Политика
Святлана Адзінец, Еўрарадыё

Спусціўшыся з неба ў Варшаве, Лябедзька абвесціў перадвыбарчую праграму АДС

29 траўня ў Варшаве беларуская апазіцыя заявіла, што байкоту восеньскіх парламенцкіх выбараў не будзе, прадставіла сваю праграму на выбары і прадэманстравала адзінства. Забытыя супярэчнасьці паміж Рухам “За Свабоду”, Партыяй БНФ, сацыял-дэмакратамі, АГП і камуністамі. Аб’яднаную беларускую апазіцыю ў Польшчы прымалі на высокім дзяржаўным узроўні – сейм, сенат, урад, канцылярыя прэм’ера. “Еўрарадыё” пацікавілася ў палітыкаў, ці збіраюцца яны перамагаць і як менавіта.

У Варшаву на запрашэнне Цэнтру міжнародных стасункаў прыехалі лідэры старэйшай хвалі беларускае апазіцыі: Лявон Баршчэўскі (лідэр Партыі БНФ), Сяргей Калякін (лідэр апазійцыйных камуністаў), Віктар Карніенка, адзін з кіраўнікоў Руху “За свабоду!” , Анатоль Ляўковіч ад сацыял-дэмакратаў Казуліна, Анатоль Лябедзька, які ад імя усіх дэмакратычных сілаў заявіў, што на выбары яны пойдуць, і пойдуць разам.

Лябедзька: “Рашэнне прынятае. Мы сказалі “Не!” байкоту. Мы прынялі рашэнне пра абмежаваны, але вельмі актыўны ўдзел у выбарах. Мы пакінулі за сабою права зняць кандыдатаў, калі не будзем дапушчаныя да падліку галасоў. Байкот выбараў ва ўмовах

Беларусі не дасць Аб’яднаным дэмакратычным сілам шмат плюсаў. Мы прынялі дакумент, які падпісалі 8 палітычных стурктураў. У адпаведнасці з гэтым дакументам мы ўзгаднілі адзіны спіс: 110 акругаў, 110 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія прадстаўляюць 11 палітычных і грамадскіх аб’яднанняў. Цяпер мы ўхвалілі галоўны мэсэдж, з якім мы пойдзем на выбары: “Грамадскі і грамадзянскі канроль над уладай”.

Сяргей Калякін распавёў пра праграму візіту:

Калякін: "У нас была сустрэча ў Міністэрстве замежных справаў. Кіраўнікі дэпартаментаў пыталіся, як мы ставімся да новай ініцыятывы польскага ўраду новых усходнееўрапейскіх суседзяў, скарыстанне вялікіх сродкаў на Усходнюю Еўропу, у тым ліку на Беларусь, і каб Беларусь была ўключаная ў гэтую праграму “Новыя суседзі”, бо мы былі выключаныя з яе. Была сустрэча з маршалкам Сейму Богданам Барусэвічам, з намеснікам міністра культуры. Наперадзе сустрэча з міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім і ў канцылярыі прэм’ер-міністра”.

Дэлегацыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў дамовілася з каналам “Белсат”, які вядзе вяшчанне на Беларусь, аб стварэнні пры тэлеканале Грамадскай рады. Журналісты “Еўрарадыё” запыталіся, ці не будзе гэта кантролем палітыкаў над журналістамі, на ўзор Аляксандра Лукашэнкі і яго БТ.

Калякін: “Рада патрэбная, мы пра гэта дамовіліся з “Белсатам”. Гэта не наглядальная, а хутчэй праграмная рада, якая б магла даваць канкрэтную дапамогу, звязваць канал з думкаю гледача, прапануе парады і карысную крытыку для развіцця “Белсату”. Сёння мы бачым, што “Белсату” патрэбнае іншае фінансаванне, а не толькі польскае. І мы можам гэта зрабіць, мы можам выступіць лабістамі гэтай справы”.

Спадар Калякін скрытыкаваў ліст малодшых калегаў на адрас польскага ўраду са скаргамі на “Еўрарадыё” і Радыё “Рацыю”.

Калякін: "Гэтыя людзі не ведаюць, што такое дэмакратыя. Трэба ім патлумачыць".

Анатоль Лябедзька на пытанне, калі ж апазіцыя нарэшце будзе перамагаць, а не толькі браць удзел, папракнуў саміх крытыкаў, заявіўшы, што тыя нічога не робяць для дэмакратыі ў Беларусі.

Лябедзька: “Я не пагаджуся з пастаноўкай пытання. Бо наш удзел у палітыцы абыйшоўся вялікім коштам. Мы заплацілі за яго жыццямі Ганчара і Захаранкі, а тысячы людзей прайшлі праз турмы. Калі назвываць гэта жаданнем паўдзельнічаць, то я з гэтым не пагаджаюся".

Напрыканцы невыязны сп. Лябедзька распавёў, як ён умудрыўся выехаць з краіны: “Я прызямліўся з неба. А калі сур’ёзна, то яшчэ ёсць спосабы выехаць праз Расію, напрыклад. Ёсць звесткі, што для Расіі складаюцца чорныя спісы тых беларусаў, каму ўлады хочуць перакрыць выезд. Але гэта ўжо будзе іншая сітуацыя. Яна будзе азначаць, што Расія дапамагае суседу уціскаць унутраную апазіцыю, іншадумцаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)