Общество
Ігар Карней, Радые Свабода

«Сьвінак забралі, засталося 15 мяхоў вотруб’я і 8 — камбікорму»

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня сьцьвярджаюць, што ня маюць дадзеных, колькі дакладна зьнішчана жывелы ў рамках кампаніі, каб спыніць распаўсюд вірусу афрыканскай чумы сьвіней.

Аднак пэўна вядома, што лік ідзе на многія тысячы — у шэрагу рэгіенаў на прыватных падворках ужо не засталося ніводнай асобіны, а ў некаторых фэрмэрскіх гаспадарках сьвіней нішчаць сотнямі. Тым часам дагэтуль ня выплачана абяцаная дзяржавай кампэнсацыя вяскоўцам за панесеныя страты.

80-гадовая Ганна Булка жыве ў самым асяродку эпізаотыі — у весцы Чапунь Івейскага раену Гарадзеншчыны. Прызнаецца, што кожны дзень згадвае, як забіралі яе адзінага парсючка:

— Я была ў хаце, прыехалі нейкія машыны, выйшлі людзі, прыглядаюцца. Я на вуліцу, у суседкі пытаюся: што гэта за машыны? Тая кажа, што прыехалі па сьвіней. Я зьдзівілася: па якіх сьвіней? Аказалася, па тых, якія яшчэ засталіся. Думаю, што ж рабіць? Да дачкі ў Менск патэлефанавала: так і так, забіраюць мае парасятка. Дачка супакойвае — не бядуй, мама, нічога ўжо ня вернеш. Але ж і парасятка шкада, і грошы прапалі.

— А колькі плацілі за парасе?

— Ня памятаю дакладна, але пэўна, што якіх 550 тысяч за аднаго парсючка. Вылажаны такі, добры. Бо сьвіньні вельмі дарагія, а маленькі дык нічога. Ну, а цяпер няма ўжо. Тады казалі, што будуць даваць за кіляграм па 16 тысяч рублеў. Але ж ужо ладна часу мінула, і нічога пакуль. Таму ня ведаю, дадуць нешта ці не, бо ні з кім асабліва не гавару, нідзе не іду, усе ў хаце сяджу.

Страты пацярпелым вяскоўцам мусіць кампэнсаваць мясцовы бюджэт. На тэрыторыях, якія трапляюць у зону карантыну, сума вызначаецца ў залежнасьці ад матэрыяльнага стану раену — але ня больш як 20 тысяч рублеў за кіляграм жывой вагі. Зрэшты, грошай абсалютная бальшыня сьвінаводаў так і не атрымала.

У Стаўпецкім раене, дзе ліквідацыя пагалоўя набыла ці не найбольшыя маштабы, распачаць выплаты абяцалі яшчэ на мінулым тыдні, а цяпер кажуць, што пытаньне нібыта закрыюць да канца сеньняшняга дня:

— На гэтым тыдні абяцалі раздаць, але ж бачыце, ужо і чацьвер настаў, які абяцалі крайнім тэрмінам, а ніякіх спробаў няма. Казалі, што на 18–19 тысяч рублеў за кіляграм можна разьлічваць, а як урэшце будзе — хто ж яго ведае. Людзі пастаянна тэлефануюць, тузаюць. Дык яшчэ на мінулым тыдні казалі, што заплацяць, але ж нічога не далі. Прынамсі, пакуль па разьлікі нікога ў сельсавет не запрашалі.

Людзі скардзяцца, што са стратай сьвінога статка ня маюць куды падзець кармы. Як кажа спадарыня Марыя з Валожынскага раену, з разьлікам на будучыню людзі назапасілі бульбы, камбікармоў, а цяпер хлявы апусьцелі і патрэба карміць сьвіней адпала на дзясяткі кілямэтраў навокал:

— Ну зразумела, куды ж цяпер столькі? Бывае, прыходзяць машыны, скупляюць рэшткі, але калі столькі ў людзей пазаставалася, то і кошты ніякія. Усе ў мінусе. Адзінае спадзяваньне, што недзе ж сытуацыя нармальная, яшчэ ж ня ўсе вобласьці заражаныя — можа, каму наша бульба і спатрэбіцца. Дык тут жа ня толькі бульба. Я вось трымала, здавалася, мала сьвіней, але ж хочацца, каб былі дагледжаныя. Да нас камэрсанты езьдзяць, прадаюць камбікорм, вотруб’е. Я як дурная 15 мяхоў купіла вотруб’я і 8 мяхоў па 60 кіляграмаў камбікорму. А цяпер куды ўсе гэта падзець? Грошай увярнула — за камбікорм па 100 тысяч рублеў, за вотруб’е — па 40 тысяч. Во колькі грошай патраціла, а куды падзець? Усе ж засталося.

Выглядае, што вярнуцца да сьвінагадоўлі цягам бліжэйшых гадоў будзе немагчыма. Валожынскія ўлады ўжо абвясьцілі, што прынамсі да канца 2013-га ні пра якіх сьвіней няма і размовы. Падобныя распараджэньні рыхтуюць і іншыя рэгіены, якія трапілі ў карантынную зону.

У бестэрміновай камандзіроўцы на посьце ля вескі Чапунь на Івейшчыне загадчык аддзелу таксыкалегіі Гарадзенскай вэтэрынарнай лябараторыі Аляксандар Арловіч. Паводле ягоных словаў, цяжка нават прагназаваць, наколькі зацягнецца вахта:

— Проста на месцы не хапае людзей, таму мы тут. У нас стацыянарны пост, мы дзяжурым круглыя суткі, у тым ліку і ўначы, каб ніхто нічога не праносіў, не выносіў. Тым часам у 20-кілямэтровай зоне таксама працуюць людзі, робяць усыпленьне, забіраюць сьвіней — усе згодна з умовамі карантыну.

— А куды сьвіней вывозяць?

— На скотамагільнікі, дзе потым адбываецца іх спальваньне. Гэта на тэрыторыі раену. Адзінае, што не скажу канкрэтна месца, трэба дазвол у вышэйстаячых органаў запытваць. Але есьць вызначаная тэрыторыя пад спальваньне трупаў. Есьць людзі, якія непасрэдна спальваюць, есьць адказныя за дастаўку, есьць адказныя за ўсыпленьне, бо ня хто папала ходзіць і ўсыпляе.

Тым часам памежныя краіны ўзмацняюць санітарныя кардоны зь Беларусьсю. Але калі Расея, Украіна, Латвія абмяжоўваюцца збольшага пільным аглядам харчовага багажу, то Літва абвясьціла пра намер адгарадзіцца ад «чумных суседзяў». Вільня просіць у Эўракамісіі 13,5 мільена эўра дапамогі на барацьбу з афрыканскай чумой сьвіней, прычым 10 мільенаў пойдзе на ўзьвядзеньне агароджы ад дзікай жывелы, якая мігруе з адной краіны ў іншую.

Паводле разьлікаў літоўскіх экспэртаў, абмежаваньне вольнага перамяшчэньня дапаможа пазьбегнуць да 90% выпадкаў заражэньня — прычым, гэта тычыцца ня толькі сьвіной хваробы, але і цяжкіх формаў яшчура, які лютуе ў Расеі. На думку прадстаўнікоў літоўскага ўраду, інвэстыцыі ў супрацьбеларускую агароджу пайшлі б на карысьць усяму Эўразьвязу, бо ў выпадку распаўсюду сьвіной чумы штодзенныя страты ад ліквідацыі наступстваў будуць большыя, чым аднаразовы кошт плота.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)