Политика

Сівіцкі: Каб не Лукашэнка, мы б даўно жылі ў сапраўднай «саюзнай дзяржаве»

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкi лічыць, што Менску трэба рыхтавацца да сур’ёзнай канфрантацыі з Расеяй, паведамляе Радыё Свабода.

Арсень, вы гэтымі днямі, напэўна, жывяце ў рэжыме «я ж казаў» — маецца на ўвазе, што апошнія падзеі, магчыма, даюць пацьверджаньне вашым прагнозам і папярэджаньням аб узмацненьні палітычнага ды эканамічнага ціску Расеі і зьмяненьні Масквой фармату адносінаў зь Беларусьсю. Ці ўспрымаеце вы апошнія падзеі ў гэтым ракурсе — кардынальных зьменаў у расейска-беларускіх адносінах? Ці гэта ня зьмены, а традыцыйныя рытарычныя гульні?

— Так, сапраўды, сыгналы, якія ідуць з Крамля апошнімі днямі — па сутнасьці, гэта пацьверджаньне тых прагнозаў, якія даваў я і наш цэнтар. Мы сапраўды бачым узмацненьне ціску на Беларусь — і гэта ня толькі палітычны і эканамічны ціск, але і вайсковы і інфармацыйны. Гэта зьвязана з тым, што Расея пераглядае характар адносінаў зь Беларусьсю.

Масква спрабуе перафарматаваць характар адносінаў такім чынам, каб стварыць «саюзную дзяржаву» паводле прынцыпаў асымэтрычнага партнэрства. Калі дамова 1999 году прадугледжвала стварэньне саюзу паводле прынцыпу раўнапраўных бакоў, то відавочна, што цяпер Расею такі фармат не задавальняе. І Крэмль спрабуе з дапамогай ціску прымусіць Беларусь да такой несправядлівай і асымэтрычнай інтэграцыі з адзіным цэнтрам прыняцьця рашэньняў.

— А што нелягічнага ці неадпаведнага падпісаным раней дакумэнтам у цяперашніх патрабаваньнях ці прапановах Крамля? Усё гэта існуе ў падпісаных Менскам дакумэнтах.

— Гэта так. Але ў 2000-х гадах, калі да ўлады прыйшоў Пуцін, гэты праект быў пастаўлены на паўзу абодвума бакамі. Па сутнасьці, сэнс дамовы зьвёўся да таго, што Беларусь прымае ўдзел у інтэграцыйных працэсах разам з Расеяй, не імкнецца ўступіць у Эўразьвяз і НАТО — а ўзамен атрымлівае пэўныя дывідэнды з боку Расеі. Гэта інтэграцыйныя зьніжкі на энэрганосьбіты, доступ на расейскі рынак і фінансавая падтрымка. Цяпер мы назіраем, што Расея гэтыя прывілеі вельмі сур’ёзна пераглядае і скарачае.

Пры тым, што Беларусь як заставалася, так і застаецца ў інтэграцыйных структурах з Расеяй — Менск ня мае ніякіх плянаў выходзіць адтуль. Тым больш няма плянаў уступаць у Эўразьвяз ці НАТО. То бок мы ў сытуацыі, калі Беларусь выконвае свае абавязаньні, а Расея перастае іх выконваць. Таму паўстала пытаньне перагляду «саюзнай дамовы». Тое, на чым цяпер Расея настойвае, якраз зьвязана з канстатацыяй новай рэальнасьці.

Ёсьць таксама праблема 2024 — праблема транзыту ўлады ў Расеі, калі скончыцца прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна. Згодна з адным з сцэнараў прадугледжваецца стварэньне саюзнай дзяржавы з адзіным цэнтрам у Маскве, на чале з Уладзімерам Пуціным або ягоным пераемнікам. На жаль, гэта ўсё сур’ёзна, і трэба рыхтавацца да сур’ёзных раўндаў канфрантацыі з Расеяй, дзе магчымыя самыя розныя сцэнары, у тым ліку і сілавыя.

— Як бы вы ацанілі сёньняшнюю рэакцыю Лукашэнкі — наколькі яна была рашучай ці ўсё ж досыць дыпляматычнай? У 2002 годзе, калі Ўладзімір Пуцін прапанаваў Беларусі ўступіць у РФ шасьцю губэрнямі, рэакцыя Лукашэнкі была больш жорсткая.

— Нягледзячы на эмацыйную сутычку паміж Лукашэнкам і Пуціным некалькі дзён таму, відавочна, што Менск карэктуе сваю рыторыку і пазыцыю. Перш за ўсё гэта зьвязана з тым, што мы ня ведаем, чаго чакаць ад Расеі. Выключаць нельга ніводнага сцэнару. Гэта дыктуе неабходнасьць рэагаваць дыпляматычна і збалянсавана.

— А чаму Масква вырашыла пайсьці ў наступ? Ці яны адчулі, што пазыцыі Лукашэнкі аслаблі, ці яны адчулі, што сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі аслабла?

— У Расеі скарачаецца рэсурсная база. Гэта зьвязана з даволі жорсткімі геапалітычнымі абставінамі і структурным крызісам расейскай эканомікі. На гэтым фоне аб’ектыўна, што магчымасьці Расеі даваць інтэграцыйныя субсыдыі скарачаюцца. Але паралельна з тым ва ўнутранай палітыцы адбыўся пераход да мілітарысцка-мабілізацыйнай мадэлі, якая патрабуе дэманстрацыі пэўных посьпехаў, перш за ўсё замежнапалітычных. Празь Беларусь расейскія эліты хочуць вырашыць свае ўнутрыпалітычныя праблемы.

Відавочна, што з гледзішча крамлёўскіх стратэгаў Беларусь — гэта самы просты варыянт. І рэйтынг узьняць, і прадэманстраваць новыя посьпехі. Але ёсьць адзін чыньнік, які блякуе рэалізацыю гэтай глыбокай вайскова-палітычнай інтэграцыі. Гэта фігура Аляксандра Лукашэнкі, які выступае гарантам незалежнасьці і сувэрэнітэту і які не зьбіраецца ісьці на такія саступкі, якія прывялі б да страты незалежнасьці. І гэта нараджае напружанасьць, якая выражаецца ў розных формах — нават вайсковы ціск, калі казаць пра разгортваньне расейскіх войскаў на мяжы зь Беларусьсю. Усё гэта накіравана на тое, каб падарваць волю Лукашэнкі і беларускіх элітаў, накіраваную на абарону сувэрэнітэту.

Таму ў Маскве адкрыта кажуць пра самыя розныя сцэнары, у тым ліку і сілавыя. І той факт, што яны абмяркоўваюцца даволі адкрыта, кажа пра вельмі сур’ёзныя зьмены ў адносінах паміж Менскам і Масквой, пра тое, што ўспрыняцьце Беларусі вельмі сур’ёзна зьмянілася ў расейскім грамадзтве. У Крамлі падлічылі ўсе субсыдыі і думаюць, што яны ўсю Беларусь ужо купілі. І адзіны чыньнік, які не дазваляе ім валодаць Беларусьсю, — гэта ўлада Аляксандра Лукашэнкі, які праводзіць самастойную палітыку.

— Хіба ня сам Лукашэнка сваёй палітыкай інтэграцыі з Расеяй усё зрабіў дзеля таго, каб Беларусь прыйшла да такога стану залежнасьці ад Расеі, які мы маем цяпер?

— З аднаго пункту гледжаньня — так. Але зь іншага — а якія былі яшчэ варыянты? Хутчэй за ўсё, калі б не Лукашэнка, то быў бы больш прарасейскі палітык, які б яшчэ хутчэй інтэграваўся з Расеяй. Мы б ужо даўно жылі ў рэальнай саюзнай дзяржаве з цэнтрам прыняцьця рашэньняў у Маскве.

Таму я б так крытычна ня ставіўся да вынікаў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што ён сапраўды абвясьціў курс на інтэграцыю з Расеяй, яна ажыцьцяўлялася такім чынам, каб адстойваць нацыянальныя інтарэсы, сувэрэнітэт і незалежнасьць. На сёньня няма падстаў казаць, што калі б былі іншыя палітыкі ва ўладзе, то яны б здолелі адстойваць нацыянальныя інтарэсы больш эфэктыўна.

— Калі паўстае рэальная ці ўяўная пагроза незалежнасьці, звычайна ў краіне адбываюцца працэсы яднаньня ў грамадзтве. Улада робіць крок насустрач розным слаям грамадзтва. Беларуская ўлада шмат гадоў такіх крокаў насустрач найбольш незалежна арыентаванай частцы грамадзтва не рабіла. Ці можа яна зараз працягнуць руку гэтай частцы беларускай супольнасьці?

— Калі сытуацыя будзе разьвівацца па даволі радыкальным сцэнары (уявім, што адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з Пуціным, дзе ніякай дамовы ня будзе заключана) — мне падаецца, што гэта прывядзе да таго, што Менск пачне ня толькі больш актыўна дывэрсыфікаваць замежную палітыку, але і пачне праводзіць эканамічныя рэформы. Безумоўна, гэта таксама падштурхне ўлады шукаць падмурак для новага сацыяльнага кантракту. Бо сёньняшняя сацыяльна-эканамічная мадэль у крызісе і больш ня можа выконваць свае функцыі.

Почем российский «налоговый маневр»

А для новага сацыяльнага кантракту трэба шукаць тую групу насельніцтва, на якую трэба будзе абапірацца. І гэта, безумоўна, тая частка грамадзтва, якая адданая ідэі незалежнасьці, прыхільнікі рэформаў. Гэта каля 50 працэнтаў беларусаў на сёньня, калі абапірацца на незалежную сацыялёгію. Усё залежыць ад таго, наколькі эфэктыўна ўлада скарыстаецца гэтымі магчымасьцямі, зразумее «новую нармальнасьць» у адносінах з Расеяй — што мы, па сутнасьці, перастаём быць саюзьнікамі і пераходзім да «кантрактных» адносінаў. І гэта патрабуе сур’ёзнай працы, у тым ліку кадравай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)