Навумчык: «Вакно магчымасьцяў» у справе вызваленьня палітвязьняў рэальна можа зьявіцца толькі ў выніку паразы Масквы ў вайне з Украінай

Ці магчымыя перамовы апазыцыі з рэжымам пра вызваленьне палітвязьняў?

Сяргей Навумчык

— Апошнім часам актыўна дыскутуецца тэма магчымых перамоваў з уладамі ў справе вызваленьня палітвязьняў, становішча якіх у беларускіх турмах праваабаронцы ўсё часьцей ацэньваюць як катаваньні, — піша Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

Вызваленьне палітвязьняў вызначаецца як асноўная мэта тых, хто называе сябе апазыцыяй рэжыму — нароўні з захаваньнем незалежнасьці краіны. Аднак стратэгіі, якая б дазваляла спадзявацца на вынік і выхад з-за кратаў хаця б часткі зьняволеных, пакуль не праглядаецца.

У стаўленьні да гэтай тэмы назіраецца палярнасьць пазыцый. Адны лічаць, што перамовы з рэжымам неабходныя, бо гаворка ідзе пра здароўе і нават жыцьці людзей (сярод палітычных вязьняў — некалькі чалавек з анкалягічнымі захворваньнямі ў крытычнай стадыі, шмат і тых, каму турэмная мэдыцына з шэрагу прычынаў не дапамагае ў лячэньні хранічных хваробаў).

Іншыя перакананыя, што перамовы выявяць слабасьць і будуць азначаць капітуляцыю перад рэжымам. Ну, а тое, што даводзіцца цярпець ахвяры — дык барацьбы за свабоду бязь іх, як вучыць гісторыя, не бывае.

Калі ўзгадваюць перамовы, часьцей за ўсё гавораць менавіта пра апазыцыю як адзін з бакоў працэсу (другі, зразумела, улада).

Аднак выглядае, што фраза «перамовы апазыцыі з уладамі» ў цяперашніх умовах мае выключна абстрактны характар.

На што пагадзіліся б улады і не пагадзілася б Ціханоўская

Па-першае, рэжым не ўспрымае палітычных апанэнтаў (незалежна ад пэрсаніфікацыі — ці гэта Ціханоўская, ці Латушка, ці Пазьняк, ці Саньнікаў, ці нехта іншы) у якасьці ня тое што раўнапраўнага суб’екта, а ўвогуле суб’екта палітыкі.

У Беларусі ёсьць толькі адзін суб’ект палітыкі — Лукашэнка. Іншыя, хто прэтэндуе хаця б на бутафорскую палітычную ролю, могуць быць толькі ўбудаваныя ў створаную рэжымам канструкцыю і дзейнічаць выключна паводле сцэнару ўладаў.

Для таго, хто ня згодны з такім правілам, ёсьць тры варыянты: альбо замаўчаць, альбо эміграваць, альбо трапіць за краты.

Па-другое, само паняцьце перамоваў прадугледжвае ўзаемны кампраміс, а значыць, абмен саступкамі. І вось гэта — найбольш праблемная тэма. Ад улады, зразумела, чакалася б вызваленьне палітвязьняў. А вось у чым маглі б саступіць Лукашэнку ягоныя палітычныя апанэнты?

Жаданьні ўладаў, трэба меркаваць, можна зьвесьці да дзьвюх пазыцый: адмова ад апазыцыйнай дзейнасьці і скасаваньне санкцый.

Калі гаварыць пра адмову ад палітычнай дзейнасьці, дык рэжым меў бы на ўвазе менавіта Сьвятлану Ціханоўскую, бо менавіта яна ў вачах дэмакратычнага Захаду ўспрымаецца рэпрэзэнтантам апазыцыі і рэгулярна сустракаецца зь лідэрамі заходніх краінаў.

Зразумела, што ў выпадку са Сьвятланай Ціханоўскай і Пераходным кабінэтам спыненьне дзейнасьці азначала б капітуляцыю — з усімі непрыемнымі палітычнымі наступствамі як для яе самой, гэтак і для яе паплечнікаў і, шырэй, прыхільнікаў.

Тэарэтычна можна меркаваць, што калі б такі крок быў зроблены, значная частка палітычных зьняволеных магла б быць вызваленая — але і ўявіць, што Ціханоўская на гэта пайшла б, таксама можна толькі гіпатэтычна. Гэта, паўтару, азначала б палітычную сьмерць у вачах сваіх прыхільнікаў.

Нельга выключаць, што ў больш аддаленай пэрспэктыве такі крок быў бы ацэнены грамадзтвам і гісторыяй зусім па-іншаму. Але ж мы разглядаем сытуацыю ў сёньняшніх абставінах.

Санкцыі як прадмет перамоваў

Тэма скасаваньня санкцый выглядае ў гэтым ракурсе больш рэальна, — тым больш, што стаўленьне да іх сярод тых, хто называе сябе праціўнікам рэжыму, неадназначнае.

Напрыклад, Андрэй Саньнікаў шмат гадоў застаецца нязьменным прыхільнікам эканамічных санкцый, бо бачыць у іх найбольш эфэктыўны спосаб рэальнага ўзьдзеяньня на Лукашэнку.

