Стрыжак: «Мы, беларусы, павінны дапамагаць у першую чаргу самі сабе»

Па сукупнасці крымінальных спраў, заведзеных на Андрэя Стрыжака, у Беларусі яму свеціць не больш не менш як пажыццёвае зняволенне а, улічваючы апошнія папраўкі, нават, можа, вышэйшая мера пакарання. На гэтым тыдні Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра яшчэ адно абвінавачанне. За дапамогу ўкраінскаму войску, якую збіраў ягоны фонд, Стрыжаку інкрымінуецца артыкул за «фінансаванне вайны».

У эфіры «Еўр*радыё» актывіст распавёў пра сваю матывацыю, пашырэнне дапамогі ўкраінцам і што мусіць зрабіць Расія пасля паразы.

– Нават самае падрыхтаванае войска любой еўрапейскай дзяржавы, якое сутыкнулася з расіянамі, патрабавала б дадатковай дапамогі ад людзей і ад іншых дзяржаў, – упэўнены Стрыжак. — Бо расійскае войска вялікае. Я не кажу, што яно магутнае, бо мы бачым, якім чынам яны ваююць, а робяць яны гэта вельмі дрэнна, але іх проста шмат. І гэта першы аспект.

Другі аспект, улічваючы той памер украінскага войска, які быў, каб супрацьстаяць поўнафарматнаму ўторгненню Расіі, патрэбныя былі дадатковыя сілы. Напрыклад, сілы тэрытарыяльнай абароны. А гэта такая рэч, якая пачала будавацца ў невялічкі тэрмін перад пачаткам вайны.

І тэрабарона была дастаткова дрэнна забяспечана такімі сродкамі, як бронекамізэлькі або каскі. Зараз з гэтым значна лепш. Заходнія краіны і валанцёры вельмі шмат гэтага пастаўляюць.

Тым не менш нельга сказаць, што 8 гадоў ніхто нічога не рабіў і толькі дарогі будаваў, як дастаткова з’едліва зараз жартуюць крытыкі ўлады Украіны. Маўляў, па гэтых дарогах вельмі добра эвакуявацца грамадзянскаму насельніцтву.

Я разумею, што ёсць логіка мірнага часу, а ёсць логіка ваеннага, і каманда Зяленскага спрабавала прасоўваць менавіта нейкі мірны сцэнар. На мой погляд, гэта троху наіўна, але на гэта быў запыт ва ўкраінскага грамадства. Не ўсё грамадства, але пэўная частка хацела міра.

Тым не менш мы бачым, што калі твой сусед Расія, і ён хоча адхапіць кавалак тэрыторыі, або кагосьці дэмілітарызаваць, то трэба рабіць пэўныя захады.

Пра новую крымінальную справу

– Вельмі шмат людзей, якія публічна або непублічна данацяць на Украіну. Яны таксама могуць трактавацца, як фінансісты ваенных дзеянняў. Можа быць, мая крымінальная справа стане першай ластаўкай і потым пойдуць іншыя абвінавачванні, але я вельмі спадзяюся, што на гэтым і скончыцца.

Бо, зразумела, што людзі з Беларусі ахвяруюць, людзі з Беларусі дапамагаюць украінцам. І вельмі проста такую дапамогу прыраўняць да фінансавання вайсковых дзеянняў. Напрыклад, ты адпраўляеш прадукты харчавання ва Украіну, і ты ж не ведаеш, ці будуць імі карыстацца вайскоўцы, грамадзянскія або медыкі.

Яны насамрэч адкрываюць скрыню Пандоры з гэтай крымінальнай справай супраць мяне. Паглядзім, ці хопіць у іх мазгоў не прымяняць яе на ўсіх астатніх.

Мы заўсёды, яшчэ з пачатку вайны на Данбасе, падкрэслівалі, што наша дзейнасць накіравана на грамадзянскае насельніцтва, на валанцёраў, якія працуюць ва Украіне. У першую чаргу, на медыкаў Першага мабільнага шпіталя ім.Пірагова.

