Святлана Ціханоўская прысвяціла прэмію Парламенцкай асамблеі НАТА беларускім жанчынам

9 кастрычніка лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў атрымала ў Даніі прэмію Парламенцкай асамблеі НАТА «Жанчыны – за мір і бяспеку». Святлана Ціханоўская прысвяціла яе ўсім беларускім жанчынам.

– Прымаючы сёння гэтую ўзнагароду, я не магу не думаць пра ізраільскіх мужчынаў і жанчынаў, узятых у закладнікі тэрарыстамі. Спадзяюся, што ўсе палонныя паспяхова вернуцца дадому.

Нашыя жанчыны-палітвязынкі – таксама закладніцы. Закладніцы тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі. Іх трымаюць без сувязі са знешнім светам, да іх не дапускаюць адвакатаў і адмаўляюць у медычнай дапамозе. Гэта ўзнагарода Паліны Шарэнда-Панасюк і іншых жанчынаў, як яна.

Наталля Пінчук, жонка Нобелеўскага Лаўрэата Алеся Бяляцкага, гэта і вашая ўзнагарода. Я сама жонка палітвязня і добра ведаю, як гэта. Такіх жанчынаў, як мы, у Беларусі тысячы. І гэта таксама іх узнагарода.

Ёсць яшчэ шмат жанчынаў, хто за мяне галасаваў, і дагэтуль працягвае верыць у нашую перамогу. Ім усім я хачу прысвяціць гэтую прэмію, – заявіла Ціханоўская.

На прыёме з нагоды саміта ў Капенгагене лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў правяла размову з наследным прынцам Даніі Фрыдэрыкам. Яна распавяла прынцу пра сітуацыю ў сённяшняй Беларусі і падкрэсліла, што беларусы не здаліся і бачаць сваю краіну дэмакратычнай і еўрапейскай.

Сустрэлася Ціханоўская і з беларускай дыяспарай у Даніі.

У лідаркі таксама запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам ПА НАТА, міністрам замежных спраў Даніі, спікерам Парламента і членамі Камітэта па замежных справах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(28)