Судаленка: «Пра якія правы чалавека можна казаць? Гэта катаванні»
Праваабаронца Леанід Судаленка, які выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі, у чарговым інтэрв’ю распавёў пра свой турэмны досвед.
— Зараз я атрымліваю незалежную інфармацыю з інтэрнэту, аналізую яе. У турме, канешне, сядзіш у пэўным інфармацыйным вакууме. Якія ў мяне былі стасункі з воляй? Падпіскі на дзяржаўныя газеты: СБ, Гомельская рэгіянальная праўда, каб ведаць, што адбываецца, — распавядае праваабаронца ў інтэрв’ю DW Беларусь.
Нават Мукавозчыка чытаў, і з сябрамі, аднадумцамі абмяркоўвалі. Зразумела, што ён усё пераварочвае, але мы навучыліся чытаць паміж радкоў. Чыталі пра суд над «Вясной»… Я разумеў, што там хлусяць, але хаця б зафіксаваць падзею.
Тэлебачанне — гэта адна гадзіна на дзень вечарам. Можна было глядзець толькі РТР і СТВ. Вось і ўся інфармацыя. Але ж усё роўна ў лагеры інфармацыя ходзіць. Звычайныя людзі (не «палітычныя») тэлефануюць куды хочуць і калі хочуць, яны прыносяць навіны з інтэрнэту. Так станавілася вядома, што не ўсё добра ў Расіі ў сувязі са «спецаперацыяй» ва Украіне, як гэта падае расійская прапаганда.
Судаленка зазначае, што пра правы чалавека ў няволі казаць не прыходзіцца.
— Калі ты туды прыязджаеш — ты ніхто і завуць цябе ніяк. І ты вымушаны падпарадкоўвацца любому патрабаванню супрацоўнікаў адміністрацыі. Я трапіў у ШЫЗА, мне не далі ні матрацу, ні пасцельных рэчаў, я спаў на палу і даводзіў да адміністрацыі, што нават сабака спіць на кілімку, чаму я вымушаны спаць на падлозе? Мне казалі, што гэта правілы ўнутранага распарадку. Пра якія правы чалавека можна казаць? Гэта катаванні.
Можна стаць на гэты шлях і патрабаваць выканання правоў чалавека. Але цябе закрыюць у ШЫЗА і пратрымаюць увесь тэрмін, і ніхто пра цябе не будзе нічога ведаць. Добра, калі выйдзеш адтуль жывым з пагоршаным здароўем, а можа быць і горш.
Пры гэтым, па словах праваабаронцы, адміністрацыя калоніі ставіцца аднолькава не да ўсіх палітзняволеных.
— Калі прыязджае малады хлопец, якія штосьці недзе лайкнуў і больш ніякіх спраў не рабіў, ён будзе сядзець і на яго ніхто ўвагі не зверне. Але я ж заехаў з 20-гадовым стажам праваабаронца: яны ведалі, хто я, чым займаўся. Я разумею, чаму мне за ўвесь час не далі спаткання — гэта было своеасаблівае пакаранне за маю дзейнасць. Як толькі я падаваў заяўку на спатканне, да мяне адразу прыходзілі і шукалі малейшыя шчэпкі, каб пазбавіць гэтага спаткання.
Я іншы раз думаў, што купіць: кілаграм яблык, каб падтрымаць свой арганізм вітамінамі, ці кілаграм печыва. Грошы на рахунку былі, але ж я мог траціць толькі дзве базавыя, у той час як усе астатнія — шэсць базавых на месяц. Я не атрымаў ніводнага відэазванка з сям’ёй, хаця іншыя атрымлівалі. Я працаваў кожны дзень, акрамя выходных, і ні разу не атрымаў адпачынку, хаця іншыя атрымлівалі — два тыдні сядзелі на бараку і пілі каву.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное