«Сітуацыя дзіўная, нават дзікая атрымліваецца»
Амбасадар Швэцыі ў Беларусі і вялікі прыхільнік беларускай музыкі Стэфан Эрыксан выказаўся праз «Тузін Гітоў» наконт забаронаў канцэртаў айчынных выканаўцаў: «Сытуацыя нейкая дзіўная, нават дзікая атрымліваецца. Самыя таленавітыя і цікавыя беларускія артысты ня могуць выступаць у сваёй краіне! Мне нават цяжка растлумачыць швэдам, што такое магчыма!»

17 сакавіка Стэфан Эрыксан зьбіраўся пайсьці на канцэрт "Крамбамбулі" ў паб-клюб "Госьці". "Для мяне падобныя імпрэзы заўжды вялікае сьвята і я засмуціўся, калі даведаўся, што зноў па нейкіх надуманых прычынах забаранілі выступ аднаго з самых яскравых беларускіх музычных гуртоў. На жаль, гэта ня першы падобны выпадак за апошні час. Сытуацыя нейкая дзіўная, нават дзікая атрымліваецца. Самыя таленавітыя і цікавыя беларускія артысты ня могуць выступаць у сваёй краіне! Мне нават цяжка растлумачыць швэдам, што такое магчыма! Гэтыя людзі павінны быць гонарам краіны! Хаця да канца ня хочацца верыць, што сапраўды нейкі чорны сьпіс існуе… Мабыць, хтосьці дзесьці хоча перастрахавацца… Перакананы, што тыя беларускія музыкі і артысты, якія ствараюць нешта вартае, усё роўна данясуць сваю творчасьць да публікі. Веру, што ў Беларусі знойдуцца людзі, якія гатовы сумленна дамагацца справядлівасьці, каб беларусы змаглі ўжывую пазнаёміцца са сваімі героямі", — заўважыў Стэфан Эрыксан у інтэрвію "Тузіну Гітоў".
Тым часам, апынулася пад пытаньнем правядзеньне канцэрта гурта "Ляпіс Трубяцкой" у Менску 1 і 2 красавіка. Усе квіткі на абодва выступы раскупленыя, але яго арганізатары ня могуць пакуль з пэўнасьцю сказаць, што мерапрыемства адбудзецца. А толькі што стала вядома, што канцэрт "Ляпісаў" у Магілёве 20 сакавіка адменены.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное