Стась Карпаў: «Думаю толькі пра дом, бо як туды вярнуцца – невядома»

Вэб-дызайнер і публіцыст Стась Карпаў падзяліўся сваімі эмоцыямі пасля пераезду ў Грузію.

– У 13-м годзе я ўжо сустракаў дзень нараджэння ў Грузіі, – піша Карпаў. – Сёння – зноў тут, але ў мінулы раз я ведаў што праз тыдзень паеду дадому і таму думаў ў асноўным пра віно і чачу, а пра дом не думаў зусім.

Гэтым разам я думаю толькі пра дом, бо як туды вярнуцца – невядома.

Напрыканцы сакавіка мы выехалі з Беларусі, бо трэба было па працы. На 5 жніўня ў нас былі білеты назад. Але чым бліжэй была гэтая дата, тым часцей сваякі прасілі застацца за мяжой. Пасля пачаліся чарговыя пасадкі тых, хто вярнуўся ў Беларусь ну і білеты мы здалі.

Вось так.

Цяпер я сяджу ў Грузіі. Тут паўно сяброў і харошых знаёмых. Але дома няма. Гэта не мой дом.

Гэта бясконцае жыццё ў здымнай кватэры – дзе і кватэра – здымная кватэра і краіна – здымная кватэра. У тым сэнсе, што якая б яна ні была цудоўная – яна не твая і ты ніколі не палюбіш яе ўсім сэрцам.

Ніякай свабоды тут няма. Ні паху, ні гуку. Тут ёсць бяспека, але свабода – гэта тое, чым ты можаш карыстацца толькі на радзіме. Свабода, страчаная дома, не знаходзіцца болей нідзе.

Такая х*ня, рабяты.

Тыя, хто скавыча, што ім у Грузіі невыносна без добрай каўбасы – зайздрошчу вам. Мне ў Грузіі нестае Беларусі ўсёй цалкам, натуральна, з каўбасой.

Я вярнуся дадому. Я гэта ведаю дакладна – бо жыццё за мяжой для мяне як жыццё пад вадой, а ў мяне ні хваста, ні жабраў.

Я вярнуся дадому, бо не магу і не хачу жыць нідзе болей. Мы ўсе ўбачымся, абдымемся і вып'ем што заўгодна, нават такое смярдзючае га*но як Налібокі.

А тым, хто застаецца, я хачу сказаць: не слухайце нікога, хто вас папракае, хто вас дакарае, хто вучыць вас скрусе і апатыі. Вашая задача – выжыць і захавацца.

Вашая задача – перанесці блізкіх праз гэтую шырокую смярдзючую раку га*на. Займайцеся толькі гэтым. Толкі захаваннем сябе. У нас няма шансаў прайграць, але няма магчымасці выйграць так хутка, як мы заслугоўваем. Будзьце. Проста будзьце.

Жыве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(20)