Политика
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Сурвіла, Пазьняк, Шушкевіч і Казулін зьвярнуліся да Эўразьвязу

Яны заклікаюць не запрашаць А. Лукашэнку ў Прагу, бо вынікам гэтага стане “ўзмацненьне рэпрэсіяў і этнацыду беларусаў, ціску на народ, перасьледу па палітычных прычынах.”

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 1994 г. Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч, кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 г. Аляксандар Казулін выступілі з сумесным зваротам да Эўразьвязу і Эўрапейскіх палітыкаў.

“Мы вітаем добрую волю Эўразьвязу, накіраваную на падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Разам з тым, у сувязі з інаўгурацыйным самітам праграмы “Усходняе партнэрства”, які плянуе правесьці Эўразьвяз у Празе 7-га траўня гэтага году, мы мусім заявіць, што пэўная канцэптуальная неакрэсьленасьць гэтай добрай і ўзаемавыгаднай праграмы ў дачыненьні да дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі прывядзе да вельмі нэгатыўных вынікаў.” – гаворыцца ў звароце. – “Запрашэньне кіраўніка ўлады А. Лукашэнкі на саміт у Прагу аўтары звароту называюць “знакавым дзеяньнем, якое, фактычна, легітымізуе дыктатуру, скасуе незаконнасьць яе ўлады і прынятых антыпраўных рашэньняў. Вынікам запрашэньня А. Лукашэнкі ў Прагу стане ўзмацненьне рэпрэсіяў і этнацыду беларусаў, ціску на народ, перасьледу па палітычных прычынах за іншадумства”.

“Мы ведаем становішча ў нашым грамадзтве, узровень думаньня і матывы паводзінаў А. Лукашэнкі, - пішуць І. Сурвіла, З. Пазьняк, С. Шушкевіч і А. Казулін. -- Нягледзячы на міжусобныя супярэчнасьці зь некаторымі сваімі саюзьнікамі, рэжым Лукашэнкі праводзіць зь імі ўзгодненую палітыку, у тым ліку і ў падыходзе да “Усходняга партнэрства”. Нявызначанасьць палітычных крытэрыяў з боку Эўразьвязу задавальняе антыбеларускі рэжым А. Лукашэнкі і яго саюзьнікаў, але супярэчыць інтарэсам Беларусі”.

У сумесным звароце гаворыцца, што “аморфнасьць крытэрыяў у дачыненьні да антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ставіць пад пагрозу нацыянальнае, гуманістычнае і дэмакратычнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва. Пасьля новых арыштаў у Беларусі па палітычных прычынах, пасьля дэманстратыўных зрываў візыту эўракамісара па зьнешніх сувязях і палітыкі добрасуседзтва, ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб не запрашаць Лукашэнку на саміт”.

Аўтары звароту да Эўразьвязу адзначаюць: “У нас, падпісантаў гэтага звароту, розныя партыйныя пазыцыі і розныя погляды на палітыку, але пагроза Незалежнасьці нашай краіны і нашай грамадзянскай супольнасьці, якая ўзьнікае ў сувязі з аднабокімі дзеяньнямі ў дачыненьні да рэжыму на Беларусі, змушаюць нас гаварыць цяпер разам і адным голасам: Лукашэнка не павінен быць запрошаны ў Прагу. Мы спадзяемся на падтрымку гэтага звароту з боку нашых балтыйскіх і заходніх суседзяў і прыхільнікаў адказнай палітыкі” – пішуць І. Сурвіла, З. Пазьняк, С. Шушкевіч і А. Казулін у звароце да Эўразьвязу і эўрапейскіх палітыкаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)