Сяргея Каваленку затрымалі за пераход вуліцы (абноўлена)

Пра гэта паведаміў апазыцыянэр Барыс Хамайда, які паехаў у Чыгуначны РАУС Віцебску, каб падтрымаць аднадумца.

Афіцыйная прычына затрыманьня — парушэньне правілаў дарожнага руху. Сяргея Каваленку затрымалі за тое, што ён ня ў тым месцы перайшоў дарогу. Але калі актывіст прапанаваў заплаціць штраф, яго завезьлі ў пастарунак.

У пастарунку на Сяргея Каваленку склалі пратакол за тое, што ён нібыта нецэнзурна выражаўся на адрас міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі.

У мінулым месяцы актывіст адбыў адміністрацыйны арышт за тое, што прыйшоў у Кастрычніцкі райсуд Віцебску пад бел-чырвона-белым сьцягам. А 12 траўня яго будуць судзіць па крымінальнай справе — за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой навагодняй ёлцы.

Меркавалася, што суд за «нецэнзурную лаянку» адбудзецца 7 траўня, аднак ён перанесены на 25-га. Нечаканасьцю для судзьдзі сталася тое, што апазыцыянэр, якога вінавацяць у дробным хуліганстве, заявіў хадайніцтва наконт выкліку адваката.

На думку прысутнага ў судзе апазыцыянэра Барыса Хамайды, учорашняе затрыманьне Сяргея Каваленкі было прэвэнтыўным: каб сёньня асудзіць яго на "суткі” і пазьбегнуць інцыдэнтаў падчас сьвяткаваньня Дня Перамогі.

Сяргей Каваленка таксама лічыць, што міліцыянты жадалі яго ізаляваць, каб ён не зьявіўся ў горадзе зь бел-чырвона-белым сьцягам падчас якога-небудзь грамадзкага мерапрыемства — як было 7-га студзеня, калі апазыцыянэр вывесіў нацыянальны сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы.

Тым ня менш суд давялося перанесьці: патрабаваньне прысутнасьці адваката законнае для любога падсуднага і падлягае абавязковаму выкананьню.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)