэху за гэтыя слова яе пакараў, — спадарыня зноў плача. — Каб уладкавацца, трэба было пацьвердзіць, што я да арышту працавала. Дык мая аднавяскоўка, баючыся, каб яе не пакаралі, сказала, што мяне ня ведае. Потым павінілася перада мною. Прызналася, што баялася за сябе і сваіх родных.

— Напачатку, як я была маладая, дык многія казалі пра мяне: «Жэня вораг народу. У турме сядзела», — выціраючы сьлёзы, кажа Яўгенія Мікалаеўна. — А як прынесьлі мне дакумэнты пра рэабілітацыю, дык мяне ўзвысілі. І тады ўсе зласьліўцы змоўклі. Я тады ўзьнеслася вышэй за неба ад радасьці. Ніхто слова супраць мяне не казаў. Славілі мяне. Толькі я ня ведала, за што сядзела.

Мне часам здаецца, што я ніколі не памру

На заводзе Яўгенія Мікалаеўна адрабіла да 70 гадоў. Мела пашану і аўтарытэт. Кажа, што кожны год давалі ёй пуцёўкі на курорты. З надбаўкамі мае пэнсію 420 рублёў.

— Раней для такіх, як я, быў бясплатны праезд. Ільготы розныя, але іх адабралі. Я ж не бядую. Мне хапае, — усьміхаецца Яўгенія Мікалаеўна. — Што Лукашэнка можа зрабіць. Няма чым яму нам дапамагчы, — кажа яна. — У нас жа няма чаго прадаць. Адна бульба. Мы прыстасаваліся да такога жыцьця. Як ёсьць ужо дык ёсьць. Да пэнсіі толькі не дадае працэнтаў, але мы і з гэтым згодныя, бо разумеем — дзе ён возьме грошы на тыя працэнты?.

Як мне споўнілася 100 год, дык такое сьвята для мяне арганізавалі! Адусюль папрыходзілі мяне віншаваць. І з гарвыканкаму былі, з сабесу, з пашпартнага стала. Кіраўніцтва заводу прыйшло. Гасьцінцаў шмат нанесьлі. Я так рада была. І гармонік прынесьлі. Пляменьнік у нас сьпявае на розных мовах, дык як сьпяваў, то і танцавалі, і плакалі.

Яўгенія Мікалаеўна жыве разам з сынам у трохпакаёвай кватэры на трэцім паверсе тыповай «хрушчоўкі». Пасьля таго як памерла дачка, у яе адняліся ногі, і апошнія гады яна не выходзіць з хаты. Дваццаць гадоў таму ў яе пачаў горшаць зрок. Цяпер яна невідушчая.

— Сястра да мяне прыходзіць штодня, — распавядае яна. — Адчыняе акно, і я нібыта выходжу на двор. Мне Бог даў сястру, якая цяпер мною апякуецца.

Сёстры Яўгенія і Браніслава Арлоўскія

— Праца і малітва мне дапамаглі дажыць да 100 гадоў, — кажа Яўгенія Мікалаеўна. — Бог дапамог. Толькі ён. Да мяне штомесяц прыяжджае ксёндз. Спавядаюся. Я чакаю і люблю ксяндза. Як заходзіць у хату, дык сьветла і цёпла становіцца ў ёй. Ён Божачку просіць, каб мне даваў здароўя. Мне часам здаецца, што я ніколі не памру, бо столькі адгаравала.

Яўгенія Мікалаўна згадвае, як раней хадзіла ў зачынены касьцёл і там малілася.

— Нас ня гналі з касьцёлу. Мы там зьбіраліся і маліліся. Касьцёл білі, ламалі, але ён выстаяў. Вы ж, відаць, ведаеце — гэта той, што ля тэатру. Таму, дзетачка, і ты вер у Бога. Насі яго ў сваёй душы, — кажа спадарыня.

З сынам Юрыем

У Яўгеніі Мікалаеўны чацьвёра праўнукаў і двое ўнукаў. Вялікая сям’я часта зьбіраецца разам у яе дома, каб жыцьцё Яўгеніі Мікалаеўны не заставалася самотным. Ёсьць у яе мара.

— Божачка мне дапаможа расплюшчыць вочы, каб я пабачыла сонца з блакітным небам», — кажа яна. — А баюся я той улады, якая прыйдзе і зноў пачне забіваць..., — дадае яна нечакана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)