Міхал Карневіч, ”Радыё Свабода”
Стыхійная акцыя побач з сынагогай у Горадні

Гарадзенскія гісторыкі й моладзевыя актывісты сабраліся ў Старым горадзе, каб перашкодзіць працы бульдозэра побач з гарадзенскай сынагогай. Некалькіх чалавек затрымалі. Карэспандэнта Радыё Свабода прымусілі зьнішчыць усе здымкі ў фотаапараце.

Якраз перад пачаткам акцыі да людзей, што сабраліся, пад’ехаў старшыня гарвыканкаму спадар Антоненка. Ён патлумачыў, што ніякай дарогі будаваць не плянуюць.

Словы чыноўніка пацьвердзіў і інжынэр, які ў гэты час назіраў за працай бульдозэра. Ён таксама патлумачыў, што схіл гары падсыпаюць, паколькі вада яго вымыла.

Аднак моладзевыя актывісты не паверылі старшыню гарвыканкаму й інжынэру. Рэканструкцыя старой часткі Горадні адбываецца ў закрытым рэжыме, працаў не абмяркоўваюць у СМІ — як вынік, пацярпела шмат помнікаў архітэктуры, некаторыя цалкам разбурылі.

Адзін з моладзевых актывістаў, Валеры Руселік, спрабаваў стаць на шляху трактара, але міліцыянты яго адцягнулі. Чатырох чалавек затрымалі, каб правесьці прафіляктычную гутарку.

Сярод затрыманых гісторыкі Алесь Смалянчук, Юры Гардзееў, дзьве школьніцы — Вольга Смалянчук і Вольга Літвіненка. Цяпер у Ленінскім аддзеле ўнутраных справаў Горадні яны пішуць тлумачэньні.

Сярод затрыманых быў і я. Мяне прымусілі сьцерці зьнятыя фота — пасьля гэтага адпусьцілі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)