Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Таццяна Гусева

«Сістэма каардынат Лукашэнкі зменіцца, а добры пісьменнік застанецца»

У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч распавёў пра тое, як ён даў аўтограф Байрану, чаму нашым паэтам могуць зайздросціць замежныя калегі, і як ён змагаецца з дыктатарам у сабе.

«Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў

і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы, бо мае шмат іншых справаў.

Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы, калі верыць мапе:

ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына ляжыць на канапе».

Калі ўпершыню пачула гэтую песню на словы Хадановіча, думала, абавязкова запытаю жонку паэта, які ён у побыце. І вось я ва ўтульнай кухні паэта, перакладчыка і барда. Гаспадар частуе мяне гарбатай, а ягоная гарэза-дачушка Аленка сядзіць побач са мной і гуляецца ў журналістку, кладзе градуснік побач з маім дыктафонам.

— Марына, скажыце праўду, верш пра беларускіх мужчын Хадановіч з сябе пісаў?

— Жахлівыя мужы-паэты ў побыце, бо ім заўсёды хочацца што-небудзь пісаць, ствараць у той момант, калі, напрыклад, трэба папыласосціць ці вынесці смецце — гэта класіка жанра, — смяецца Марына.

— А калі не трэба пыласосіць, часам і муза спакойная, — парыруе Андрэй.

— Але ён гераічна кідае свае заняткі і пачынае рабіць хатнія справы, — працягвае Марына. — Адзінае, што звышгераічных, кшталту рамонту пыласоса ці кампутара, я ад Андрэя не патрабую. На гэта тэхнічныя мазгі патрэбныя, а не паэтычныя. А каб выйсці на гадзінку, а вярнуцца праз тры дні — такога не бывае.

— Асцярожна. Не падавай мне ідэяў! — радасна падхоплівае Хадановіч.

— А яшчэ ні ў мяне, ні ў Андрэя няма правоў. Ездзім мы звычайна грамадскім транспартам, таму машына мне не суперніца, — гаворыць Марына.

— А тым дзяўчатам, якія мараць выйсці замуж за паэта, вы б што параілі?

— Памятаеце эпізод у фільме «Москва слезам не верит», калі гераіня Мураўёвай глядзіць на вельмі прывабнага генерала, якога бярэ пад ручку і ўводзіць ад яе нейкая цётка. «Ну, вось чаму, чаму мне не сустракаюцца ў жыцці такія генералы?» — пытаецца яна. А яе калега кажа: «Для таго, каб стаць генеральшай, трэба выйсці замуж за лейтэнанта, ды паматацца з ім па гарнізонах…».

Гісторыя нашых стасункаў пачалася з першага курса, з адной парты. Я памятаю Андрэя, калі ён яшчэ не быў беларускім паэтам. Ён быў студэнтам-філолагам рускага аддзялення. Пісаў вершы на рускай мове. Калі я выходзіла за яго замуж, часопіс « ARCHE» пісаў пра паэтычнае адкрыццё 1998 году Андрэя Хадановіча. То бок я ўжо выходзіла замуж за “адкрыццё”.

— Марыну часопіс «ARCHE» папярэдзіў, але ніхто не папярэджваў маю маму, якая прыехала ў 16 год з Расіі, пабралася шлюбам з беларускім хлопцам, потым чытала дзіцёнку казкі Пушкіна, а ён вырас – і такую свінню падкладае, ператвараецца ў беларускамоўнага, — дадае іранічным тонам Хадановіч.

Марына: — Мама Андрэя дагэтуль паглядае на сына і думае, як такое атрымацца магло. Але, безумоўна, ганарыцца ім і дзівіцца таму, што ў яе нарадзіўся беларускі паэт.

Трапіць у госці да Хадановічаў было няпроста. На сутрэчу я дамаўлялася з Марынай, бо ў самога гаспадара сямейства няма мабільнага тэлефона. Дакладней, ёсць, але ён ім карыстаецца выключна ў замежных паездках. І вось з-за гэтых вандровак застаць дома гаспадара на працягу некалькіх месяцаў аказалася немагчымым.

— У мяне заўсёды была патрэба ў падарожжах, — прызнаецца Андрэй. — Гэта дае магчымасць знаходзіць новых сяброў і знаёмых, бачыць новыя твары слухачоў альбо суразмоўнікаў, глядзець на іншыя кавалкі свету. Мая ангельская застаецца ўсё такой жа кепскай, але – парадокс – я ўсё лепей на маёй кепскай ангельскай размаўляю.

У мінулым годзе я правёў месяц у Парыжы, каля тыдня ў Брусэлі, пару дзён у Стакгольме. Ездзіў у Паўднёвую Карэю і каля трох месяцаў правёў у ЗША.

— Марына, вы адчуваеце сябе жонкай капітана далёкага плавання? — пытаюся ў гаспадыні, якая завіхаецца на кухні з цестам.

— Часам адчуваю. Але калі ёсць такая магчымасць, Андрэй стараецца нас з дачкой вазіць з сабою. Аленка Андрэеўна ездзіць з намі прычэпам і на семінары, і на паэтычныя фестывалі. А калі Андрэй атрымаў стыпендыю ў Парыжы, мы з Аленкай прыязджалі да яго на тыдзень, і гэта было цудоўна.

Я прызвычаілася да ягоных падарожжаў. Бачу, што паездкі плённыя для Андрэя. Існаванне дома, хатняя гаспадарка — яны часам замінаюць творчасці. Часам перашкоды бываюць вясёлымі, калі Аленка лезе за кампутар, перашкаджаючы працаваць, і планы што-небудзь перакласці ці напісаць адкладаюцца. Часам — сумнаватыя, калі, напрыклад, у дачкі вушка пачынае балець, вось, як сёння.

З дачушкай Аленкай

— Андрэй, раскажыце, калі ласка, што ведаюць пра беларускую літаратуру ў свеце?

— У 2008 годзе ў мяне адбылося першае падарожжа далёка за межы Еўропы. Пачалося ўсё са знаёмства ў Берліне з калумбійскім паэтам Фернанда Рэндонам. У сябе на радзіме ён вядомы як змагар з карупцыяй і наркамафіяй, але па знешнім выглядзе мог бы сысці і за тых, з кім ён змагаецца. Прынамсі ягоныя ангельскамоўныя лісты стваралі лёгкі мафіёзны флёр. Яны пачыналіся зваротам «дарагі брат», а заканчваліся словамі «з братэрскімі абдымкамі…». Ад яго я атрымаў запрашэнне прыехаць на адзін з самых вялікіх паэтычных фестываляў свету, які адбываецца ў Калумбіі ў горадзе Медыджыне.

Мяне мама адгаворвала, жонка папярэджвала, што там можа быць, але я пайшоў на гэтую авантуру.

На фестывалі я ўпершыню пабачыў на адной сцэне в’етнамцаў, індусаў, зімбабвійцаў, самых розных лацінаамерыканцаў. Хіба што антарктычных пінгвінаў з іх вершамі не бачыў, — усміхаецца Андрэй. — Я быў адзіным прадстаўніком свайго рэгіёну і, здаецца, першым у шматгадовай гісторыі фестывалю беларусам. Пасля першых гала-чытанняў, раздаўшы першыя аўтографы, я з трымценнем пачынаю гартаць каталог фестывалю з вершамі кожнага ўдзельніка. Радасна праглядаю старонкі, прысвечаныя Еўропе. Вось я бачу Бельгію, якая мусіць быць дзесьці побач, але на суседніх старонках ніякай Беларусі няма.

Я пачынаю нервавацца, праглядаю змест у алфавітным парадку і з жахам разумею, што краіна Беларусь разам са мной змешчана ў азіяцкай частцы гэтага зборніка. Пра Беларусь калумбійцы не ведалі нічога! А між тым яны далёка не дурні і не лайдакі. Для іх фестываль — галоўная культурная падзея года. Медыджын — горад, супастаўны па тэрыторыі з Менскам. Я яшчэ не ведаў, што гэта галоўны горад у Калумбіі, звязаны з наркатрафікам, і як вынікае, з высокім узроўнем злачыннасці. Але для мяне ён застаўся горадам паэзіі.

Раней я наіўна ганарыўся, калі мне ў Беларусі ўдавалася сабраць на сваю прэзентацыю пяцьсот чалавек, а тут раптам пабачыў пяць-шэсць (па то і болей) тысяч чалавек у адным тэатры пад адкрытым небам. Кожны дзень прыходзіла вялікая колькасць людзей. Я ўсё думаў, калі ў іх скончыцца запал. І ніхто нікога не прымушаў, як на канцэрты некаторых беларускіх зорак.

Гледачы вытрымлівалі пяць гадзін чытанняў запар, нават стоячы, калі не хапала месцаў. Аднойчы яны правялі гадзіну ў дажджавіках пад парасонамі. А што такое экватарыяльныя дажджы, можаце сабе ўявіць!

Мы ж, паэты, былі надзейна схаваныя пад навесам, як ганаровыя госці нейкага «Славянскага базару». А вось публіка мокла, але ніхто не сыйшоў.

У мяне на гэта ёсць свая тэорыя: чым далей краіна ад еўрастандартаў, ад супермаркетаў, ад трыумфа дэмакратыі, чым больш праблемных зон у грамадстве, тым большай павагай карыстаецца паэт, калі ён сапраўдны паэт і рэагуе на праблемы грамадства.

Так і нашым паэтам замежныя калегі могуць зайздросціць. У нас на літаратараў звяртаюць увагу, забараняючы, уключаючы пісьменнікаў, разам з рок-музыкамі, у чорныя спісы, а калі спрабуюць падкупіць, то так гнюсна і бяздарна. Вядома, хто ідзе на гэта, а хто — не. У якой-небудзь усходняй постсавецкай дэспатыі дзеячы культуры з большага куплены і шчыра служаць дыктатарам, а ў нашым выпадку дабро і зло захоўвае мінімальнае падабенства дабра і зла.

Але вернемся да вандроўкі ў Калумбію. Я заўважыў маленькага хлопчыка, які з’яўляўся на паэтычных вечарынах цягам усяго васьмідзённага фестывалю. Калі ён падыйшоў да мяне па аўтограф, я запытаўся, як яго завуць. «Байран», — гаворыць ён. Уявіце сабе, гэтаму хлопчыку ад нараджэння наканавана хадзіць на паэтычныя вечарыны!

Пасля таго, як пабачыў Беларусь у спісе азіяцкіх краінаў, рэшту часу я на сваёй ламанай ангельскай, тлумачыў, дзе насамрэч нашая краіна знаходзіцца, і выбіраў тэксты, дзе ёсць крышачку геаграфіі, каб запомнілі.

Ясна, што ў Еўропе пра нас ведаюць, але выключна з палітычнага гледзішча. Там ты стамляешся паўтараць, што Беларусь — гэта не толькі Лукашэнка, і беларуская культура – гэта не толькі праблема канфармізму альбо, наадварот, наіўнага лабавога супрацьстаяння Лукашэнку. Ёсць у нас аўтары, якія пішуць тэксты, што састарэюць — пры ўсёй павазе да аўтараў — разам з аб’ектам, які спарадзіў гэтае змагарства. А ёсць Алесь Разанаў, які займаецца сапраўднай паэзіяй. Сістэма каардынат Лукашэнкі часовая, а добры пісьменнік — у вечнай сістэме каардынат.

…А калісьці я прыехаў у Амстэрдам. Пасля чытанняў адзін інтэлектуал з Еўропы запытаўся: «Скажыце, калі ласка, які ў вас дзяржаўны лад? У вас манархія ці прэзідэнцкая рэспубліка?». Спачатку я думаў, што ён іранізуе пра абсалютную ўладу Лукашэнкі такім чынам. Але аказалася, ён шчыра не ведаў, ці каралеўства Беларусь. Наступным пытаннем было: «А як завуць вашага прэзідэнта?».

Наступнага дня я трапляю ў букіністычную кнігарню, дзе апошнія грошы патраціў на пару манаграфіяў пра любімых замежных паэтаў. Мы вельмі міла гутарылі з гаспадаром кнігарні, пакуль ён не запытаўся, адкуль я. Пачуўшы адказ, ён кажа: «Не, я ведаю Цэнтральную Еўропу. Няма там ніякай Беларусі!». І раптам я разумею, што гэты вельмі адукаваны чалавек не зрэагаваў на змены, якія адбыліся на пачатку 90-х. Ён мне потым зніжку зрабіў, каб узнагародзіць мяне за інтэлектуальную дыскусію і ўзбагачэнне ягоных геапалітычных ведаў.

Калі я збіраўся ў Амерыку ў мінулым годзе, я загадзя набыў сабе маечку з надпісам “Belarus not found”. Усе цудоўна рэагавалі на яе, але потым, адсмяяўшыся, пыталіся: «Мы зразумелі, што вы хацелі сказаць. Вы нас высцебалі. Мы напраўду нічога пра Беларусь не ведаем. Цяпер расказвайце. Давайце знойдзем вашу згубленую Беларусь».

Пра амерыканцаў, дарэчы, існуе некалькі стэрэатыпаў. Адзін з іх, што яны ўсе тупыя. Але Амерыка вялікая, і там усяго больш. Больш дурных (пры ўсёй павазе да нашых дурняў, якіх таксама нямала), і інтэлектуалаў там больш, і аматараў паэзіі. І Шагала ў Амерыцы больш, чым у Беларусі. У Чыкага цэлы пляц неафіцыйна носіць імя нашага знакамітага суайчынніка, бо на чатыры бакі разгорнутае жывапіснае пано — мазаіка Шагала, вакол якой круцяцца турысты, фатаграфуюць.

…У Сан-Францыска я сустрэў бамжоў, якім можна пазайздросціць. Яны не галодныя, але і не перакормленыя, яны проста могуць не думаць, дзе ўзяць ежы – і вельмі гэтым задаволеныя. Я па-добраму зайздрошчу людзям, якім удаецца быць больш свабоднымі, чым мне. Яны ведаюць, што ўсіх грошай на свеце не зарабіць, але робяць з гэтага радыкальную выснову: дык на халеру ўвогуле працаваць?

Ясна, што ў жыхароў Сан-Францыска ёсць свае праблемы, пра якія мы, турысты, не падазраем. Але ўвогуле Амерыка, нават пасля Заходняй Еўропы, уражвае большай свабодай, але гэтая свабода не перашкаджае пачуццю адказнасці – за блізкіх, за краіну, за свой горад, сваю вуліцу. Гуляючы па Сан-Францыска, а трэцяй ночы апыуўся я на іхнім Брадвеі (там таксама свой Брадвей), дзе мяне аклікнуў чалавек, які шчыра пераняўся, што я так позна на вуліцы. Думаў, што я заблукаў, і падбег да мяне, каб дапамагчы. Такіх людзей там шмат. Амерыка ўражвае сваім стаўленнем да ўлады — абсалютна не халуйскім. Яны ведаюць, што ўлада — гэта частка іх, гэта чыноўнікі, якія працуюць для іх па найме. Калі яны плацяць падаткі, яны хацелі б ведаць, куды і на што яны ідуць. І беларускі жэст прэзідэнта, які нібыта з уласнай кішэні штосьці дастае і кагосьці падтрымлівае, выклікаў бы там рогат. У прэзідэнта няма ўласнай кішэні, у яго ёсць іхнія (ці нашыя) падаткі.

Пакуль Хадановіч натхнёна распавядаў пра свае падарожжы, цестачка ў руках Марыны ператварылася ў рулет, які аказаўся апетытным штрудзелем. Гаспадыня папрасіла нас зрабіць перапынак. І мы не маглі яе не паслухацца.

За дэсертам Хадановіч расказаў усю праўду пра сваю дыету. Некалькі год таму паэт скінуў ажно 27 кіло. Па ягоным прызнанні, зараз ён знаходзіцца паміж станам да пахудзення і пасля.

— Пару год я не ўжываў алкаголю, а потым трапіў у Токіё…— гаворыць Андрэй. — Я мог казаць «не» нават чэскаму піву і са шклянкай даражэйшага за піва таматнага соку назіраць са злосцю, як беларускія літаратары п’юць гэтае піва. Але я не змог сказаць «не» ні японскаму сакэ, ні японскай гарэлцы, ні японскаму слівоваму віну. Бо заўсёды ўзнікае думка, а ці не першы і не апошні раз ты гэта дэгустуеш.

— Андрэй, вы ў «чорным спісе» літаратараў ці не? — галоднаму Хадановічу гэтае пытанне і не наважылася б задаць.

— Сціпла і не адкажаш. Пачну здалёк. Беларуская форма маніі велічы — гэта манія пераследу. І наадварот можна сказаць. Неяк ідзем мы разам з Уладзімірам Някляевым праводзіць заняткі школы маладога літаратара. У той самы месяц насупраць увахода ў офіс, дзе тыя заняткі ладзяцца, спілавалі адно з дрэваў. Насупраць іншых пад’ездаў дрэваў не чапалі. Дык вось супрацоўнікі офісу жартавалі, што так лягчэй за Някляевым назіраць. Я Уладзіміру Пракопавічу кажу: «Дрэва спілавалі з моманту вашага прыходу!». — «Ды ну, не кажы дурное!» — махае рукой спадар Уладзімір. А ў самога аж вочы загарэліся…

