Политика
Юлія Аляксандрава, фота Юліі Дарашкевіч, «Наша нiва»

«Спыняць галадоўку будзем, толькі калі будуць вынікі»

Больш за тыдзень шэраг актывістаў незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Малады фронт» трымаюць галадоўку салідарнасці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Спыніць акцыю іх заклікаюць Івонка Сурвіла, сам Аўтуховіч і іншыя. Але ж маладафронтаўцы кажуць: зробім гэта толькі тады, калі будуць нейкія вынікі.

-- Мы разумеем, што тыя, хто заклікаюць спыніць галадоўку, турбуюцца за нас, -- распавяла «Салідарнасці» намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка. -- Але спыняць мы будзем толькі тады, калі будуць нейкія вынікі: ці то рэакцыя з боку ўладаў, ці спыненне галадоўкі самім Аўтуховічам.

Але Мікалай Аўтуховіч спыняць галадоўку не збіраецца, нягледзячы на пагаршэнне фізічнага стану:

- Ён адчувае сябе вельмі дрэнна. Вельмі дрэнныя аналізы. Пачынаюцца праблемы з печанню, - кажа яго адвакат Павал Сапелка, паведамляе «БелаПАН».

Аўтуховіч па-ранейшаму знаходзіцца ў медыцынскай частцы следчага ізалятара па вуліцы Валадарскага.

Зараз колькасць галадуючых складае 29 чалавек -- раніцай 11 траўня да тых, хто трымае галадоўку на сядзібе БНФ далучылася моладзевая актывістка Кася Салаўёва.

-- Калі мне было цяжка, навакольныя людзі шчыра падтрымлівалі і дапамагалі мне. Чаму ж я не магу зрабіць самае мінімальнае для чалавека, які знаходзіцца ў такой складанай сытуацыі - быць з ім салідарнаю, ахвяраваць частку сябе, -- гаворыць Кася, паведамляе сайт «Маладога фронту».

-- Зараз мы адчуваем сябе нармалёва, -- кажа Палажанка. -- Наогул, самае складанае падчас галадоўкі – гэта псіхалагічна настроіць сябе.

У суботу двух маладафронтаўцаў затрымалі, калі яны выйшлі з управы партыі БНФ, дзе трымаюць галадоўку, на вуліцу. Яўгена Скрабца і Іллю Нагорнага пратрымалі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска каля трох гадзін (пакуль у цэнтры горада не скончылася святочнае шэсце ветэранаў), пасля чаго адпусцілі, нават не склаўшы пратаколаў.

Тым часам у Асіповічах 10 траўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі галадоўніка-маладафронтаўца Арцёма Дубскага, які прыехаў на дзень да бацькоў, і яго сяброўку Таццяну Касінчук. Міліцыянтам падалося дзіўным знаходжанне моладзевых актывістаў непадалёк ад сцяны з надпісам «Свабоду Аўтуховічу». На Дубскага склалі пратакол за «дробнае хуліганства», на Касінчук - пратакол апытання. Праз некалькі гадзін юнакоў адпусцілі. Па папярэдняй інфамацыі, працэс над Дубскім адбудзецца 12 траўня.

Па словах Палажанкі, больш сутыкненняў з міліцыяй у галадоўнікаў не было:

-- Але ж наперадзе яшчэ 14 траўня - марш «За незалежнасць!». Паглядзім, што будзе адбывацца там.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)