«Суд фактычна выканаў рашэнне Лукашэнкі»

«Прысуд гэтым двум маладым хлопцам сведчыць пра страшную хваробу нашага грамадства – пра абыякавасць. Абыякавасць не толькі да іншых людзей – абыякавасць да свайго ўласнага лёсу. 17 гадоў нас зневажаюць, збіваюць, абкрадаюць, саджаюць у турмы, кандыдатаў у прэзідэнты кінулі за краты толькі таму, што наважыліся тут нешта змяніць – усім пляваць. Абы не нас! Дачакаецеся: прыйдуць і за вамі! Маральны стан нашага грамадства проста жудасны».

Так пракаментаваў вынясенне прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, асуджаных да смяротнага пакарання па абвінавачанні ў тэракце ў Мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 года.

-У гэтым прысудзе няма ніякай памяці пра тых, хто загінуў у гэтай страшэннай мясарубцы. Гэта, хутчэй, помста, і помста не гэтым двум хлопцам, а помста нам усім, – кажа Уладзімір Някляеў.

Палітык нагадаў, што прысуд “віцебскім тэрарыстам” вынесены яшчэ да таго, як прагучаў прысуд у Доме правасуддзя.

-Па сутнасці, сённяшні прысуд Лукашэнка вынес да суда. У Маскве, калі Лукашэнка падпісваў паперы па Еўразійскім Саюзе, нехта з журналістаў запытаўся пра далейшы лёс “тэрарыстаў”. На што Лукашэнка сказаў: “Мне давядзецца вырашаць – караць ці мілаваць”. Сёння суд фактычна выканаў рашэнне Лукашэнкі, агучанае яшчэ да заканчэння суда, – заявіў Уладзімір Някляеў.

- Гэты прысуд – сведчанне таго, што рэжым не думае пра людзей. Я маю на ўвазе не Канавалава з Кавалёвым. Я маю на ўвазе грамадзян гэтай краіны, якія маюць пэўны досвед. Напрыклад, досвед Чарнобыльскай катастрофы. Досвед гора, бяды, якую перажылі. Перш чым будаваць яшчэ адну АЭС, якая можа стаць яшчэ адным горам, яшчэ адной трагедыяй для ўсяго народа, трэба было запытацца ў людзей – а ці трэба? Ці не пераважаць усе верагодныя і неверагодныя выгоды адчуванне бяды?..

Тое самае з прысудам гэтым хлопцам. Суд не даказаў на сто працэнтаў іхнюю віну, што ў гэтым выпадку проста неабходна. Гісторыя мае ўжо “віцебскую справу”, калі ў час “палявання на ведзьмаў” пацярпелі невінаватыя людзі. На гэта ўсе плююць. Зараз вырак залежаў не ад следства, не ад суда, не ад адваката, – усё залежала ад волі аднаго чалавека, які на свой выбар вырашыў паставіць коску ў сказе «Казнить нельзя помиловать». Не дзеля справядлівасці гэты прысуд выносіўся…

Вельмі страшна думаць пра тое, што нічога не ўскалыхне наша грамадства – так, прабяжыць сполах па вярхах… Пра ўсё забываюцца – як забыліся ўжо і на ахвяраў гэтага тэракту. У гэтым прысудзе няма памяці пра ахвяраў тэрату – гэта помста, і помста не гэтым двум хлопцам, а помста ўсім нам, – адзначыў Уладзімір Някляеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)