Сёлета змяніўся фокус, бо мы вырашылі, што гэта агрэсія супраць Украіны з боку Расіі і няма ніякіх паўтонаў, калі Расія адмаўляла свой удзел на Данбасе. Таму мы пашырылі свае паўнамоцтвы дапамогі людзям, якія ваююць.

Але трэба падкрэсліць, што гэта дапамога, якія тычыцца закупкі аўтатранспарту, альбо сродкаў абароны, альбо сродкаў тактычнай медыцыны. Не ідзе гаворка пра тое, што мы купляем БТРы і дасылаем іх ва Украіну. Таму я не ведаю, ці можна гэта лічыць фінансаваннем ваеннай дзейнасці.

У бронекамізэльках і касках ходзяць усе, хто працуе ў зоне канфлікту: і ратаўнікі, і медыкі, і прадстаўнікі міжнародных місій. Імі немагчыма нікога забіць або зрабіць наступ.

Пра змаганне пасля перамогі

– Калі мы разважаем гістарычнымі паралелямі, то з нацызмам у Германіі заходнія хаўруснікі змагаліся і пасля вайны. І гэта вельмі важны працэс, каб тая эліта, якая будзе пасля вайны ў Расіі – а яшчэ невядома, якой наогул будзе Расія, ці яна застанецца ў гэтых межах, ці яна распадзецца на некалькі дзяржаў – тыя новыя эліты Расіі павінны разумець, што ніколі зноў. Што не павінна гэта паўтарыцца.

А для таго, каб гэта адбылося, мусіць адбыцца шырокая праца з людзьмі, якім трэба патлумачыць, што насамрэч адбывалася.

Патлумачыць, што ў Бучы была не інсталяцыя, што ў Марыўпалі гінулі сапраўдныя тысячы людзей. Што гэта быў абсалютна неадэкватны напад на Украіну. Што былі разбураныя інфраструктура і грамадзянскія аб’екты, якія абароненыя паводле права і якія ўвогуле нельга бамбіць.

Таму вось усё гэта мусіць быць данесена да кожнага чалавека, які малюе Z-свастыку на сваёй машыне і думае, што ён на баку моцнага. Насамрэч, як паказвае чалавечая гісторыя, той, хто сёння моцны і нападае на ўвесь свет, ён заўтра абавязкова будзе слабым. І прыклад фашысцкай Германіі вельмі добры.

Пра дапамогу беларусам

— На галоўнай старонцы нашага сайта сярод нашых уласных збораў толькі адзін збор вайсковы, а ўсе астатнія для беларусаў унутры Беларусі. Калі паглядзець персанальныя зборы, то там няма ніводнага на ўкраінцаў, яны ўсе на беларусаў, палітвязняў, на людзей, якія былі вымушаны з’ехаць з Беларусі або атрымалі вялікія штрафы.

Для нас украінскі накірунак – гэта адзін з накірункаў нашай працы. Гэта не значыць, што мы цалкам пераарыентаваліся на яго. Мы проста прымянілі тыя кампетэнцыі, якія ў нас ёсць, каб наладзіць гэтую дапамогу. Мы працуем з Украінай ужо 7 год і для мяне гэта абсалютна натуральны накірунак, якім наша арганізацыя займаецца.

Тым не менш Украіне зараз дапамагае ўвесь свет, і калі да мяне асабіста прыходзіць чалавек і пытаецца «Андрэй, на што вам зараз патрэбны грошы?», я адказваю, што ў нас вялізная чарга сем’яў палітвязняў, таму лепш данаціць туды або падпісацца, каб кожны месяц нейкая капейчына капала. Бо мы бачым, што палітвязняў усё больш, і пытанне гэтае не здымаецца.

Плюс зараз з’явілася праблема вызваленых палітвязняў, якія выходзяць з сапсаваным здароўем, з воўчым білетам без магчымасці знайсці працу.

Таму праблем у Беларусі шмат і хачу падкрэсліць, што мы, беларусы, павінны дапамагаць у першую чаргу самі сабе. Ясна, што Украіна — гэта сусветная гісторыя, і мы ўдзельнічаем у ёй і падтрымліваем Украіну, але нас, акрамя нас саміх, зараз мала хто падтрымае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(16)