Ясна, што ён сціпла аджартаваўся. Але ёсць такая форма чыста беларускага прызнання: часам нянавісць, а часам— зайздрасць. Часам — сістэмнае гнабленне. Калі казаць пра чорныя спісы, думаю, што ў мяне ў розныя перыяды было па-рознаму. Скажам, на пачатку 2000-х мяне актыўна запрашалі на тэлебачанне — барані Божа, без палітычных выказванняў — на канал «Культура». Скажам, каб паразважаць пра аўтарства п’ес Уільяма Шэкспіра. А ячшэ дзесьці ў сярэдзіне 2000-ых на канале «Культура» Беларускага радыё была рубрыка, дзе я раз на тыдзень расказваў пра кніжкі, якія прачытаў.

У сакавіку 2006-га, пасля таго, як я агучыў адзін са сваіх вершыкаў на Плошчы, знаёмая дзяўчына патэлефанавала з «Культуры» і сумным голасам прамовіла: «Спадар Андрэй, мы назаўтра збіраліся з вамі сустрэцца, дык вось не будзе перадачы з вамі пра Джэнет Уінтэрсан». Так цудоўная ангельская пісьменніца стала закладніцай беларускай палітыкі.

Пэўнае табу дзейнічала з 2006 па 2008 год. Але ў выдавецтве Логвінава кніжкі выходзілі, пераклады. Адбываліся прэзентацыі. Той жа “ЛіМ” павінен пра штосьці пісаць, але стыль газеты быў такі: згадваецца замежны аўтар, але не згадваецца яго беларускі перакладчык; згадваюцца замежныя ўдзельнікі фестывалю, але не называюцца пэўныя беларускія прозвішчы.

Нават калі б гэтых чорных спісаў не было ў наяўнасці, яныз пэўнасцю ёсць як сума паранояў і ўнутраных цэнзараў усіх супрацоўнікаў дзяржаўных структур. Гэты чорны спіс ёсць у галаве рэдактара, які беспамылкова выкрэсліць, скажам, прозвішча Барадуліна, нават без спецыяльнага ўціску зверху. Тое самае з прозвішчамі Бураўкіна, Арлова, некаторых іншых. З 2006 па 2008 рука рэдактара не вагалася выкрэсліваць Хадановіча з такіх матэрыялаў.

— А што здарылася ў 2008-ым?

— Ва ўлады ёсць свае гульні. Унутры сістэмы ёсць свае лібералы (ці, хутчэй, тыя, што хочуць здавацца лібераламі) і свае кансерватары, свае аматары бізуна і свае аматары перніка, свае добрыя і кепскія следчыя, якія працуюць тандэмам дзеля агульных мэтаў. У 2008-ым быў кароткі перыяд пернікаў.

Мной актыўна цікавілася «Саўбелка», прапаноўвала друкаваць вершы і даваць інтэрв’ю. Прычым прысылала найбольш сімпатычных мне людзей. У 2006-ым або ў снежні 2010-га, напрыклад, я б на такую сустрэчу не пайшоў, бо яшчэ пытанне — што будзе на суседніх старонках гэтай газеты.

У перыяд пернікаў па ініцыятыве дзяржаўнага выдавецтва рыхтавалася кніга маіх перакладаў. Прадмову напісаў Лявон Баршчэўскі, тагачасны кіраўнік БНФ. Легендарны Міхал Анемпадыстаў афармляў вокладку. Але ў гэтых гульняў ёсць свае межы. У канцы 2008-га года мяне абралі старшынём беларускага ПЭНа. Вось тут была кропка, дзе чаша цярпення перапоўнілася. І раптам спыніліся званкі з выдавецтва. А калі я зрабіў дзяжурны званок, мне пачалі казаць штосьці няўцямнае: «Ведаеце, сітуацыя з накладам змянілася. Мы не можам выдаваць кнігі без спецыяльнай падтрымкі альбо папярэдняй падпіскі. Можаце забяспечыць нам папярэднюю падпіску 500 асобнікаў па бібліятэках?». На гэтым мы ветліва развіталіся.

— Але вам не перашкаджаюць выкладаць на філфаку?

— Так, мяне ніхто не звальняў – ні ў 2006-м, ні нават у 2010-м годзе.

Але пасля прысуджэння шведскім ПЭН-клубам узнагароды імя Тухольскага спадару Някляеву я паехаў на цырымонію і атрымаў за яго дыплом. З гэтага моманту пачалася серыя дробных помстаў з боку розных ананімаў.

У мяне складваецца ўражанне, што як толькі я перасякаю мяжу і даю памежнікам свой пашпарт, як інфармацыя пра гэта адразу трапляе, куды след.

Я шмат езджу, але у мяне ёсць свае працоўныя універсітэцкія абавязкі, якія я нязменна выконваю. Не заўважаў за сабой ніколі, каб не вычытаў нейкіх лекцый. Часам здаралася, калі лекцыя пераносілася, напрыклад, з аўторка на чацвер. Да пары да часу я не меў з гэтым асаблівых праблем, а потым яны пачалі множыцца, як лавіна.

На кожнае перасячэнне мяжы была рэакцыя. Неяк маё кіраўніцтва атрымала ананімку, замаскаваную пад ліст, нібыта напісаны ад першай асобы нейкім Андрэем Хадановічам, які здурэў да такой ступені, што сам расказвае начальству, як ён парушае працоўную дысцыпліну, з’язджаючы кудысьці. У лісце з падробленым подпісам, з граматычнымі памылкамі, гэты прыдуманы Хадановіч пісаў, як ён едзе ў Грузію ці ва Ўкраіну і там хораша ў працоўны час адпачывае, купляе сабе куртку (!)… Далей прыгожая гісторыя пра горад, у які я не ездзіў. Усё ў гэтым лісце было няпраўдай, акрамя аднаго — перасячэння беларуска-украінскай мяжы. Шчыра спачуваю ў такіх гісторыях свайму начальству, якое яшчэ робіць усё, каб паводзіцца прыстойна…

…Я стаўлюся да свайго выкладання як фаталіст. Я не змагу супрацьпаставіць нічога свайму звальненню, калі мяне моцна захочуць звольніць. Мой родны універсітэт плаціць мне столькі, што я магу толькі паўтарыць славутае выказванне Карла Маркса “пра няма чаго губляць”. Бо кожны з нас у Беларусі на дзяржаўнай пасадзе такі сабе эксплуатаваны пралетарый, які атрымлівае заробак, неадпаведны свайму інтэлекту. Гэтая сістэма не мае перніка, якім магла б мяне спакусіць, але не мае і бізуна, якім магла б мяне напалохаць.

З іншага боку, кожны студэнт — прадстаўнік новай маладой генерацыі. Мне цікава, што адбываецца ў свядомасці людзей, маладзейшых за мяне. Уваходзячы ў аўдыторыю і назіраючы за студэнтамі, я шукаю адказ: ці можам мы на штосьці спадзявацца. Ад гэтага досведу мне было б крыўдна адмовіцца. Гэта самае прыемнае, што трымае мяне ва ўніверсітэце. Але, паўтаруся, трэба аддаць гэтай сістэме належнае: у 2006-м я хадзіў у намётавае мястэчка і выканаў пры гэтым сваю працоўную нагрузку – і мяне ніхто не звольніў.

Марына: — Памятаю, як у сакавіку 2006-га звоніць студэнтка. У голасе слёзы: «Скажыце, Андрэя Валер’евіча не звольнілі з працы? А ён прыйдзе да нас заўтра на лекцыі?». Гэта быў такі кранальны званок… Студэнты шчыра пераймаліся за яго.

Андрэй з ранку ішоў на лекцыі, пасля ў мястэчка. Паколькі я была на восьмым месяцы цяжарнасці, ён гадзіне а дванаццатай вяртаўся дахаты, бо я ад яго гэта патрабавала – не заставацца там начаваць.

— Андрэй, у адным інтэрв’ю вы сказалі, што ў нашых апазіцыйных палітыках бачыце маленькіх лукашэнкак, і ў гэтых людзей няма сіл узяць уладу. Але калі б яны яе атрымалі, магчыма, аказаліся б больш таталітарнымі, чым Лукашэнка. Ці змянілася вашая пазіцыя?

— Я кіруюся двумя прынцыпамі: пункт першы — любая палітыка — гэта бруд і прыцягвае людзей пэўнага характару. На жаль, у кожным чалавеку яна праяўляе не найлепшыя якасці. Пункт другі: калі табе падабаецца нейкі палітык, глядзі пункт першы. Значыць, у яго лепшыя іміджмейкеры, чым у яго калегаў, якіх ты раскусіў адразу.

