Политика
Алена Штраль, «Народная воля»

Старшыня райвыканкама аказаўся «тайным апазіцыянерам»?

Падчас агiтацыйнага сходу старшыня райвыканкама, якi стаў кандыдатам у дэпутаты, заявiў, што "нiчога не баiцца" i раскрытыкаваў дзяржаўную палiтыку. Сустрэча з выбаршчыкамi праходзiла ў райцэнтры Шаркоўшчына, якi ўваходзiць у склад Пастаўскай выбарчай акругi №29, па якой балаціруюцца старшыня Пастаўскага райвыканкама Эдуард Казыра i незалежны кандыдат, былы камандзiр лётнага палка Уладзiмір Бароўка.

Вайсковец-пенсiянер выступаў першым i падчас выступу таксама даў слова прысутнаму на сустрэчы палiтыку Аляксандру Мiлiнкевiчу — сваёй даверанай асобе. А напрыканцы прамовы Уладзiмір Бароўка вымавiў фразу, якая крыху здзiвiла i нават збянтэжыла прысутных: звярнуўшыся да праўладнага канкурэнта, ён папрасiў не паўтараць палажэнняў сваёй праграмы. Публiка ў зале прыцiхла ў чаканнi чагосьцi незвычайнага, i яно здарылася: стаўшы за трыбуну, старшыня райвыканкама пачаў "разнос" апошнiх дзяржаўных указаў i пастаноў.

Прадэманстраваўшы нечаканае адзiнадушша са сваiм апазіцыйным сапернiкам, чыноўнiк заявiў, што ён таксама лiчыць непрымальнай кантрактную сiстэму, што ён супраць адмены льготаў i за справядлiвае размеркаванне бюджэтных грошай памiж рознымi рэгiёнамi краiны. Заадно высветлiлася: вертыкальшчык лiчыць недастаткова спрыяльнымi ўмовы iснавання малога бiзнесу i фермерства, i ён таксама быў бы не супраць пашырэння бясплатнай вышэйшай адукацыi.

Здаецца, такога крутога развароту на 180 градусаў ад праўладнага кандыдата на чакалi нават члены ягонай каманды: кiраўнiк раённага аддзела адукацыi нават пачаў было баранiць кантрактную сiстэму, спрабуючы давесцi ейную мэтазгоднасць. Аднак, паколькi Эдуард Казыра ад пачатку заявiў, што "нiкога не баiцца" i будзе гаварыць адкрыта, "маральная падтрымка" яму не спатрэбiлася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)