Общество
Вольга Слуцкая

Сваяк маладафронтаўца Івана Шылы зняўся ў роліку БРСМ

Пакуль актывіст «Маладога фронту» Іван Шыла з Салігорску сядзеў на сутках на Акрэсціна за правядзенне пікету ў падтрымку сваіх паплечнікаў – палітвязняў Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава, ягоны стрыечны брат паўдзельнічаў у запісе звароту БРСМ да міжнароднай супольнасці.

У панядзелак Іван Шыла выйшаў з Акрэсціна і быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся пра тое, што яго стрыечны брат Максім Касцян, студэнт пятага курса Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва, узяў удзел у здымках роліка БРСМ — «адкрытага відэазвароту да грамадскіх і палітычных дзеячаў у сувязі з міжнароднай сітуацыяй».

Зварот быў размешчаны на папулярным сэрвісе YouTube. У звароце, апублікаваным таксама на афіцыйным сайце юных прыхільнікаў Лукашэнкі, гаворыцца, што «на працягу апошніх чатырох месяцаў наша краіна стала ахвярай беспрэцэдэнтнай па сваёй інтэнсіўнасці і цынічнасці кампаніі хлусні, паклёпу, шантажу, палітычнага, дыпламатычнага і эканамічнага ціску». Менавіта гэты словы прамаўляе ў камеру стрыечны брат Івана Шылы (другі на відэа).

— Я быў здзіўлены, калі пра гэта даведаўся, — сказаў Іван Шыла ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасці». — Пакуль я сядзеў на сутках, мае родныя бачыліся з Максімам на памінках па дзеду, але той нічога не сказаў пра здымкі ў роліку БРСМ. Па праўдзе, мы з ім ніколі не сябравалі і рэдка бачыліся. Мне цікава, як будуць апраўдвацца гэтыя людзі праз дзесяць, дваццаць год. Бо ўлада калісьці зменіцца. Як было ў поставецкі час, калі людзі, якія верылі ў сацыялізм з чалавечым тварам, сярод якіх былі і пісьменнікі, і мастакі, нарэшце зразумелі, чым былі іх ідэалы. Многія тады пакаяліся. Я думаю, што ў адрозненне ад іх, БРСМ-аўцы – прыстасаванцы. І мне іх шкада.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)