Политика

Спынена крымінальная справа па выкраданьню Зьмітра Дашкевіча

Старшыня зарэгістраванай ў Чэхіі арганiзацыi «Малады Фронт» Зьміцер Дашкевіч атрымаў адказ ад міліцыi аб тым, што крымінальная справа па яго выкраданьню спынена. Зьміцер Дашкевіч упэўнены, што «усё гэта захаваецца для гісторыі й атрымае працяг у хуткім часе, пры іншай уладзе».

Пра гэта паведамляе прэс-служба Маладога фронту.

Крымінальная справа, дзе Зьміцер зьяўляецца пацярпелым, прыпынена па п.1. ч.1 арт.246 — паведамляецца ў адказе за подпісам старшага дазнавальніка заводзкага РАЎС г. Менска Жабінскага А.М.

Тым ня менш у адказе зазначана:

«Комплеск апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на высьвятленьне асобаў, якія зьдзейсьнілі злачынства, і пошук скрадзенай маёмасьці працягваецца»

– Не было адразу ніякіх спадзеваў, што пры дадзеным рэжыме гэтая крымінальная справа будзе мець іншы вынік — камэнтуе адказ міліцыянтаў старшыня МФ Зьміцер Дашкевіч.

Нагадаем, 5 сьнежня перад прэзэнтацыяй моладзевай кааліцыі «Новае пакаленьне» аб 11 раніцы Зьмітра ля кватэры акружылі некалькі людзей у цывільным, заламалі рукі, вывелі на вуліцу й запхнулі ў «бусік». У Зьмітра забралі асабістыя рэчы, апранулі на галаву дзьве шапкі, некалькі гадзін вазілі ў машыне, пасьля пакінулі ў лесе пад Лагойскам.

Прыклад па выкраданьню Дзяніса Карнова й Насты Палажанкі, якія нават апазналі злачынцу, сьведчыць: пры цяперашнім рэжыме міліцэйскія структуры ня могуць падобныя справы давесьці да канца.

Дзяніса й Насту год таму 25 сакавіка невядомыя вывезьлі ў лес. Пазьней маладафронтаўцы апазналі супрацоўніка «Алмазу» Леаненка Аляксандра, які спрычыніўся да іхняга выкраданьня. Міліцыя ж нават ня здолела выклікаць яго на допыт, ня гледзячы на вядомыя дадзеныя — прозьвішча й месца працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)