Политика

Ірына Марозава

Святлана Ціханоўская: Рэжым стварыў катаванні не толькі для палітвязняў, але і для іх сем’яў

8 сакавіка ў Вільнюсе каманда Офіса Святланы Ціханоўскай, прадстаўнікі ініцыятывы «Краіна для жыцця» і праваабаронцы правялі брыфінг.

Месца сустрэчы з журналістамі і актывістамі дыяспары — каля муралу ў гонар кіраўніка ПЦ «Вясна», лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, амаль насупраць амбасады Беларусі ў Літве — было абрана адмыслова, каб яшчэ раз нагадаць аб тых жудасных умовах, у якіх рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае многіх палітычных вязняў.

9 сакавіка будзе год, як няма сувязі з Сяргеем Ціханоўскім — скрозь глухую сцяну рэжыму інкамунікада, фактычна без сувязі са знешнім светам, не прыбіваюцца нават лісты ад дзяцей.

— Ужо год я не ведаю нічога пра свайго мужа, — канстатуе лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, — ні званкоў, ні лістоў, ні сустрэч з адвакатамі. Толькі ананімныя лісты пра тое, што ён нібыта памёр, — і адно і тое відэа, дзе я ледзь яго пазнала.

Але ніякай інфамацыі ні родныя, ні грамадскасць, ні нават адвакаты і дактары не маюць і пра іншых беларускіх палітвязняў, каго рэжым Лукашэнкі лічыць асабліва небяспечным для сябе. Практычна год нічога не вядома пра Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча…

Прысутныя на брыфінгу правабаронцы нагадалі, што інкамунікада, ізаляцыя чалавека і пазбаўленне сувязі са знешнім светам, – адно з самых цяжкіх парушэнняў правоў чалавека, якое стаіць у адным шэрагу з гвалтоўнымі выкраданнямі людзей.

— Інкамунікада — гэта спосаб катавання, — падкрэсліла Святлана Ціханоўская, — прычым гэта катаванне не толькі для палітвязняў, але і для іх сем’яў, якія жывуць цалкам у невядомасці і страху, што можа адбыцца самае найгоршае.

Святлана Ціханоўская адзначыла: для яе самае цяжкае — уяўляць, як адміністрацыя вязніц выкарыстоўвае інкамунікада, каб пагоршыць фізічны і псіхічны стан палітзвязняў, пераканаць, што яны нібыта нікому ўжо не патрэбныя і што іхняя ахвяра і барацьба была дарэмнай.

— Рэжым Лукашэнкі ужо забіў пяцёх беларускіх палітвязняў: Ігара Ледніка, Вадзіма Храсько, Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча — і працягвае забіваць іншых. Турма сама па сабе — гэта павольная смерць, а смерць у зняволенні — страшная смерць.

Здавалася б, забойства Аляксея Навальнага ў Расіі мусіла скалануць міжнародную супольнасць, прымусіць да дзеянняў. Але пакуль што мы збольшага чуем толькі словы асуджэння і заклапочанасці. І мы павінны не дапусціць новых ахвяр, павінны спыніць катаванне людзей у турмах.

Ціханоўская звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрыша з заклікам: «Умяшайцеся! Патрабуйце спыніць зверскую палітыку інкамунікада ў беларускіх вязніцах! У вашых сілах выратаваць жыцці людзей. І гэта не палітычнае пытанне. Гэта пытанне гуманітарнае! Палітвязням павінен быць забяспечаны доступ да кваліфікаванай медычнай дапамогі, сувязь з адвакатамі і сем’ямі!».

Каля 400 палітыкаў з Літвы і іншых краін узялі пад патранат беларускіх палітзняволеных, сталі іх голасам і адвакатамі на міжнароднай арэне. Але палітвязняў, на жаль, нашмат болей — і амаль штодня рэжым бярэ новых закладнікаў. Таму, перакананая Святлана Ціханоўская, неабходна аб’яднаць усе магчымыя высілкі ў справе вызвалення палітвязняў:

— Сёння мы павінны быць рашучымі і салідарнымі. І няхай рэжым ведае і чуе: мы не спынімся, пакуль усе не будуць вольныя.

Калі не працягваць барацьбу за беларускіх палітзняволеных, дадае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, улады самі па сабе не спыняць рэпрэсіі — яны помсцяць усім, да каго могуць дацягнуцца:

— Проста забіваць людзей ім мала, трэба ізаляваць, каб вязням і іх сем’ям было яшчэ больш балюча. Мяркую, што рэжым на гэтым не спыніцца, будзе далей эскалаваць і эскалаваць, і чым бліжэй да 2025 года, тым больш будзе рэпрэсій.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)