Гэтак жа пасьлядоўна супраць санкцый выступае Зянон Пазьняк, абгрунтоўваючы сваю пазыцыю тым, што санкцыі яшчэ больш шчыльна прыціскаюць Беларусь да Расеі і б’юць не па ўладзе, а па простых людзях.

Што да Сьвятланы Ціханоўскай, дык яе пазыцыя была вызначаная амаль адразу пасьля выезду ў Літву і стварэньня офісу: Захад павінен эканамічна ціснуць на рэжым. У гэтым Ціханоўская і тыя, хто аб’яднаўся вакол яе спачатку ў офісе, а затым і ў Пераходным кабінэце, былі гэтак жа пасьлядоўныя, як два вышэй прыгаданыя палітыкі.

Храналёгія падзеяў, аднак, паказвае, што калі пэрсанальныя санкцыі былі ўведзеныя ўжо ў якасьці рэакцыі на фальсыфікацыю выбараў у жніўні 2020-га, і затым шматкроць пашыраліся, дык найбольш сур’ёзныя эканамічныя абмежаваньні былі рэакцыяй не на ўнутрыпалітычныя падзеі Беларусі.

Яны — вынік прымусовай пасадкі самалёта Ryanair (што паставіла пад пагрозу жыцьці грамадзянаў краінаў ЭЗ) і выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі расейскімі войскамі для агрэсіі супраць Украіны. Строга кажучы, гэтыя санкцыі маглі б быць уведзеныя нават тады, калі б Ціханоўская выступіла супраць іх.

Такім чынам, калі і гаварыць пра нейкія кансультацыі ў справе вызваленьня палітычных зьняволеных на глебе адмены санкцый, дык яны могуць быць не паміж рэжымам і апазыцыяй, а — пакуль што тэарэтычна — паміж рэжымам і Захадам.

Украінскі фактар зрабіўся галоўным

Аднак існуе праблема, якая істотна зьменшыла ўплыў апанэнтаў Лукашэнкі ў тэме санкцый: санкцыі цяпер «прывязаныя» да вайны Расеі з Украінай. Нават тыя, якія былі ўведзеныя да моманту агрэсіі Крамля.

Можна меркаваць, што на сёньняшні дзень авіяцыйная блякада, уведзеная пасьля прымусовай пасадкі лайнэра Ryanair, была б скасаваная, калі б не саўдзел Лукашэнкі ў падзеях 24 лютага 2022 году.

І здымаць нават «транспартныя» санкцыі (якія, заўважым, стварылі для звычайных беларусаў значна больш праблемаў, чым нязручнасьцяў для высокапастаўленых чыноўнікаў) на фоне падтрымкі Лукашэнкам вайны з Украінай ніхто ня будзе.

Наадварот: актыўная падтрымка рэжымам пуцінскай агрэсіі, згода на разьмяшчэньне на тэрыторыі краіны ядзернай зброі і вагнэраўцаў прымусілі шэраг эўрапейскіх лідэраў (у прыватнасьці, прэзыдэнта Літвы ды прэм’ер-міністра Эстоніі) заявіць пра неабходнасьць больш жорсткага стаўленьня да Беларусі. Гучаць заклікі не рабіць розьніцы паміж расейцамі і беларусамі і ставіцца да ўсіх аднолькава жорстка.

У такіх умовах засьцярогі некаторых беларускіх апазыцыйных палітыкаў, што эканамічныя санкцыі яшчэ больш уцягнуць Беларусь у Расею, наўрад ці маюць шанец быць узятымі пад увагу. Ня варта забывацца, што ў дэмакратычных краінах лёс палітыка залежыць ад выніку выбараў, і стратэгічныя разьлікі часта прыносяцца ў ахвяру актуальным настроям электарату.

Настроі ж гэтыя пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны — зусім не на карысьць беларускага грамадзтва. Далёка не ўва ўсіх жыхароў Літвы ці Чэхіі хапае разважлівасьці разрозьніваць Лукашэнку і беларускі народ.

Як паказалі вынікі нядаўняга апытаньня, нават у суседняй Польшчы больш як палова насельніцтва нічога ня ведае пра масавыя пратэсты 2020 году — што гаварыць пра больш аддаленыя краіны?

Прапанаваць Лукашэнку варыянт «санкцыі ўзамен на палітвязьняў» — для іх азначае прызнаньне, што ў супрацьстаяньні зь менскім рэжымам яны прайгралі. На такое прызнаньне яны, безумоўна, ня пойдуць.

Цяпер зусім ня тая сытуацыя, што была пасьля 2010 году, калі Захад меў спадзяваньні на тое, што можа адцягнуць Лукашэнку ад Пуціна, а афіцыйны Менск шукаў магчымасьці палепшыць сваё міжнароднае рэнамэ.

Сёньня перад Лукашэнкам паўстала рэальная магчымасьць скласьці кампанію Пуціну і ў якасьці аб’екта ўвагі міжнароднага трыбуналу ў Гаазе. Пра паляпшэньне іміджу ў вачах сусьветнай супольнасьці гаварыць не выпадае.

Найхутчэй, тое, што завецца «вакном магчымасьцяў» у справе вызваленьня палітвязьняў, рэальна можа зьявіцца толькі ў выніку паразы Масквы ў вайне з Украінай. У гэтым выпадку Лукашэнку амаль непазьбежна чакае патрапляньне ў зону палітычнай турбулентнасьці, якую рэжым можа і ня вытрымаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(58)