Тым не менш, ёсць сімпатычныя мне людзі, якія “ўляпаліся” ў беларускую палітыку. На выбарах у 2010-ым я галасаваў супраць усіх.

Але мне сімпатычная пазіцыя чалавека, які вычарпаў літаратурныя сродкі свайго ўплыву на беларускае грамадства і апошняй мерай палічыў паход у палітыку. Яго паспяховасць на фоне іншых сведчыць пра тое, што некаторыя прадстаўнікі апазіцыі дзесяцігоддзямі толькі імітавалі заняцце палітыкай. Гэта значыць, што харызматык, таленавіты чалавек з іншай сферы можа прыйсці ў палітыку проста з вуліцы – і іх усіх зрабіць!

Мне здаецца, сярод беларускіх палітыкаў няма чагосьці сярэдняга паміж крайнасцямі. Ёсць альбо людзі, здольныя да нейкага рэвалюцыйнага ўчынку, альбо нааадварот, спакойныя, мудрыя, узважаныя кабінетныя функцыянеры, кшталту спадара Мілінкевіча. Але часам сітуацыя патрабуе пераскочыць праз свой плот і зрабіць штосьці крэатыўна нечаканае. Вось шчаслівага спалучэння лідарскіх здольнасцяў з прыстойнасцю і інтэлектам, якім бы я верыў кожны дзень, на жаль, не бачу. З іншага боку, у мяне ёсць правіла: нікога не асуджаць, асабліва чалавека, які трапіў у горшыя, чым ты, умовы. Ніколі не ведаеш, як паводзіў бы сябе ты.

— А ў вас таксама жыве дыктатар? Як ён праяўляецца?

— Я думаю, што дыктатар жыве ў кожным чалавеку. Ці заўсёды мы спрачаемся дзеля таго, каб пачуць іншага? Ці заўсёды мы задаем пытанні, каб пачуць адказ? Ці адказ будзе харошы той, які супадае з нашым меркаваннем? Я стараюся змагацца са сваім унутраным “лукашэнкам” у зародку. Я разумею ўсіх палітыкаў, якія сварацца, рукі адно аднаму не падаюць, падсрачнікі даюць у адказ, ведаю, што ўсе яны гэтага ў прынцыпе заслугоўваюць.

Дастаеўскі казаў: «Д’ябал з Богам змагаюцца, а поле бітвы – душы людзей». У кожным з нас у нейкі момант перамагаюць белыя ці чорныя фігуры. У палітыцы чорныя фігуры перамагаюць нашмат часцей, чым у іншых сферах. Чаму беларуская тэрыторыя літаратуры адносна спакойная? Возьмем нашых старэйшых калегаў, якія ў савецкія часы прывыклі да сітуацыі літаратуры-кармушкі. У часы перабудовы яны перасталі пісаць пра Леніна. Веру, што яны шчыра змянілі свае думкі, адкрылі для сябе новыя каштоўнасці. Цяпер гэтыя людзі бурчаць, што раней дзяржава падтрымлівала культуру і беларускую літаратуру ў прыватнасці. Але ўсякі таталітарызм у XX стагоддзі спрабаваў спакусіць, падмануць, выкарыстаць і выплюнуць творцаў. Часам інтэлектуалы давалі сабе на кароткі час задурыць галаву, падмануцца... І гэтыя людзі сёння будуць наракаць, што няма кармушкі! І дзякуй Богу, што сённяшняя ўлада калгасная настолькі, што не разумее магчымасцяў слова. Яны прыдумалі марыянеткавы саюз пісьменнікаў, які не здольны стварыць нешта сваё і толькі займае чужую тэрыторыю. Яны гуляюцца ў біятлон, а не ў культуру, ім не цікавая беларуская мова як мова школьнага навучання. Так, гэта небяспека для мовы, для культуры ў масштабе краіны, але разам з тым для кожнай творчай асобы гэта дадатковы шанец не шукаць выгады, а застацца самім сабой.

— Калі спытацца на вуліцы, каго вы ведаеце з сучасных беларускіх літаратараў, баюся, што людзі будуць называць памерлых творцаў альбо тых аўтараў, якіх вывучалі ў школе. Што магло б пераламіць гэтую сітуацыю і вывесці беларускую літаратуру з гета?

— З кожным днем літаратура ў свеце маргіналізуецца, а ў самой літаратуры асабліва маргіналізуецца паэзія. Але ў Беларусі тое, што ўмеюць і могуць рабіць літаратары, не да канца адпавядае гэтым сусветным працэсам. Найлепшая частка найбольш крэатыўных беларускіх пісьменнікаў на сёння ведае пра паэзію больш, чым пра тое, як зрабіць харошы чытабельны сучасны раман. Элементарная эканоміка. Раз-пораз пішучы ў блог верш, існаваць, матэрыяльна выжываць прасцей, чым засяродзіцца на напісанні 600-старонкавага раману. Вось, скажам, маладая пісьменніца Юлія Шарова выдала ў электроннай версіі свой дэбютны раман, але ў яе працэс напісання і давядзення да ладу заняў каля дзесяці гадоў. Я разумею, што жыццё сёння ў Беларусі не спрыяе таму, каб маладыя пісьменнікі пісалі тоўстыя раманы.

На Захадзе літаратурай цікавяцца не больш, чым у Беларусі, і сур’ёзная літаратура займае не большае месца сярод мора абы-чаго. Але там прыдумалі пэўныя сістэмы сацыяльнай падтрымкі літаратара, які не вытрымлівае рынкавай канкурэнцыі. А гэта большасць паэтаў, аўтараў раманаў – не бестсэлераў. Не могуць усе пісаць пра Гары Потэра. Не могуць усе сур’ёзныя пісьменнікі зайграваць з масавай культурай і ставараць поп з інтэлектуальнага прадукта, як Умберта Эка. Аднаму ўдаецца, а тысячам іншых — не. Але для іх існуюць выступы на кніжных кірмашах і літаратурныя чытанні, дзе кожны атрымлівае ганарар, не меншы за ўсталяваны стандарт. Магчымасць творчых стыпендый дазваляе заходняму пісьменніку не рабіць абы-што любой цаной, каб заваяваць свае пяць капеек на рынку ці пятнаццаці хвілін уорхалаўскай славы, а рабіць тое, што ён рэальна хоча і бачыць сваёй задачай.

У амерыканскіх універсітэтах ёсць спецыяльнасць creative writing. Для студэнтаў праводзяць майстар-класы пісьменнікі, якія могуць атрымліваць з гэтага някепскія фінансавыя дывідэнды. Вельмі актыўна паэтаў і празаікаў запрашаюць на універсітэцкія чытанні, сустрэчы са студэнтамі, лекцыі. Такая падтрымка не дасць літаратарам памерці з голаду, як гэта часта адбывалася з найлепшымі пісьменнікамі розных эпох. Можа быць, таму буржуазная дэмакратыя з усімі сваімі бясспрэчнымі недахопамі для мяне меншае зло, чым тое, што існуе ў нас.

Сёння беларускі пісьменнік не абаронены нічым, апроч сумнеўных дзяржаўных падачак у сваёй краіне, якія чалавек з сумленнем наўрад ці захоча ўзяць. Але, як бы ні было кепска добрым беларускамоўным пісьменнікам, яшчэ горш, магчыма, у Беларусі іх рускамоўным калегам, якія не ёсць пры гэтым генераламі міліцыі і рознай ступені прадажнасці графаманамі. У іх ёсць каштоўнасці, якія моцна разыходзяцца з беларускай уладай. Дзе гэтым людзям друкавацца?

Яны аказваюцца не патрэбныя ні дзяржаўным структурам, але яны не ёсць да канца сваімі ў асяродку беларускамоўнай інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой з падазронасцю ці зайздрасцю будуць глядзець на іх. Нельга ж уголас прызнацца, што проста зайздросціш поспеху Святланы Алексіевіч, якая перакладаецца на ўсе магчымыя мовы і збірае прэміі. Лепей сказаць, што яна “не наша”.

Некаторыя мае калегі кажуць, што беларускі пісьменнік – гэта выключна той, хто піша на беларускай мове. Прычым кіруюцца падвойнымі стандартамі, бо тыя ж людзі будуць казаць: Адам Міцкевіч — гэта наш, беларускі аўтар. Хацелася б канчаткова паздымаць усе гэтыя дурацкія падзелы па моўным прынцыпе. І Міцкевіча хопіць на ўсіх: і палякам, і літоўцам, і беларусам. Былі б харошыя пераклады. І рускамоўныя літаратары, якія жывуць у Беларусі, пішуць пра Беларусь і, галоўнае, самі лічаць сябе беларускімі літаратарамі – безумоўна, нашы. А калі яны яшчэ і таленавітыя – то гэта проста скарб, адмаўляцца ад якога – чыстая дурасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)