Лица

«Спявайце!» – кліп Вольскага аб’яднаў фанатаў і музыкаў

Лявон Вольскі прэзентаваў кліп «Спявайце», зняты рэжысёрам Мацеем Сабуравым. У ім аб’ядналіся ўдзельнікі краўдфандынгу альбома «Псіхасаматыка» і музыкі з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і Нямеччыны.

У краўдфандынгу альбома «Псіхасаматыка», які выйшаў ў лістападзе 2016, агулам узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краін свету. Паглядзець поўны спіс і паслухаць/спампаваць альбом можна на сайце www.lavonvolski.com. У здымках кліпа «Спявайце» па жаданні ўзялі ўдзел тыя, хто зрабіў найбольшы ўнёсак.

Сярод музыкаў, якія бралі ўдзел у кліпе, разнастайныя прадстаўнікі беларускай сцэны: ад Akute, «J:морс», «Без билета», Trubetskoy да Gods Tower, «Дай дарогу!», Re1ikt, Tonqixod. Акрамя таго свае відэа даслалі гурты «Тартак» (Украіна) и Biplan (Літва), лідар гурта «Наив» (Расія) і аўтар-выканаўца Stoppok (Нямеччына).

– Так атрымалася, што кліп аб'яднаў тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне і тых, хто перад сцэнаю, – кажа Лявон Вольскі. – Людзі, якія ахвяроўвалі грошы, – яны з розных краінаў, маюць розныя прафэсіі, розны ўзрост, розны жыцьцёвы досьвед. Музыкі – таксама з розных гуртоў, з розных краінаў,  граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне падаецца, што інтэграцыя – аб'яднаньне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі – гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, узаемаразуменьне – тое, што мусіць усіх нас выратаваць.

8 траўня Лявон Вольскі з беларуска-нарвежскім калектывам прадставіць у Вільні вялікую праграму «172», якая ахопіць усе перыяды яго творчасці: ад гурта «Мроя» да найноўшага сольнага альбома «Псіхасаматыка». Кошты квіткоў: танцпляц – 49 руб., месца за столікам – 69 руб. Інфармацыя па квітках і аўтобусных турах на сайце www.turmuz.by.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)