Политика
Юлія Аляксандрава

Старое кіраўніцтва БНФ пакінула ў «спадчыну» доўг у 15 мільёнаў

У «спадчыну» ад старога кіраўніцтва партыі БНФ новаабранаму засталіся вялікія грашовыя запазычанасці. Аднак маладая каманда не губляе аптымізму і спадзяецца, што старое і новае кіраўніцтва ўсё ж змогуць працаваць як адна каманда, члены якой «думаюць не пра свае пагоны, а адчуваюць абавязак перад краінай і перад партыяй».

-- Тая «спадчына», якая засталася нам пасля старога кіраўніцтва – гэта запазычанасць памерам 15 млн. беларускіх рублёў за арэнду сядзібы ў ліпені-жніўні 2009, — распавёў «Салідарнасці» адказны сакратар управы партыі БНФ Уладзімір Лабковіч. — Таксама запазычанасці за арэнду рэгіянальных офісаў, якія таксама вымяраюцца некалькімі мільёнамі. Хаця старое кіраўніцтва мусіла зрабіць гэты баланс нулявым перад тым, як перадаць новаабранаму кіраўніцтву. Пагасіць запазычанасць за арэнду офіса ўправы трэба тэрмінова: да 18 верасня. Пасля абрання новага кіраўніцтва дзяржаўныя установы пачалі патрабаваць гэта больш настойліва.

Мінімальнай, паводле словаў Лабковіча, была і дапамога старой каманды ў правядзенні з’езду партыі. Але нягледзячы на спрэчныя моманты новае кіраўніцтва спадзяецца на далейшую сумесную працу:

— Якія стасункі паміж старым і новым кіраўніцтвам? Мы добра разумеем, што ў старой каманды ёсць пэўнае расчараванне, незадаволенасць вынікам з’езду. Але мы перакананыя, што ў канструктыўную працу ўключыцца большая частка тых людзей, якія сапраўды думаюць не пра свае месцы і свае пагоны, а хочуць працаваць, адчуваюць свой абавязак перад краінай і перад партыяй. Такія людзі, безумоўна, будуць і ў новым кіраўніцтве. І тут не будзе ніякага падзелу на старую і новую каманды. Адна з асноўных задач сённяшняга кіраўніцтва – гэта скончыць усялякія падзелы на «свой» – «чужы», на «старая» і «новая» каманды і працаваць разам. А ўсе матэрыяльныя пытанні, я ўпэўнены, мы вырашым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)