Политика
Мікола Чарняўскі

Студэнта-тэолага адлічылі з БДУ за палітычную дзейнасць?

Актывіст «Моладзі БНФ» Павел Чудук адлічаны з другога курсу Інстытута тэалогі ім. св. Мяфодзія і Кірыла. Гэта адбылося пасля таго, як ён вярнуўся з Швецыі, дзе працаваў на выбарах у Еўрапарламент.

Студэнт Інстытута тэалогі БДУ, рэктарам якога з’яўляецца Філарэт, Павал Чудук расказаў «Салідарнасці», што перад тым, як адправіцца ў Швецыю, ён прынёс у ВНУ афіцыйнае запрашэнне. Пасля падышоў да кожнага выкладчыка, якія паабяцалі яму, што па вяртанні праблем са здачай залікаў ня будзе.

comment

– Але калі 9 чэрвеня я вярнуўся з Швецыі, мяне выклікалі ў дэканат і паказалі фотаздымкі майго ўдзелу ў «Чарнобыльскім шляху». Сказалі, што вучоба ў інстытуце з палітычнай дзейнасцю несумяшчальная, – расказаў Павел. – Далей адбылося ўвогуле дзіўнае: выкладчыца нямецкай мовы, з якой у нас была дамова аб тым, што залік мне будзе пастаўлены, выклікала мяне да сябе на размову і ў катэгарычнай форме заявіла, што за паўтары гады курсу я не навучыўся ні чытаць, ні пісаць па-нямецку, не ведаю нямецкай граматыкі.

Павел Чудук

Пасля гэтага малады чалавек некалькі разоў спрабаваў здаць залік, але безпаспяхова. Не паставіла яму залік і спецыяльна скліканая камісія. Такая самая сітуацыя паўтарылася ў студэнта і з залікам па рэлігіязнаўстве. Афіцыйнае адлічэнне з інстытута студэнта Паўла Чудука, які не здаў залікі і не атрымаў допуск да сесіі, было падпісана Філарэтам.

– Камісіі па здачы ставіліся да мяне перадузята, і я звязваю гэта са сваёй палітычнай дзейнасцю. Падстаў для іншых думак у мяне няма, – лічыць Павел.

Між тым прарэктар па вучэбнай працы Інстытута тэалогіі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Генадзь Пятроўскі абвінавачванні ў палітычных матывах абвяргае.

Генадзь Пятроўскі

– Увесь «палітычны» матыў заключаўся ў тым, што з 5 ці 6 спроб Павел не змог здаць залік па нямецкай мове. Другі «палітычны» матыў быў такі самы – за некалькі разоў ён не змог здаць залік па тэалогіі, – сказаў «Салідарнасці» Генадзь Пятроўскі. – А наконт фотаздымкаў з «Чарнобыльскага шляху»… Я ўвогуле не ведаў, што ён удзельнічаў у апазіцыйных акцыях.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)